Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НЯГА́ШАНАЯ ВА́ПНА,

гл. ў арт. Кальцыю аксід.

т. 11, с. 405

НЯГНЕ́ВІЧЫ,

вёска ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнУ ад г. Навагрудак, 182 км ад Гродна, 43 км ад чыг. ст. Наваельня. 1140 ж., 419 двароў (2000).

Упершыню згадваецца ў 1401. У 1428 сяло Навагрудскай зямлі, уласнасць вял. кн. ВКЛ Вітаўта, якое ён падараваў у пажыццёвае ўладанне сваёй жонцы Ульяне Гальшанскай. З сярэдзіны 15 ст. да пач. 19 ст. належалі Радзівілам. У 1706 у Паўн. вайну 1700—21 спалены шведамі. У 1757 дамоў хрысціянскіх 67, яўрэйскіх 29, карчма. З 1795 у Рас. імперыі, у Навагрудскім пав. У 1809 Н. купіў граф А.Храптовіч. З 1861 цэнтр воласці. У 1897 мястэчка, 575 ж., 90 двароў, 98 дамоў, нар. вучылішча, 2 царк.-прыходскія школы, 2 царквы, сінагога, яўр. малітоўны дом, хлебазапасны магазін, мяшчанская ўправа, 8 крам, сыраварня, карчма. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага пав., 406 ж., 53 жылыя будынкі. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Любчанскім раёне. У Вял. Айч. вайну 27.7.1942 ням.-фаш. захопнікі расстралялі 49 жыхароў вёскі. З 17.12.1956 у Навагрудскім р-не.

Агр. прадпрыемства імя А.Міцкевіча. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. 2 брацкія магілы рас. салдат, якія загінулі ў 1-ю сусв. вайну. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (1853).

М.Ф.Спірыдонаў.

т. 11, с. 405

НЯГРЭ́Й (Віктар Якаўлевіч) (н. 3.7.1948, в. Міхнавічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне транспарту. Д-р тэхн. н. (1988), праф. (1990). Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1971). З 1974 у Бел. ун-це транспарту (з 1997 прарэктар). Навук. працы па прагназаванні трансп. патокаў, узаемадзеянні і комплексным развіцці розных відаў транспарту, бяспецы трансп. сістэм. Пад кіраўніцтвам Н. выкананы даследаванні па ўдасканаленні схем сартавальных станцый і чыг. вузлоў Бел. чыгункі.

Тв.:

Прогнозирование пассажирских потоков. М., 1980 (разам з М.У.Праўдзіным);

Прогнозирование грузовых потоков. М., 1987 (разам з М.Л.Дыканюком, М.У.Праўдзіным).

т. 11, с. 405

НЯДА́ШАВА,

вёска ў Магілёўскім р-не. Цэнтр сельсавета. За 20 км на ПдУ ад Магілёва. 160 ж., 83 двары (2000). Сярэдняя школа, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 405

НЯДБА́ЙЛА (Анатоль Канстанцінавіч) (н. 28.1.1923, г. Ізюм Харкаўскай вобл., Украіна),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Двойчы Герой Сав. Саюза (крас., чэрв. 1945). Ген.-маёр авіяцыі (1970). Скончыў Варашылаўградскую ваенна-авіяц. школу пілотаў (1943), Ваенна-паветр. акадэмію (1951). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял. Айч. вайну з сак. 1943 на Паўд., 4-м Укр. і 3-м Бел. франтах пілот, камандзір звяна, эскадрыллі штурмавога авіяц. палка. Зрабіў 219 баявых вылетаў. Вызначыўся ў баях за вызваленне Крыма, Беларусі (у чэрв.ліп. 1944 наносіў паветр. ўдары па праціўніку каля Оршы, Талачына, у мінскім «катле»), Прыбалтыкі, Усх. Прусіі. Пасля вайны на выкладчыцкай рабоце ў ваенна-навучальных установах ВПС. Аўтар кнігі «У гвардзейскай сям’і» (1975).

А.К.Нядбайла.

т. 11, с. 405

НЯДЗВЕ́ДНА,

другая назва воз. Мядзведна.

т. 11, с. 405

НЯДЗВЕ́ДСКІ (Уладзіслаў Іосіфавіч) (24.7.1929, в. Рахавічы Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 17.10.1973),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1955). У 1955—68 працаваў настаўнікам, на Бел. тэлебачанні і ў час. «Маладосць», з 1972 — у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1949. Тэма вайны, гераізму, пасляваеннага дзяцінства — асн. ў зб-ках яго паэзіі «Вясновыя барозны» (1958), «Запрашэнне» (1960), «У лясной старане» (1962), «Размова з адсутнымі» (1969), аповесці «Хлопцы з другога корпуса» (1963). Пісаў для дзяцей (кн. вершаў «Сто братоў і сясцёр», 1960). Аўтар зб-каў сатыр. і гумарыст. апавяданняў «Капронавыя галёшы» (1964) і «Начная пагоня» (1966).

Тв.:

Вузлы. Мн., 1971;

Выбранае. Мн., 1976;

Такія і думы і словы: Кніга паэзіі. Мн., 1988.

У.А.Паўлаў.

т. 11, с. 405

НЯДЗВЕ́ЦКІ (Іосіф Маркавіч) (23.6.1908, г. Магілёў — 26.12.1959),

Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў 1-ы курс Прамакадэміі (1941). Працаваў машыністам на ледаколе «Ярмак», які ў 1938 удзельнічаў у выратаванні ледакольных параходаў «Садко», «Малыгін», «Георгій Сядоў». Апошні карабель вывесці з лядовага палону не ўдалося, таму частку яго экіпажа замянілі чл. «Ермака». У цяжкіх умовах 812-дзённага дрэйфу экіпаж з 15 маракоў, у т. л. Н., правёў цыкл назіранняў у недаследаванай частцы Арктычнага басейна, за што кожнаму з іх было прысвоена званне Героя Сав. Саюза. У Вял. Айч. вайну з 1943 на фронце. Пасля вайны ў Запаляр’і, загінуў на палярнай станцыі.

І.М.Нядзвецкі.

т. 11, с. 406

Нядзвецкі Антон Пятровіч

т. 18, кн. 1, с. 436

НЯДЗЕ́ЛЬКА (Нона Міхайлаўна) (н. 20.7.1937, Мінск),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыла БПІ (1960). З 1960 працуе ў ін-це «НДПдзіпрасельбуд» (з 1969 гал. архітэктар праектаў). Асн. работы: праект планіроўкі і забудовы в. Малеч Бярозаўскага р-на (1969—89), адм. будынак і бульвар у в. Аснежыцы Пінскага р-на (1983); пас. Жамчужны Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.; грамадскія цэнтры ў вёсках Казловічы Слуцкага (1984—89), Морач Клецкага (1986—90) р-наў Мінскай вобл.; Дом культуры (1988), адм. будынак (1993), жылыя мансардавыя дамы (з 1995) у в. Абухава Гродзенскага р-на, Дом культуры ў в. Аўсянка Горацкага р-на Магілёўскай вобл. (1989, у сааўт.), комплекс вучэбнага цэнтра Нац. банка Беларусі (1999) у Раўбічах (Мінскі р-н). Аўтар тыпавых праектаў жылых і грамадскіх будынкаў, школ і інш.

т. 11, с. 406