Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЕЛІСЕ́ЕЎ (Аляксандр Васілевіч) (13.8.1859, г. Суаменліна. Фінляндыя — 3.6.1895),

рускі падарожнік. Скончыў Ваенна-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1882). Падарожнічаў на Пн і ПнУ Еўрап. Расіі, Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі. Вядомы як даследчык М. Азіі і Афрыкі. У 1881—82 наведаў Егіпет, Палесціну і Сірыю, у 1884—87 падарожнічаў па Лівіі, Алжыры, Тунісе, М. Азіі, у 1895 — па Эфіопіі. Сабраў шматлікія антрапал. і этнагр. звесткі.

Тв.:

По белому свету: Очерки и картины из путешествий по трем частям Старого света. 2 изд. Т. 1—4. СПб., 1901—04.

т. 6, с. 385

ЕЛІСЕ́ЕЎ (Аляксей Станіслававіч) (н. 13.7.1934, г. Жыздра Калужскай вобл., Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1969), лётчык-касманаўт СССР (1969), д-р тэхн. н. (1973). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (МВТВ) імя М.Э.Баўмана (1957). З 1966 у атрадзе касманаўтаў. 15—16.1.1969 з Б.В.Валынавым і Я.В.Хруновым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-5» (як бортінжынер), 16.1.1969 з Хруновым перайшоў праз адкрыты космас (37 мін) у касм. карабель «Саюз-4» (пілатаваў У.А.Шаталаў), на якім 17.1.1969 вярнуўся на Зямлю. 13—18.10.1969 з Шаталавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-8» (як бортінжынер), 23—25.4.1971 з Шаталавым і М.М.Рукавішнікавым — палёт на касм. караблі «Саюз-10» (як бортінжынер). У ліпені 1975 — кіраўнік палёту па праграме «ЭПАС». З 1985 рэктар МВТВ імя Баўмана. Правёў у космасе 8,9 сут. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага АН СССР. Залаты медаль імя Ю.А.Гагарына. Дзярж. прэмія СССР (1980).

А.С.Елісееў.

т. 6, с. 385

ЕЛІСЕ́Й, Эліша,

старазапаветны біблейскі прарок, вучань Ільі (гіст. — прарок, які жыў у Ізраільскім царстве ў 850—800 да н.э.). Паводле Бібліі Е. быў сведкам узнясення Ільі на неба на вогненнай калясніцы, пасля чаго сам набыў здольнасць здзяйсняць цуды.

т. 6, с. 386

ЕЛІСЕ́ЙСКІЯ ПАЛІ́,

1) у старажытнагрэчаскай міфалогіі мясціна шчасця; тое, што Элізіум.

2) Адна з гал. і парадных вуліц Парыжа ў зах. частцы горада, паміж пл. Згоды і пл. Шарля дэ Голя, дзе размешчаны рэзідэнцыя прэзідэнта Францыі (Елісейскі палац), фешэнебельныя магазіны, гасцініцы, рэстараны, кінатэатры і інш.

т. 6, с. 386

ЕЛІСЕ́ЙСКІ ДАГАВО́Р,

гл. Германа-французскі дагавор 1963.

т. 6, с. 386

Е́ЛКА (Picea),

род голанасенных раслін сям. хваёвых; адна з гал. лесаўтваральных парод. Каля 45 відаў. Пашырана пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 дзікарослы від — Е. звычайная, або еўрапейская (P. abies), і 13 інтрадукаваных: Е. калючая (P. pungens), канадская, або белая (P. canadensis), сербская, або балканская (P. omorica), Энгельмана (P. engelmannii), сібірская (P. obovata), усходняя (P. orientalis) і інш. Е. звычайная распаўсюджана амаль па ўсёй тэр. Беларусі і мае паўд. мяжу арэала (адначасова гэта і паўд. мяжа Еўразіяцкай хвойна-лясной геабат. падвобласці). На Палессі трапляецца ў выглядзе ізаляваных астравоў. Вядома 31 астраўное насаджэнне, 5 з іх — ельнікі Гарбавіцкія, Добрушскія, Маларыцкія, Мяднянскія і Пажэжынскія — помнікі прыроды рэсп. значэння.

