род кветкавых раслін сям. акантавых. Каля 90 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках Афрыкі і паўд.-ўсх. Азіі ў вадаёмах, на балотах і інш. вільготных месцах; некаторыя віды трапляюцца як пустазелле на рысавых палях. На Беларусі ў акварыумах культывуюць найчасцей гігрофілу шматнасенную (H. polysperma), зрэдку азёрную (H. lacustris) і гвіянскую (H. guianensis).
Шмат- або аднагадовыя водныя травяністыя расліны з прамым або ўзыходным сцяблом. Кветкі сабраны невял. групамі, рэдка адзіночныя, у пазухах лісця або ў канцавых суквеццях, гермафрадытныя. Плод — каробачка. У гігрофілы шматнасеннай каранёвая сістэма развіта слаба, сцябло доўгае, тоўстае; паветранае лісце простае, вузкае, доўгае, размешчанае супраціўна парамі, апушчанае ў ваду. Лепш расце ў мяккай, слабакіслай вадзе пры т-ры 22—24 °C. Размнажаецца чаранкамі і грунтавымі парасткамі.
дапаможная візуальная аптычная труба. Замацаваны на тэлескопе так, што аптычныя восі яго і тэлескопа строга паралельныя. Выкарыстоўваецца пры фатаграфаванні нябесных свяціл — для перамяшчэння трубы тэлескопа ці інш.астр. прылады згодна з сутачным вярчэннем нябеснай сферы. Фотагіды аўтаматычна ўтрымліваюць відарыс нябеснага цела на фіксаваным месцы фотапласцінкі.
ГІДА́ЛЬГА, малая планета № 944. Дыяметр 43 км. Адлегласць ад Сонца 1,9—9,7 а.а. Мае самую вял. паўвось арбіты сярод вядомых малых планет; нахіл і эксцэнтрысітэт арбіты 42,5° і 0,66 адпаведна. Перыяд абарачэння вакол Сонца 13,7 года. Адкрыта В.Баадэ (Германія, 1920).
ГІДАТО́ДЫ [ад грэч. hydōr (hydatos) вада + hodos шлях],
вадзяныя вусцейкі на лісці раслін, якія забяспечваюць выдаленне з расліны кропельна-воднай вільгаці і солей (гутацыю). Утвораны комплексам клетак і размешчаны часцей за ўсё па краях ліста, на зубчыках. Выдаленне вады праз гідатоды ідзе пасіўна, пад уплывам каранёвага ціску, ці актыўна, з дапамогай эпітэмы (парэнхіма ліста непасрэдна пад гідатодамі з буйнымі міжклетнікамі). Гідатоды характэрныя для раслін, пашыраных у вільготным клімаце. Функцыю гідатодаў могуць выконваць спец. залозістыя валаскі.
ГІ́ДАШ ((Hidas) Антал) (18.12.1899, в. Гёдзёлё, Венгрыя — 1980),
венгерскі пісьменнік. У 1920 эмігрыраваў у Чэхаславакію, у 1925 у СССР, дзе ў 1938—44 быў рэпрэсіраваны; рэабілітаваны ў 1955. У 1959 вярнуўся ў Венгрыю. Аўтар зб-каў вершаў «На зямлі контррэвалюцыі» (1925), «Масква — Радзіма» (1934), «Вуліца Язміну» (1960), «Сумуем па табе» (1968), раманаў «Пан Фіцэк» (1936), «Мартан і яго сябры» (1959) і інш., кн. «Шандар Пецёфі» (1949). Паэтыцы Гідаша ўласцівы спалучэнне дэкламацыйна-агітацыйнага пачатку з лірыка-драматычным, рэалізму з элементамі экспрэсіянізму. На венг. мову перакладаў вершы Я.Купалы, а таксама рус. і ўкр. паэзію. На бел. мове выйшла яго кн. «Венгрыя спраўляе ўрачыстасць» (1933). Дзярж. прэмія імя Л.Кошута 1962.
у грэчаскай міфалогіі пачварная 9-галовая змяя, якая жыла ў Лернейскім балоце на п-ве Пелапанес, параджэнне пачвар Тыфона і Яхідны. Ядавітае дыханне гідры знішчала ўсё жывое. Лічылася непераможнай, бо на месцы адсечанай галавы ў яе вырасталі 2 новыя. Паводле міфа, Геракл з дапамогай пляменніка Іалая стаў прыпальваць абрубкі шыі і забіў гідру, а яе жоўць і кроў выкарыстоўваў як смяротны яд для стрэл.
экватарыяльнае сузор’е. Самае вялікае па займанай плошчы. Няяркія зоркі (толькі 14 са 130, бачных простым вокам, ярчэй 5-й зорнай велічыні), акрамя Альфарда — αГідра, 2-й візуальнай зорнай велічыні, утвараюць доўгі вузкі ланцуг. На тэр. Беларусі відаць у канцы зімы — пач. вясны. Гл.Зорнае неба.