Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДУ́БАХ (Аляксандр Давідавіч) (9.7.1883, в. Ботава Маскоўскай вобл. — 1942),

бел. вучоны ў галіне меліярацыі і гідралогіі. Акад. АН БССР (1928), д-р с.-г. н. (1926), праф. (1921).Скончыў Маскоўскі с.-г. ін-т (1908). У 1908—16 інжынер-гідратэхнік у Мінскай і Магілёўскай губ. З 1920 заг. кафедры БСГА. У 1927—30 заг. аддзела Бел. НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. У 1925—30 старшыня Навук.-тэхн. савета пры Наркамземе БССР. У 1927—42 заг. кафедры Ленінградскай лесатэхн. акадэміі. Распрацоўваў пытанні гідралогіі лясоў, балот, уплыву лесу на рачны сцёк. Зрабіў навук. аналіз заканамернасцей фарміравання воднага рэжыму балот.

т. 6, с. 241

ДУБАШЫ́НСКІ (Павел Піліпавіч) (н. 14.3.1931, в. Гарбуны Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1989). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1955). Працаваў у Бел. рэсп. т-ры юнага гледача, выконваў ролі маладых герояў, характарныя. З 1967 у Нац. акад. т-ры імя Я.Купалы. Акцёр яркага і самабытнага таленту, добра адчувае камедыйны жанр. Выкарыстоўвае прыёмы шаржу, пародыі, гратэску. Дасканалае майстэрства выявілася ў ролях: Камендант, Ломцеў («Трыбунал», «Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Гастрыт («Вечар» А.Дударава), Дабрыян («Брама неўміручасці» К.Крапівы), Язэп Карыта («Ажаніцца — не журыцца» паводле Далецкіх і М.Чарота), князь К. («Дзядзечкаў сон» паводле Ф.Дастаеўскага), Глахуна («Закон вечнасці» паводле Н.Думбадзе), граф дэ Мірмон («Лесвіца славы» Э.Скрыба) і інш. Здымаецца ў кіна- і тэлефільмах.

П.П.Дубашынскі.
П.Дубашынскі ў ролі князя К.

т. 6, с. 241

ДУБЕ́ЙКАЎСКІ Лявон Іванавіч, гл. Вітан-Дубейкаўскі Л.І.

т. 6, с. 241

ДУ́БЕЛЬТ (Лявонцій Васілевіч) (1792, г. Магілёў — 9.5.1862),

ваенны і дзярж. дзеяч, адзін з арганізатараў паліт. вышуку ў Расіі. Генерал ад кавалерыі (1856). Скончыў Горны кадэцкі корпус (1807), служыў у пяхоце (да 1830). Ўдзельнік кампаній 1807 і 1812—15, ад’ютант Дз.С.Дахтурова, М.М.Раеўскага. У пач. 1820-х г. масон. З 1830 у Корпусе жандараў, з 1835 нач. штаба корпуса. У 1839—56 адначасова кіраўнік «Трэцяга аддзялення», чл. Гал. ўпраўлення цэнзуры і Сакрэтнага к-та аб раскольніках. Кіраваў праследаваннем паэтаў А.С.Пушкіна і М.А.Някрасава, расследаваў справы Кірыла-Мяфодзіеўскага таварыства і петрашэўцаў. З 1856 у адстаўцы.

Літ.:

Оржеховский И.В. Самодержавие против революционной России (1826—1880 гг.). М., 1982.

т. 6, с. 241

ДУБІКО́ЎСКІ (Георгій Пятровіч) (н. 18.5.1934, г. Гродна),

бел. вучоны ў галіне аграхіміі. Чл.-кар. АН Беларусі (1996), д-р с.-г. н. (1976), праф. (1987). Скончыў Гродзенскі с.-г. ін-т (1957). З 1962 у БДУ, з 1969 у Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі, з 1982 у Гродзенскім с.-г. ін-це. Навук. працы па біягеахіміі і матэм. мадэляванні заканамернасцей размеркавання мікраэлементаў у глебах, распрацоўцы навук. асноў жыўлення раслін мікраэлементамі, прыёмаў экалагічнага (альтэрнатыўнага) земляробства, арганізацыі вытв-сці на Беларусі прамысл. формаў мікраўгнаенняў (калійна-медных, азотна-цынкавых і інш.), пытаннях мед. геаграфіі, аховы навакольнага асяроддзя.

Тв.:

Микроэлементы в почвах СССР. М., 1981 (у сааўт.).

Г.П.Дубікоўскі.

