Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЖДАНО́ВІЧ Казімір, прыдворны архітэктар; будаўнік князёў Радзівілаў у 1-й пал. 18 ст. ў Нясвіжы. Прадстаўнік архітэктуры барока. Аднавіў і перабудаваў Нясвіжскі палацава-замкавы комплекс (пасля 1726), пабудаваў палацавую капліцу (1740), т-р Радзівілаў «камедыхаўз» (1747—48).

т. 6, с. 432

ЖДАНО́ВІЧ (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 20.1.1936, Мінск),

бел. вучоны ў галіне канструявання і вытв-сці ЭВМ. Канд. тэхн. н. (1971), праф. (1991). Брат Г.М.Ждановіча. Скончыў БПІ (1959). З 1964 у Мінскім радыётэхн. ін-це, з 1990 прэзідэнт Бел. асацыяцыі дзелавога супрацоўніцтва з замежнымі краінамі «Навукова-вытворчае і сацыяльнае развіццё». Навук. працы па інтэнсіўных тэхналогіях вытв-сці дэталей радыёэлектроннай апаратуры. Аўтар вучэбных дапаможнікаў для ВНУ.

Тв.:

Технические средства ЭВМ. Элементная и конструктивная база. Мн., 1991 (разам з У.П.Лугоўскім, І.М.Русаком);

Технические средства ЭВМ. Устройства ввода-вывода. Мн., 1991 (у сааўт.).

т. 6, с. 432

ЖДАНО́ВІЧ (Фларыян Паўлавіч) (28.10.1884, Мінск — 22.10.1937),

тэатральны дзеяч, акцёр, рэжысёр. Адзін з заснавальнікаў бел. прафес. т-ра. Скончыў драм. школу ў Варшаве (1902). У арганізаваных ім драм. калектывах ставіў спектаклі на бел. мове («Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага, 1907, «Паўлінка» Я.Купалы, 1913). Адзін са стваральнікаў Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, у 1917—20 маст. кіраўнік і рэжысёр. У 1919 некаторы час працаваў у Вільні, дзе паставіў «Раскіданае гняздо» Я.Купалы. Як рэжысёр абапіраўся на практыку папярэднікаў (І.Буйніцкага і інш.) і традыцыі бел. нар. т-ра, імкнуўся да жыццёвай дакладнасці і праўдзівасці, шырока выкарыстоўваў у пастаноўках нар. музыку, спевы. Быў арганізатарам і першым маст. кіраўніком (1920—21), у 1922—29 вядучым акцёрам БДТ-1 (цяпер Нац. т-р імя Я.Купалы). Перанёс на яго сцэну свае лепшыя пастаноўкі з таварыства: «Рысь» і «Хам» паводле Э.Ажэшкі, «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Міхалка» Далецкіх, «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Апошняе спатканне» У.Галубка, «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.Буйло і інш.; паставіў новыя: «Прымакі», «Сон на кургане» і «Адвечная песня» Я.Купалы, «Ганка» У.Галубка і інш. У БДТ-3 паставіў спектаклі «Кастусь Каліноўскі» (1929), «Ярасць» Я.Яноўскага (1930). Акцёр шырокага творчага дыяпазону, стваральнік яркіх драм. і камедыйных вобразаў. Яго акцёрскай індывідуальнасці ўласцівы глыбокае пранікненне ў псіхал. сутнасць характару, асэнсаванне сац. прыроды персанажаў, выразны вонкавы малюнак ролі, жанравая разнастайнасць: Быкоўскі, Сымон («Паўлінка», «Раскіданае гняздо»), Рычард Даджэн («Вучань д’ябла» Б.Шоу), цётка Чарлея («Цётка з Бразіліі» Б.Томаса). З 1926 пачаліся ганенні на Ж. 18.7.1930 ён арыштаваны. засуджаны на 5 гадоў зняволення, працаваў на Беламорканале. 8.7.1937 зноў арыштаваны, прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956.

Літ.:

Атрошчанка А. Фларыян Ждановіч: Біягр. нарыс. Мн., 1972;

Сабалеўскі А Асоба мастака. Літ. -крытыч. артыкулы. Мн., 1992.

Ф.П.Ждановіч.

т. 6, с. 432

ЖДАНО́ВІЧЫ,

вёска ў Мінскім р-не, каля вадасх. Крыніца, на аўтадарозе Мінск—Заслаўе. Чыг. ст. на лініі Мінск—Маладзечна. Цэнтр сельсавета. За 12 км на ПнЗ ад г. Мінск. 5669 ж., 660 двароў (1997). Дарожна-буд. ўпраўленне № 5, ПМК № 1, гідрагеал. станцыя, рамонтна-буд. ўпраўленне, з-д безалкагольных напіткаў. Рэсп. інтэрнат ветэранаў вайны і працы. Мінская абл. школа глухіх дзяцей, дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр, дзіцячы дом, сярэдняя школа, 4 б-кі, амбулаторыя, аптэка, 3 аддз. сувязі. Каля вёскі курорт Ждановічы.