Даўгавечныя (жывуць да 300—500 і больш гадоў); аднадомныя, шматгадовазялёныя дрэвы з прамым ствалом і густой конусападобнай кронай. Е. звычайная мае мноства дэкар. форм: з пірамідальнай, ніцай, шарападобнай і інш. кронамі. Каранёвая сістэма часцей паверхневая. Кара тонкая, у маладых дрэў гладкая, потым пласціністая. Галінкі размешчаны даволі правільнымі кальчакамі. Лісце (ігліца) 4-граннае, радзей пляскатае, востраканцовае, спіральна або невыразна двухрадкова размешчанае, трымаецца на галінках 7—9 і больш гадоў. Стробілы (шышкі) паяўляюцца ўвесну на леташніх парастках: мікрастробілы (мужч. шышкі) — па некалькі ў пазухах лускападобнага лісця; мегастробілы (жан. шышкі) — адзіночныя, размешчаны бліжэй да верхавінак. Спелыя шышкі падоўжана-цыліндрычныя, верацёна- або яйцападобныя, звіслыя, ападаюць пасля выспявання насення. Насенне з лыжкападобнымі крыльцамі, выспявае восенню ў год апылення. Размнажаецца насеннем і зрэдку вегетатыўна (атожылкамі). Драўніна мяккая, выкарыстоўваецца ў буд-ве, вытв-сці цэлюлозы, муз. інструментаў; з яе атрымліваюць смалу, шкіпінар, каніфоль, дзёгаць. Кара — асн. сыравіна ў вытв-сці дубільнікаў (танідаў). Большасць відаў — дэкар. дрэвы, выкарыстоўваюцца ў садова-паркавым буд-ве і як ахоўныя насаджэнні ўздоўж дарог.

Г.У.Вынаеў.

Елка звычайная.

т. 6, с. 386

ЕЛСУКО́Ў (Альберт Мікалаевіч) (н. 9.12.1936, г. Архангельск, Расія),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1986), праф. (1988). Скончыў БДУ (1963). У 1964—66, 1969—73 выкладаў у Бел. політэхн. ін-це. З 1973 у БДУ (з 1987 заг. кафедры філасофіі, з 1989 — сацыялогіі). Даследуе праблемы філасофіі, сацыялогіі, метадалогіі і гісторыі навукі. Адзін з аўтараў дапаможніка для ВНУ па гісторыі сацыялогіі, сацыялагічных слоўнікаў і інш.

Тв.:

Методы научного познания. Мн., 1974 (разам з В.С.Сцёпіным);

Эмпирическое познание и факты науки. Мн., 1981;

Познание и миф. Мн., 1984.

т. 6, с. 386

Е́ЛЬМСЛЕЎ ((Hjelmslev) Луі Троль) (3.10.1899, Капенгаген — 30.5.1965),

дацкі мовазнавец. Праф. Капенгагенскага ун-та (з 1937). У 1931 разам з В.Брэндалем заснаваў Капенгагенскі лінгвістычны гурток (гл. ў арт. Структурная лінгвістыка), які ўзначальваў да 1965. Рэдактар час. «Acta Linguistica» («Лінгвістычныя справы»). Разам з Х.Ё.Ульдалем распрацаваў арыгінальную лінгвістычную тэорыю — гласематыку («Пралегомены да тэорыі мовы», 1943); прапанаваў агульную тэорыю склону («Катэгорыя склону. Даследаванне па агульнай граматыцы», 1935). Аўтар працы «Мова» (1963).

А.А.Кожынава.

т. 6, с. 386

Е́ЛЬНА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 3 км на ПнЗ ад г. Браслаў. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 0,46 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 6 м, даўж. берагавой лініі 4,2 км. Пл. вадазбору 138 км². Схілы катлавіны на У і Пд выш. 10—13 м, параслі хваёвым лесам, астатнія выш. 2—6 м, на Пн разараныя. Берагі пад хмызняком. Мелкаводдзе да глыб. 1 м пясчанае, ніжэй дно сапрапелістае. Зарастае. Упадаюць 5 ручаёў, у т. л. Бярэжа, на Пн выцякае ручай у воз. Струста.

т. 6, с. 386

Е́ЛЬНЕНСКІ ШКЛОЗАВО́Д.

Дзейнічаў у 1897—1916 у в. Ельня Слуцкага пав. (цяпер вёска ў Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл.). У 1900—13 наз. завод аконнага шкла «Ганцавічы». Меў лакамабіль (12 к.с.) і паравы кацёл. У 1913 працавалі 62 чал., з-д выпускаў высакаякаснае аконнае і люстраное шкло.

т. 6, с. 386