Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЬЕЖ, Лёйк (франц. Liége, флам. Luik),

горад на У Бельгіі, у сутоках рэк Маас і Урт. Адм. ц. прав. Льеж. Засн. ў 8 ст. як рэзідэнцыя епіскапа. 196 тыс. ж. (1992). Буйны трансп. вузел, порт (каналам Альберта звязаны з Антверпенам). Аэрапорт. Прам-сць: чорная і каляровая металургія, металаапр. і маш.-буд., хім., гумава-тэхн., ваенная, цэм., тэкст. і харчовая. Вытв-сць хрусталю, паляўнічай і спарт. зброі. Здабыча каменнага вугалю. Каралеўскае навук. т-ва (з 1835), Акадэмія мастацтваў, ун-т (з 1817), кансерваторыя (з 1826).

Стары горад размешчаны на паўн. узвышаным беразе р. Маас. Арх. помнікі: цэрквы Сен-Бартэлемі (11—12 ст., раманскі стыль), Сен-Жак (11—16 ст.) і Сент-Круа (13—14 ст.) з раманскімі і рэнесансавымі рысамі, сабор Сен-Поль (13—15 ст., готыка).

Сярод помнікаў грамадз. архітэктуры палац князёў-епіскапаў (пачаты ў 10 ст., 1145—64, майстар Х. дэ Леен, 1526—36. арх. А. ван Мулкен; цяпер Палац юстыцыі), б. Мясныя рады (1545), дом Курцыуса (1600—10; цяпер Археал. музей), ратуша (1714—18, класіцызм). З 20 ст. на ПдЗ развіваецца новы горад. Найб. значныя збудаванні: жылы комплекс Плен-дэ-манёўр (1956, арх. Ш.Карлье), ун-т з бальнічным комплексам (1970, арх. СЛ.Стрэбель, Ш.Вандэнгоф) і інш. Помнікі: кампазітару А.Грэтры (1842, скульпт. В.Гефс), скульптару Ж.Дэлькуру (1911, П. дзю Буа і М.Кален), «Ле Перон» — сімвал вольнасцей і прывілеяў горада (1697—98, скульпт. Ж.Дэлькур). Музеі: прыгожых мастацтваў, археалогіі і дэкар. мастацтваў г. Льеж, валонскага побыту, епархіяльны, шкла, Зала Вітэрт і інш.

І.Л.Чэбан (архітэктура).

Палац епіскапаў у Льежы.
Да арт. Льеж. Помнік «Ле Перон».

т. 9, с. 389

ЛЬЕН-В’ЕТ (Хой льен хіеп куок зан В’етнам, Нац. саюз В’етнама),

в’етнамская паліт. арг-цыя ў 1946—55. Засн. на базе аб’яднання В’етміня (які захаваўся як самаст. арг-цыя) і некалькіх інш. арг-цый. Пазней да яго далучыліся Усеагульная канфедэрацыя працы, Саюз жанчын В’етнама, Федэрацыя дэмакр. моладзі, Партыя праиоўных В’етнама (з 1951) і інш. У 1951 адбылося поўнае зліццё В’етміня і Л.-В. ў адзіную арг-цыю пад назвай Л.-В. На з’ездзе ў вер. 1955 абвешчана пра самароспуск Л.-В. і стварэнне на яго базе Айч. фронту В’етнама.

т. 9, с. 390

ЛЬЁРЭ́НТЭ ((Llorente) Хуан Антоніо) (30.3.1756, Рынкан-дэль-Сота, каля г. Калаора, Іспанія — 5.2.1823),

іспанскі гісторык інквізіцыі. Святар, доктар кананічнага права. У 1785—1801 на розных пасадах ва ўстановах інквізіцыі, у 1793—94 распрацаваў план яе рэарганізацыі. За спачуванне ідэям Асветніцтва звольнены з пасады сакратара інквізіцыі. У час франц. акупацыі (1808—14) падтрымліваў Жазефа Банапарта. Пасля скасавання інквізіцыі (1808) узначаліў яе архіў. У 1814 эмігрыраваў у Парыж, дзе апублікаваў «Крытычную гісторыю іспанскай інквізіцыі» (т. 1—4, 1817—18). У 1822 за публікацыю працы «Палітычныя партрэты пап ад св. Пятра да Пія VII» (1822) высланы з Францыі.

Тв.:

Рус. пер. — Критическая история испанской инквизиции. Т. 1—2. М., 1936.

т. 9, с. 390

ЛЬЮ́ІС ((Lewis) Гілберт Ньютан) (23.10. 1875, г. Уэймут, ЗША — 23.3.1946),

амерыканскі фізікахімік, заснавальнік навук. школы. Чл. Нац. АН ЗША (1913). Замежны ганаровы чл. АН СССР (1942). Скончыў Гарвардскі ун-т (1896). З 1912 праф. Каліфарнійскага ун-та ў Берклі. Навук. працы па хім. тэрмадынаміцы і тэорыі будовы рэчыва. Прапанаваў электронную тэорыю непалярнай хім. сувязі (1912—16), адну з сучасных тэорый кіслот і асноў (1923). Атрымаў цяжкую ваду (1933, разам з Р.Макдональдам), вылучыў цяжкі ізатоп вадароду — дэйтэрый.

