Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НУМУЛІ́ТЫ (Nummulites),

род вымерлых аднаклетачных марскіх арганізмаў атр. фарамініфер кл. караняножак.

Рэшткі Н. вядомы з верхнемелавых і палеагенавых адкладаў (утварыліся каля 100 млн. г. назад). Нумулітавыя вапнякі пашыраны ў Еўропе (Парыжскі басейн), у горных масівах Цэнтр. Азіі, Паўн. Афрыцы, Цэнтр. Амерыцы (буд. матэрыял, які выкарыстоўваўся яшчэ пры ўзвядзенні пірамід). Мелі сачавіца- ці дыскападобную ракавіну дыям. 1—16 см са шматлікімі абаротамі. падзеленую перагародкамі на камеры. Вялі прыдонны спосаб жыцця. Выкапнёвыя рэшткі служаць стратыграфічным матэрыялам пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.

П.Ф.Каліноўскі.

т. 11, с. 389

НУНАТА́К (эскімоскае),

ізаляваная скалістая вяршыня, якая выступае над паверхняй ледавіка. Н. характэрны для краявых частак ледавіковых покрываў Грэнландыі і Антарктыды.

т. 11, с. 389

НУ́НЦЫЙ (ад лац. nuntius вяшчун),

пастаянны дыпламат. прадстаўнік Ватыкана пры ўрадзе замежнай дзяржавы, якая падтрымлівае з ім афіц. дыпламат. адносіны. Паводле Венскай канвенцыі аб дыпламат. адносінах 1961 Н. адпавядае дыпламат. рангу надзвычайнага і паўнамоцнага пасла. Інстытут пастаяннага прадстаўніцтва Н. склаўся ў 1-й пал. 16 ст. У большасці каталіцкіх краін Н. з’яўляецца старэйшынай (дуаенам) дыпламат. корпуса.

т. 11, с. 389

НУ́НЬЕС ДЭ БАЛЬБО́А ((Núñez de Balboa) Васка) (каля 1475, г. Херэс-дэлос-Кабальерас, Іспанія — 1517),

іспанскі канкістадор. У 1500 адправіўся ў Амерыку на в-аў Эспаньёла (цяпер Гаіці). У 1510 пераправіўся на Панамскі перашыек, у новую ісп. калонію, адкуль у пошуках зручнага шляху ў Перу у 1513 упершыню перасек Панамскі перашыек і дасягнуў берагоў Ціхага ак., які назваў Паўднёвым м. У пач. 1517 абвінавачаны ісп. губернатарам у змове і пакараны смерцю.

т. 11, с. 389

НУНЬЦЗЯ́Н, Нэньцзян,

рака на ПнУ Кітая, левы, самы вял. прыток р. Сунгары (бас. р. Амур). Даўж. 1089 км, пл. басейна 244 тыс. км². Пачынаецца на схілах хр. Ільхуры-Алінь, цячэ па раўніне Сунляо; рэчышча звілістае, часта падзяляе на рукавы і пратокі. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні каля 700 м³/с. Летнія паводкі. Суднаходная ад г. Цыцыкар.

т. 11, с. 389

НУРА́,

рака ў Казахстане. Даўж. 978 км, пл. басейна 60,8 тыс. км². Цячэ ў межах Казахскага драбнасопачніка. Упадае ў бяссцёкавае воз. Тэнгіз. Сярэдні расход вады за 369 км ад вусця 19,5 м³/с. Летам у верхнім цячэнні перасыхае, зімой прамярзае. На Н. — вадасховішчы Самаркандскае (для водазабеспячэння гарадоў Караганда і Тэміртау) і Самарскае (для ліманнага арашэння).

т. 11, с. 389

НУ́РАВА,

вёска ў Боркавіцкім с/с Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл., каля р. Зах. Дзвіна. Цэнтр калгаса. За 40 км на ПдУ ад г. Верхнядзвінск, 149 км ад Віцебска, 12 км ад чыг. ст. Боркавічы. 414 ж., 152 двары (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 390

НУРА́ГА,

тып вежы, адметны цыклапічнай муроўкай. Пашыраны на в-ве Сардзінія з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. да захопу яго Рымам. Уяўляюць сабой умацаваныя жытлы і культавыя месцы. Н. расшыраюцца кнізу, звычайна маюць 2 паверхі. Кожны яе ярус — акруглы пакой, часам з бакавымі памяшканнямі, столь утвараецца ступеньчатым скляпеннем. Многія Н. былі абкружаны дамамі. Выкарыстоўваліся як абарончыя збудаванні, з імі таксама звязаны некропалі Сардзініі.

І.М.Язэпенка.

т. 11, с. 390

НУ́РМІ ((Nurmi) Паава) (13.6.1897, г. Турку, Фінляндыя — 2.10.1973),

фінскі спартсмен (лёгкая атлетыка, бег). Чэмпіён VII, VIII і IX Алімп. гульняў (1920, г. Антверпен, Бельгія — у бегу на 10000 м і ў кросе на 8000 м у асабістым і камандным заліку; 1924, Парыж — у бегу на 1500, 3000 і 5000 м у камандным заліку, у кросе на 10 000 м у асабістым і камандным заліку; 1928, Амстэрдам — у бегу на 10 000 м), сярэбраны прызёр (1920, на дыстанцыі 5000 м; 1928, на дыстанцыях 3000 м з перашкодамі і 5000 м). Устанавіў 22 сусв. рэкорды (1922—31) на розных дыстанцыях.

т. 11, с. 390

НУ́РМУ-ЛЁЎБЕРГ ((Nordmo-Lörberg) Озе) (н. 10.6.1923, г. Мольсельв, Нарвегія),

нарвежская спявачка (сапрана). Спевам вучылася ў Осла. З 1952 салістка Стакгольмскай каралеўскай оперы. З 1978 дырэктар опернага т-ра ў Осла. Спявала ў Венскай дзярж. оперы, т-ры «Метраполітэн-опера» і інш., з 1960-х г. пераважна ў краінах Скандынавіі. Валодала яркім, насычаным голасам прыгожага тэмбру. Найб. вядома як выканальніца партый у операх Р.Вагнера і як інтэрпрэтатар песень Э.Грыга і Я.Сібеліуса. Сярод лепшых партый: Зіглінда, Эльза, («Валькірыя», «Лаэнгрын» Вагнера), Аіда («Аіда» Дж.Вердзі), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні).

т. 11, с. 390