Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЮ́БАНСКІ РАЁН.

На ПдУ Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1963). Пл. 1,9 тыс. км2. Нас. 45,5 тыс. чал. (1998), гарадскога 37%. Сярэдняя шчыльнасць 24 чал. на 1 км2. Цэнтр — г. Любань. Уключае г.п. Урэчча, 125 сельскіх нас. пунктаў. 11 сельсаветаў: Асавецкі, Дарасінскі, Камунараўскі, Ляхаўскі, Малагарадзяціцкі, Рачэнскі, Сароцкі, Соснаўскі, Тальскі, Юшкавіцкі, Ямінскі.

Паўн. ч. раёна размешчана на Цэнтральнабярэзінскай раўніне, паўд. — у межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня раўнінная з агульным нахілам з Пн на Пд. 85% тэр. раёна на вышыні ніжэй за 150 м, найвыш. пункт 190 м (на Пн ад в. Юшкавічы). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, мел, калійная і каменная солі, гаручыя сланцы, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны для цэглы, крыніца мінер. вады. Сярэдняя т-ра студз. -6,3 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 597 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. Найб. р. Арэса з прытокам Таліца. Азёры: Вячэра, Баяніцкае; на р. Арэса Любанскае вадасховішча. Найб. меліярац. каналы: Слаўкавіцка-Ямінскі канал, Чабускі, Цахмінскі і інш. Пераважаюць глебы тарфяна-балотныя (46,8%), дзярнова-падзолістыя (17,7%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (17,5%), дзярновыя забалочаныя (16,8%). Пад лесам 33% тэрыторыі, з іх 27,5% — штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, трапляюцца дубовыя, яловыя і інш. Найб. лясістасць на ПнУ і Пд, на мяжы з Жыткавіцкім р-нам суцэльны лясны масіў. Пал балотамі 0,7% тэр. раёна. Заказнікі мясц. значэння гідралагічныя: Астраўкі, Вежань, Загальскі масіў, Пасецкі Бор. Помнікі прыроды мясц. значэння: камень-пескавік каля в. Ператок, група з 6 дубоў у Ямінскім лясніцтве, дуб каля в. Камуна, дуб у Соснаўскім лясніцтве, 2 крыніцы ў г.п. Урэчча.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 79,2 тыс. га, з іх асушаных 62,3 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 20 калгасаў, 2 саўгасы, 15 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, бульбаводства, ільнаводства і буракасеянне. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (дробныя сценавыя блокі, Любанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў), харч. (сыр, масла, спірт і інш.), крухмала-патачнай (крухмал, кісель), пач. апрацоўкі лёну (ільновалакно), швейнай і лясной (піламатэрыялы, мэблевыя загатоўкі, вываз драўніны) прам-сці; рыбгас «Любань». Па тэр. раёна праходзіць чыгунка Баранавічы—Асіповічы. Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі са Слуцкам, Салігорскам, Глускам, Урэччам, Жыткавічамі. У раёне 27 сярэдніх, 9 базавых, пач., вячэрняя, муз., спарт. школы, Дом дзіцячай творчасці, вучэбна-вытв. камбінат, 31 дашкольная ўстанова, 41 дом культуры і клуб, 41 б-ка, 9 бальніц, паліклініка, 3 амбулаторыі, 20 фельч.-ак. пунктаў, санаторый. Любанскі музей нар. славы. Мемар. комплекс «Зыслаў». Выдаецца газ. «Голас Любаншчыны».

Г.С.Смалякоў.

т. 9, с. 393

ЛЮ́БАНЬ,

возера ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Мухавец, за 30 км на ПдУ ад г. Кобрын. Пл. 1,83 км2, даўж. 2,2 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 11,5 м. Пл. вадазбору 143 км2. На ПдЗ у возера ўпадаюць р. Літкава і канал без назвы, на Пн Казацкім каналам праз сістэму каналаў злучана з Дняпроўска-Бугскім каналам.

т. 9, с. 393

ЛЮ́БАНЬ,

горад, цэнтр Любанскага р-на Мінскай вобл., на р. Арэса. За 152 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Урэчча на лініі Баранавічы—Асіповічы. Аўтадарогамі злучаны з Глускам, Жыткавічамі, Чырв. Слабадой, Салігорскам, Слуцкам. 12,2 тыс. ж. (1998).

У 16 ст. мястэчка кн. Алелькавічаў у Слуцкім княстве. З 1589 уласнасць Тышкевічаў, з 1617 — кн. Радзівілаў. У 1560-я г. ў Л. каля 230 ж., 35 двароў. З 1791 у Случарэцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка Забалоцкай вол. Бабруйскага пав. Мінскай губ. У час паўстання 1794 пад Л. адбыўся Любанскі бой 1794. У пач. 1880-х г. у мястэчку 500 ж., 136 двароў, Праабражэнская царква, 3 яўр. малітоўныя дамы, 2 млыны, крама, прыстань. У 1897 у Л. 766 ж. У пач. 20 ст. — цэнтр Забалоцкай вол. З 26.5.1922 у Слуцкім пав. БССР. У 1923—1680 ж. 232 двары. З 17.7.1924 цэнтр Любанскага раёна. У 1931 утвораны калгас, працавалі крухмальны і льняны з-ды, Дом культуры, хата-чытальня, бальніца, хлебапякарня. З 27.9.1938 гар. пасёлак. З 28.7.1941 да 30.6.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў створаным тут лагеры ваеннапалонных загубілі 1610 чал., у ліст. 1941 загубілі 785 яўрэяў. У Л. дзейнічала камсам маладзёжная група, у ліст. 1941 партызаны разграмілі ў пасёлку фаш. гарнізон (гл. Любанскі бой 1941). З 7.3.1968 горад. У 1970—6,7 тыс. ж.