т. 9, с. 390

ЛЬЮ́ІС ((Lewis) Карлтан) (Карл) Мак-Хінлі (н. 1.7.1961, г. Бірмінгем, ЗША),

амерыканскі спартсмен (лёгкая атлетыка). Чэмпіён XXIII, XXIV і XXV Алімп. гульняў (1984, г. Лос-Анджэлес, ЗША, бег на 100 і 200 м, эстафета 4 × 100 м, скачкі ў даўж.; 1988, Сеул, бег на 100 м, скачкі ў даўж.; 1992, г. Барселона, Іспанія, эстафета 4 × 100 м, скачкі ў даўж.), сярэбраны прызёр (1988, бег на 200 м). Чэмпіён свету (1983, 1987, 1991, бег на 100 м, эстафета 4 × 100 м, скачкі ў даўж.).

т. 9, с. 390

ЛЬЮ́ІС ((Lewis) Норман) (н. 1908, Лондан),

англійскі пісьменнік. Пачынаў як журналіст і публіцыст. Аўтар антыкалан. раманаў «Вулканы над намі» (1957), «Бачная цемра» (1960), «Сіцылійскі спецыяліст» (1974), «Германская кампанія» (1979) і інш. У раманах «Дзесятае прыбыццё карабля» (1962), «Ад рукі брата яго» (1968) адлюстравана англ. рэчаіснасць. Яго прозе ўласцівы падкрэслены рацыяналізм, дакладнасць апісанняў, сатыра, лаканізм, прысутнасць дэтэктыўнага элемента.

Тв.:

Рус. пер. — Зримая тьма. М., 1963;

Вулканы над нами. М., 1965;

Сицилийский специалист. М., 1981;

Компания «Гезельшафт». М., 1983;

День лисицы. От руки брата его. М., 1985;

Бегство от мрачного экватора. Голоса старого моря. М., 1986.

Е.А.Лявонава.

т. 9, с. 390

ЛЬЮ́ІС ((Lewis) Сінклер) (7.2.1885, г. Сок-Сентэр, ЗША — 10.1.1951),

амерыканскі пісьменнік. Скончыў Іельскі ун-т (1907). Дэбютаваў аповесцю для дзяцей «Хайк і самалёт» (1912). Сусв. вядомасць прынёс Л. раман «Галоўная вуліца» (1920). У раманах «Бэбіт» (1922), «Эраўсміт» (1925, разам з П. дэ Крайфам, экранізацыя 1931), «Элмер Гентры» (1927, экранізацыя 1960), «Додсварт» (1929, экранізацыя 1936), «Эн Вікерс» (1933), «Кінгсблад, нашчадак каралёў» (1947) сац.-паліт. кантрасты амер. рэчаіснасці, праблемы стандартызацыі свядомасці «сярэдняга амерыканца», яго бездухоўнасці і канфармізму, расавай дыскрымінацыі. У рамане-антыутопіі «У нас гэта немагчыма» (1935) і сатыр. «Гідэон Пленіш» (1943) аналізуюцца вытокі і сутнасць фашызму. Аўтар сац.-псіхал. раманаў «Богашукальнік» (1949), «Свет такі шырокі» (1951), кінасцэнарыя «Бура на Захадзе» (1943, з Д.Шэйры), эсэ, нарысаў. Яго творы адметныя сюжэтнай маштабнасцю і вастрынёй канфліктаў, спалучэннем дакумент.-публіцыстычнага і гратэскава-сатыр. пачаткаў з лірычным. Нобелеўская прэмія 1930.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—9. М., 1965.

Літ.:

Гиленсон Б. Синклер Льюис. М., 1985;

Синклер Льюис: Биобиблиогр. указ. М., 1985.

Е.А.Лявонава.

С.Льюіс.

т. 9, с. 390

ЛЬЮ́ІС ((Lewis) Уільям Артур) (н. 23.1.1915, Кастры),

англійскі эканаміст. Скончыў Лонданскую школу эканомікі (1937), дзе і працаваў. З 1948 у Манчэстэрскім, з 1963 у Прынстанскім ун-тах. З 1970 заснавальнік і прэзідэнт Карыбскага банка развіцця. Навук. працы па пытаннях і мадэлях развіцця эканомікі краін трэцяга свету. Аўтар кнігі «Тэорыя эканамічнага росту» (1955). Нобелеўская прэмія 1979 (разам з Т.Шульцам).

т. 9, с. 390

Льюіс Эдвард

т. 18, кн. 1, с. 422

ЛЬЯ́ЛАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі неаліту (канец 5—3-е тыс. да н.э.) у басейне р. Клязьма і прылеглых раёнах на р. Ака і Волга. Назва ад стаянкі каля в. Льялава Маскоўскай вобл. Насельніцтва займалася рыбалоўствам, паляваннем і збіральніцтвам. Жыло на сезонных паселішчах у паўзямлянках і шалашападобных жытлах. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным ці выцягнутым становішчы з охраю, зрэдку з пахавальным інвентаром. Характэрны керамічны паўяйцападобны і вастрадонны посуд, упрыгожаны па ўсёй паверхні радамі ямкавых паглыбленняў і адбіткамі грэбеня. Знойдзены крамянёвыя наканечнікі коп’яў і стрэл, разцы, скрабкі, нажы, матыкі, касцяныя рыбалоўныя кручкі і гарпуны, упрыгожанні.

А.В.Іоў.

т. 9, с. 390