Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

О́БЕРГАЎЗЕН (Oberhausen),

горад на З Германіі, зямля Паўн. Рэйн-Вестфалія. Каля 250 тыс. ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на канале Рэйн-Герне і р. Эмшэр. Прам-сць: чорная і каляровая металургія, цяжкае машынабудаванне, котлабудаванне, хім., шкляная. Здабыча кам. вугалю. Адм.-гасп. акадэмія. Штогадовы міжнар. фестываль кароткаметражных фільмаў (з 1951).

т. 11, с. 425

О́БЕРТ ((Oberth) Герман) (25.6.1894, г. Сібіў, Румынія — 28.12.1989),

нямецкі вучоны, адзін са стваральнікаў ракетнай тэхнікі і касманаўтыкі. Вучыўся ва ун-тах Мюнхена (1913—14, 1919—20), Гётынгена (1920—21) і інш. У 1925—38 праф. фізікі і матэматыкі ў Румыніі. Праводзіў эксперым. работы па ракетнай тэхніцы ў Вене (1938—40) і Дрэздэне (1940—41). У 1941—43 у ням. ваен. даследчым цэнтры ў Пенемюндзе. У 1955—58 у ЗША. З 1958 у ФРГ. Распрацаваў шэраг пытанняў тэорыі палёту ракет і выкарыстання іх для даследавання атмасферы. Аўтар фундаментальнай працы па праблемах касманаўтыкі «Ракета ў міжпланетную прастору» (1923, Берлін—Мюнхен). Адзін з заснавальнікаў Ням. т-ва ракетнай тэхнікі і касм. палёту (з 1963 імя О.). У 1951 т-ва заснавала медаль О., які прысуджаецца за фундаментальныя даследаванні і выдатныя заслугі ў галіне ракетнай тэхнікі і касманаўтыкі.

Тв.:

Рус. пер. — Мои работы по астронавтике // Из истории астронавтики и ракетной техники. М., 1970.

У.С.Ларыёнаў.

Г.Оберт.

т. 11, с. 425

О́БРУЧАЎ (Сяргей Уладзіміравіч) (3.2.1891, г. Іркуцк, Расія — 29.8.1965),

расійскі геолаг. Чл.-кар. АН СССР (1953). Сын У.А.Обручава. Скончыў Маскоўскі ун-т (1915). З 1917 у Геал. камітэце, з 1929 у Якуцкай камісіі АН СССР, з 1932 ва Усесаюзным арктычным ін-це, з 1941 у Ін-це геал. навук АН СССР, з 1950 у Лабараторыі геалогіі дакембрыю АН СССР (з 1963 дырэктар). Навук. працы па геалогіі і геамарфалогіі Усх. Сібіры і ПнУ Расіі. Яго даследаванні на Сярэднесібірскім пласкагор’і (1917—24) садзейнічалі адкрыццю Тунгускага вугальнага басейна. У 1926—35 вывучаў басейны рэк Індыгірка і Калыма і выявіў іх залатаноснасць. Прапанаваў аб’яднаць горы ў паўд. ч. міжрэчча Індыгіркі і Калымы пад назвай хр. Чэрскага, распрацаваў схему тэктонікі Паўн.-Усх. Азіі, адкрыў радовішчы волава на ПнУ Расіі. Дзярж. прэмія СССР 1946.

т. 11, с. 425

О́БРУЧАЎ (Уладзімір Апанасавіч) (10.10.1863, с. Кляпеніна Цвярской вобл., Расія — 19.6.1956),

расійскі геолаг і географ. Акад. АН СССР (1929, чл.-кар. 1921). Герой Сац. Працы (1945). Чл. многіх замежных акадэмій і навук. т-ваў. Бацька С.У.Обручава. Скончыў Горны ін-т у С.-Пецярбургу (1886). Праф. Томскага тэхнал. ін-та (1901—12) і Маскоўскай горнай акадэміі (1921—29). З 1930 старшыня Камісіі па вывучэнні шматгадовай мерзлаты, з 1939 дырэктар Ін-та мерзлатазнаўства АН СССР. У 1942—46 акад.-сакратар Аддзялення геолага-геагр. навук АН СССР. З 1947 ганаровы прэзідэнт Геагр. т-ва СССР. Навук. працы па геалогіі рудных радовішчаў, чацвярцічных адкладаў, неатэктоніцы, геамарфалогіі, геаграфіі, зледзяненнях, вечнай мерзлаце і інш. Вёў шырокія геал. даследаванні ў Сібіры, Цэнтр. і Сярэдняй Азіі. Аўтар навук.-фантаст. і прыгодніцкіх раманаў «Плугонія» (1924), «Зямля Саннікава» (1926), «Золаташукальнікі ў пустыні» (1928) і інш. Прэмія імя М.М.Пржавальскага (1894), Вял. залаты медаль Рус. геагр. т-ва (1901), 2 прэміі імя П.А.Чыхачова Парыжскай АН (1898, 1925), залаты медаль імя А.П.Карпінскага АН СССР (1947), прэмія імя У.І.Леніна 1926. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1950. Імем О. названы хрыбет у Тыве, горныя вяршыні ў вярхоўях р. Віцім, аазіс у Антарктыдзе, ледавік у Мангольскім Алтаі, мінерал абручавіт.

Тв.:

Избр. работы по географии Азии. Т. 1—3. М., 1951;

Иэбр. труды. Т. 1—6. М., 1958—64.

т. 11, с. 425

О́БСКАЯ ГУБА́,

заліў Карскага м., каля берагоў Расіі, паміж паўастравамі Ямал і Гыданскі. Даўж. 800 км, шыр. 30—90 км, глыб. 10—12 м. Зах. бераг нізінны, усх. пераважна ўзвышаны і стромкі. На У ад О.г. адгаліноўваецца Тазаўская губа. Упадае р. Об. Большую ч. года ўкрыта лёдам. Прылівы паўсутачныя (да 0,7 м). На зах. беразе порт Новы Порт.

т. 11, с. 426