Прадпрыемствы харч. (сыраробны камбінат, доследны рыбгас «Любань»), швейнай, буд. матэрыялаў (Любанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў) прам-сці. Ільнозавод. Любанскі музей народнай славы. Мемар. комплекс сав. актывістам, воінам, партызанам і падпольшчыкам; магіла ахвяр фашызму.

В.М.Удальцоў.

Любань. Будынак райвыканкома.

т. 9, с. 393

ЛЮ́БАНЬ,

вёска ў Акцябрскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Трэмля. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на ПдУ ад г.п. Акцябрскі, 150 км ад Гомеля, 26 км ад чыг. ст. Рабкор. 480 ж., 189 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом нар. творчасці, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 9, с. 394

ЛЮ́БАНЬ,

вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Вілейка—Мядзел. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на Пн ад горада і чыг. ст. Вілейка, 108 км ад Мінска. 1148 ж., 444 двары (1999). Спірт- і вінзаводы, цэх мінер. вады, кансервавы цэх, малое прадпрыемства «Любань». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 9, с. 394

«ЛЮ́БАНЬ»,

доследны рыбгас. Створаны ў 1967 у г. Любань Мінскай вобл. як рыбакамбінат «Любань», з 1988 сучасная назва. «Л.» — поўнасістэмная гаспадарка (забяспечвае поўны цыкл вырошчвання рыбы ад ікры да таварнай прадукцыі), мае сажалкі матачныя, нераставыя, мальковыя, вырошчвальныя, зімавальныя і нагульныя агульнай пл. больш за 3000 га. Вытв. магутнасць прадпрыемства па выпуску таварнай рыбы 1740 т за год. Вырошчваюць карпа (97%),таўсталобіка, амура, сярэбранага карася, шчупака. Рыбгас мае бетонныя і земляныя рыбнікі, дзе ўтрымліваецца штогод да 200 т рыбы, што забяспечвае яе пастаўкі ў продаж у зімовы перыяд.

т. 9, с. 394

ЛЮБА́РСКІ (Сцяпан Іванавіч) (27.12. 1896, в. Новыя Пескі Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 16.4.1945),

генерал-лейтэнант (1944). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1932), Генштаба (1938). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны, баёў на р. Халхін-Гол у 1939. У Вял. Айч. вайну на Зах., 2-м Бел., 4-м і 1-м Укр. франтах: нам. нач. аператыўнага аддзела штаба фронту, нам. нач. штаба армій. Загінуў пры фарсіраванні р. Нэйсе ў Германіі. На радзіме помнік.

т. 9, с. 394

ЛЮ́БАРТ (у праваслаўі Дзмітрый; 1320? — 1384?),

галіцка-валынскі (уладзімірскі і луцкі) князь ВКЛ. Сын Гедзіміна. Пасля смерці галіцка-валынскага кн. Юрыя Баляслава II (1340) баяры абралі на пасад Л. Вёў барацьбу супраць Польшчы і Венгрыі, якія таксама прэтэндавалі на галіцка-валынскія землі; абапіраўся на дапамогу вял. кн. ВКЛ Кейстута. Пры Л. значэнне аднаго з гал. паліт. цэнтраў ВКЛ набыў г. Луцк, у 1375 утворана першае ў ВКЛ каталіцкае Луцкае біскупства, юрысдыкцыя якога ахоплівала і паўд.-зах. землі Беларусі.

т. 9, с. 394

ЛЮБА́ЎСКІ (Мацвей Кузьміч) (13.8. 1860, с. Вял. Мажары Сараеўскага р-на Разанскай вобл., Расія — 22.11.1936),

расійскі гісторык. Чл.-кар. Расійскай АН (1917), акад. АН СССР (1929). Д-р гіст. н. (1901). Скончыў Маскоўскі ун-т (1882), з 1894 дац., з 1901 праф. у ім, у 1911—17 рэктар. Вучань В.В.Ключэўскага. У 1913—29 старшыня Маскоўскага т-ва гісторыі старажытнасцей расійскіх. У 1929 арыштаваны і ў 1930 высланы ў г. Уфа, дзе ў 1931—35 працаваў навук. супрацоўнікам Башкірскага НДІ нац. культуры. Аўтар грунтоўных даследаванняў па сац.-паліт. гісторыі ВКЛ («Літоўска-рускі сейм», 1900; «Нарыс гісторыі Літоўска-Рускай дзяржавы да Люблінскай уніі ўключна», 1910, і інш.), курсаў лекцый «Гістарычная геаграфія Расіі ў сувязі з каланізацыяй» (1909), «Лекцыі па старажытнай рускай гісторыі да канца XVI ст.» (3-е выд., 1918) і інш. Сярод яго вучняў У.І.Пічэта, С.У.Бахрушын, М.Г.Беражкоў і інш.

Тв.:

Обзор истории русской колонизации с древнейших времен и до XX в. М., 1996.

Літ.:

Карев Д.В. Академик М.К.Любавский: Судьба и наследие // Наш радавод. Гродна, 1994. Кн. 6, ч. 3.

т. 9, с. 394

ЛЮ́БАЧ,

адна з назваў возера Ходцы.

т. 9, с. 394