ЖДАНО́ВІЧ (Фларыян Паўлавіч) (28.10.1884, Мінск — 22.10.1937),

тэатральны дзеяч, акцёр, рэжысёр. Адзін з заснавальнікаў бел. прафес. т-ра. Скончыў драм. школу ў Варшаве (1902). У арганізаваных ім драм. калектывах ставіў спектаклі на бел. мове («Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага, 1907, «Паўлінка» Я.Купалы, 1913). Адзін са стваральнікаў Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, у 1917—20 маст. кіраўнік і рэжысёр. У 1919 некаторы час працаваў у Вільні, дзе паставіў «Раскіданае гняздо» Я.Купалы. Як рэжысёр абапіраўся на практыку папярэднікаў (І.Буйніцкага і інш.) і традыцыі бел. нар. т-ра, імкнуўся да жыццёвай дакладнасці і праўдзівасці, шырока выкарыстоўваў у пастаноўках нар. музыку, спевы. Быў арганізатарам і першым маст. кіраўніком (1920—21), у 1922—29 вядучым акцёрам БДТ-1 (цяпер Нац. т-р імя Я.Купалы). Перанёс на яго сцэну свае лепшыя пастаноўкі з таварыства: «Рысь» і «Хам» паводле Э.Ажэшкі, «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Міхалка» Далецкіх, «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Апошняе спатканне» У.Галубка, «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.Буйло і інш.; паставіў новыя: «Прымакі», «Сон на кургане» і «Адвечная песня» Я.Купалы, «Ганка» У.Галубка і інш. У БДТ-3 паставіў спектаклі «Кастусь Каліноўскі» (1929), «Ярасць» Я.Яноўскага (1930). Акцёр шырокага творчага дыяпазону, стваральнік яркіх драм. і камедыйных вобразаў. Яго акцёрскай індывідуальнасці ўласцівы глыбокае пранікненне ў псіхал. сутнасць характару, асэнсаванне сац. прыроды персанажаў, выразны вонкавы малюнак ролі, жанравая разнастайнасць: Быкоўскі, Сымон («Паўлінка», «Раскіданае гняздо»), Рычард Даджэн («Вучань д’ябла» Б.Шоу), цётка Чарлея («Цётка з Бразіліі» Б.Томаса). З 1926 пачаліся ганенні на Ж. 18.7.1930 ён арыштаваны. засуджаны на 5 гадоў зняволення, працаваў на Беламорканале. 8.7.1937 зноў арыштаваны, прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956.

Літ.:

Атрошчанка А. Фларыян Ждановіч: Біягр. нарыс. Мн., 1972;

Сабалеўскі А Асоба мастака. Літ. -крытыч. артыкулы. Мн., 1992.

Ф.П.Ждановіч.

т. 6, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)