т. 6, с. 241

ДУБІ́ЛЬНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія маюць дубільныя рэчывы (таніны) у колькасцях, дастатковых для прамысл. атрымання дубільных экстрактаў. Падзяляюцца на высока- (больш за 20%), сярэдне- (12—20%) і нізкатанінныя (менш як 12%). На Беларусі асн. Д.р. — дуб (у кары і драўніне 5—15% танінаў, выкарыстоўваецца ў дубільна-экстрактавай прам-сці), елка, розныя віды вербаў і інш.

Па месцы канцэнтрацыі танінаў у расліне адрозніваюць Д.р.: коравыя — дуб, елка, лістоўніца, вярба; лісцевыя — скумпія, бадан, герані, вятроўнік; драўнінныя — дуб, каштан; пладовыя — дуб; каранёвыя — драсён, шчаўе, рэвень; галавыя — дуб, вярба і інш.

т. 6, с. 242

ДУБІ́ЛЬНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ, дубільнікі,

рэчывы, якія выкарыстоўваюць для дублення скуры і футра. Паводле хім. прыроды адрозніваюць мінеральныя і арганічныя.

Мінеральныя Д.р. — солі хрому, алюмінію, цырконію, жалеза, тытану і інш. Выкарыстоўваюць пераважна злучэнні Cr(III) (хромавае дубленне), у асн. гідраксасолі (напр., гідраксід-сульфат CrOHSO4) ці камбінацыі іх з інш. дубільнікамі. Злучэнні цырконію (напр., сульфатацырканат натрыю Na4Zr(SO4)4) павышаюць вода- і зносаўстойлівасць скуры, робяць гладкім і шчыльным вонкавы бок. Арганічныя Д.р. падзяляюцца на простыя — альдэгіды (напр., фармальдэгід, глутаравы альдэгід), тлушчы рыб і марскіх жывёл (ворвань), і складаныя — раслінныя рэчывы (таніны), сінт. Д.р. і палімеры. Ворвані выкарыстоўваюць для вырабу натуральнай замшы (тлушчавае дубленне). Таніны атрымліваюць у выглядзе водных экстрактаў з кары, драўніны, лісця і пладоў некаторых раслін (дуба, вярбы, елкі, лістоўніцы, бадану і інш.). Чыста танінавае дубленне выкарыстоўваюць рэдка з-за працягласці працэсу. Замяняюць таніны і паскараюць працэс дублення сінт. Д.р. (напр., прадукты полікандэнсацыі рэзарцыну з фармальдэгідам). Палімерныя дубільнікі (напр., нізкамалекулярныя метылметакрылат і этылакрылат, карбаміда-, меламіна-, фенолфармальдэгідныя смолы і інш.). У камбінацыі з інш. Д.р. дазваляюць вырабляць скуры з паніжанай водапранікальнасцю.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 6, с. 242

ДУБІ́НА (Антон Васілевіч) (16.1.1885, г. Веліж, Расія — 30.10.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. З 1902 працаваў тэлеграфістам. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07, 1-й сусв. вайны. З 1918 у Чырв. Арміі. Ваен. камісар Ігуменскага, Мінскага пав., ваен. камендант Мінска, гомельскі губ. ваен. камісар. Узнаг. ордэнам Чырв. Сцяга. Ваенком 2-й стралк. і 7-й кав. дывізій, нам. наркома, нарком па ваен. справах БССР. З 1925 старшыня Магілёўскага акр. выканкома, упаўнаважаны Наркамата сувязі СССР па БССР, старшыня ЦК Асаавіяхіма БССР. Чл. ЦК КП(б)Б з 1925. Чл. ЦВК БССР у 1920—21, 1924—37, канд. у чл. ЦВК СССР у 1925—29.

т. 6, с. 242

ДУБІНА́-БАЯ́РСКАЯ,

вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр Узбалацкага с/с і калгаса. За 10 км на Пн ад горада і чыг. ст. Валожын, 80 км ад Мінска. 277 ж., 112 двароў (1997). Базавая школа, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Свята-Георгіеўская царква (1868).

т. 6, с. 242

ДУБІ́НІН (Мікалай Пятровіч) (н. 4.1.1907, г. Кранштат Ленінградскай вобл., Расія),

савецкі генетык. Акад. АН СССР (1966; чл.-кар. 1946). Чл. шэрагу замежных АН. Скончыў Маскоўскі ун-т (1928). З 1932 працаваў у шэрагу н.-д. устаноў АН СССР, у 1966—81 дырэктар Ін-та агульнай генетыкі АН СССР. Адкрыў (разам з А.С.Сераброўскім) падзельнасць гена. Даследаваў эфект становішча гена, пытанні генетыкі папуляцый. Навук. працы па эвалюцыйнай, радыяцыйнай і касм. генетыцы, тэарэт. асновах селекцыі. Ленінская прэмія 1966.

Тв.:

Общая генетика. М., 1970.

т. 6, с. 242