т. 6, с. 432

ЖДАНО́ВІЧЫ,

бальнеагразевы і кліматычны курорт на Беларусі. За 12 км ад Мінска, непадалёку ад вадасховішчаў Заслаўскага (Мінскага м.) і Дразды. Засн. ў 1922. Асн. лек. фактары — умерана кантынентальны клімат, мясц. мінер. воды (хларыдна-сульфатна-натрыевая і хларыдна-натрыевая), сапрапелевыя і інш. гразі выкарыстоўваюцца для лячэння хвароб страўніка, кішэчніка, печані, жоўцевага пузыра, парушэнняў абмену рэчываў, рэабілітацыйна-аднаўленчага лячэння пасля аперацый.

Курорт Ждановічы.

т. 6, с. 433

Жданок Сяргей Аляксандравіч

т. 18, кн. 1, с. 385

Жданоўскі Міхаіл Андрэевіч

т. 18, кн. 1, с. 385

ЖЖО́НАЎ (Георгій Сцяпанавіч) (н. 22.3.1915, С.-Пецярбург),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1980). Скончыў Ленінградскае тэатр. вучылішча (1935). У 1939—46 і 1947—54 рэпрэсіраваны, двойчы рэабілітаваны. У 1954—65 працаваў у т-рах Магадана і Нарыльска, з 1969 у Маск. т-ры імя Массавета. Выконвае ў асноўным ролі сучаснікаў, раскрывае індывід. рысы персанаж, амаль не карыстаючыся грымам: Забродзін («Ленінградскі праспект» І.Штока), Панаеў («Чорны гардэмарын» А.П.Штэйна) і інш. (больш за 200). У кіно з 1933. Сярод фільмаў: «Беражыся аўтамабіля», «Чалавек, якога я кахаю», «Уся каралеўская раць» (тэлевізійны), «Гарачы снег» (за ролю генерала Бяссонава Дзярж. прэмія Расіі 1975 і Сярэбраны медаль імя Даўжэнкі), «Памылка рэзідэнта», «Лёс рэзідэнта», «Вяртанне рэзідэнта», «Экіпаж» і інш.

т. 6, с. 433

«ЖИВА́Я СТАРИНА́»,

часопіс. Выдаваўся ў 1890—1916 у Пецярбургу аддзяленнем этнаграфіі Рус. геагр. т-ва на рус. мове 4 разы ў год. Друкаваў даследаванні і матэрыялы па фальклору і этнаграфіі народаў Расіі, а таксама замежжа. Асн. ўвагу надаваў апісанню побыту, абрадаў, жылля, адзення, нар. медыцыне. З артыкуламі, прысвечанымі бел. фальклору і этнаграфіі, выступалі У.М.Дабравольскі, М.В.Доўнар-Запольскі («Заметкі па беларускай этнаграфіі»), Я.Ф.Карскі, М.М.Косіч («Ліцвіны-беларусы Чарнігаўскай губерні, іх побыт і песні»), Е.Р.Раманаў, М.А.Саковіч, А.К.Сержпутоўскі, П.В.Шэйн. Сярод публікацый — рэцэнзіі на працы бел. фалькларыстаў і этнографаў, справаздачы па этнагр. экспедыцыі.

Г.А.Пятроўская.

т. 6, с. 433

«ЖИЗНЬ ПРОВИ́НЦИИ»,

грамадска-палітычная, эканам. і літ. газета. Выходзіла з 11(24).4 да 18(31).5.1907 у Мінску штодзённа на рус. мове. Рэдактар І.М.Глоба-Міхайленка. Прадаўжала праграму забароненай газ. «Голос провинции». Ацэньвалася цэнзурай як газета «апазіцыйнага кірунку... са схільнасцю да чыста рэвалюцыйных выхадак». З пазіцый, блізкіх да меншавізму, асвятляла рабочы і сацыяліст. рух. У памфлетах і вершах-пародыях выкрывала лідэраў чарнасоценных партый, іх мясц. орган «Минское слово», палітыку царызму. Змяшчала інфармацыю пра падзеі ў горадзе. Прызнавала нац. самастойнасць беларусаў, крытыкавала шавіністычную палітыку царызму і польскай буржуазіі ў Беларусі. Праграму «Ж.п.» прадаўжала газета «Окраина».

У.М.Конан.

т. 6, с. 433