Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАЗЕ́ТА,

друкаванае перыядычнае выданне, якое публікуе матэрыялы пра падзеі ў паліт. эканам. і духоўным жыцці грамадства; адзін з асн. сродкаў масавай інфармацыі. Вызначаецца аператыўнасцю, фарматам, перыядычнасцю. Змяшчае афіц. і паліт. дакументы, карэспандэнцыі і каментарыі, хранікальныя паведамленні і маст. творы. Першыя газеты з’явіліся ў Зах. Еўропе ў пач. 17 ст., у Расіі — у 1702 пад назвай «Ведомости». Папярэднікамі бел. газет былі аднадзёнкі, першая з іх «Новіны грозные а жалостлівые...» выйшла ў пач. 1563 у Нясвіжскай друкарні. Першай у ВКЛ была «Газэта літэрацка Віленьска» (засн. ў 1760, выдавалася Віленскай езуіцкай акадэміяй). На тэр. сучаснай Беларусі былі «Газэта Гродзеньска» (1776—83) і «Вядомосьці Гродзеньске» (1792). З канца 1830-х г. афіц. друкаваным выданнем Паўд.-Зах. краю стаў «Виленский вестник» (з 1841 выходзіў на польск. і рус., з 1865 — на рус. мове). З 1838 выдаваліся афіц. газеты губернскіх праўленняў: «Виленские губернские ведомости», «Витебские губернские ведомости», «Гродненские губернские ведомости», «Минские губернские ведомости», «Могилевские губернские ведомости». З канца 1860-х г. выходзілі афіц. царк. «Епархиальные ведомости». У Вільні выдавалася грамадска-паліт., літ. і эканам. газета «Северо-Западное слово» (1898—1905). Першым нац. перыядычным органам была газета «Мужыцкая праўда», якую выдавалі нелегальна ў 1862—63 К.Каліноўскі і яго паплечнікі. У 1886 у Мінску выйшла першая прыватная грамадска-паліт. і літ. Газета «Минский листок» (з 1902 «Северо-Западный край»).

У пач. 20 ст. на Беларусі ў многіх губ. і павятовых цэнтрах выдаваліся газетаы розных кірункаў: «Белорусский вестник», «Северо-Западный голос», «Северо-Западное слово», «Бобруйская жизнь», «Витебский вестник», «Голос провинции», «Окраина», «Полоцкий листок» і інш. Вялікім дасягненнем бел. журналістыкі быў выхад першых масавых газет на бел. мове «Наша доля» і «Наша ніва», якія сталі цэнтрамі нац.-вызв. руху. За 1817—1916 на Беларусі выдадзена 249 выданняў, з іх беларускамоўных (кірыліцай ці лацінкай) 13.

У час 1-й сусв. вайны і пасля Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917 у Беларусі быў наладжаны выпуск афіц., парт., салдацкіх і інш. газет: «Фронт», «Гоман», «Вольная Беларусь», «Звезда» (гл. «Звязда»), «Вестник Минского губернского комиссариата» і інш. (усяго больш за 80 выданняў на бел., рус., польскай і яўр. мовах). У грамадз. вайну выходзілі толькі тыя газеты, якія падтрымлівалі сав. ўладу: «Дзянніца» (Петраград, Масква), «Революционная ставка», «Набат», «Белорусская правда», «Минский пролетарий» і інш. У 1920-я г. створаны шэраг газет, якія былі афіц. органамі Саветаў і парт. к-таў усіх узроўняў, што вызначала іх змест і задачы. Выходзілі газеты: «Беларуская вёска», «Рабочий» (гл. «Советская Белоруссия»), «Красная смена» (гл. «Чырвоная змена»), «Заря запада» (гл. «Віцебскі рабочы»), «Полесская правда» (гл. «Гомельская праўда») і інш. У 1924 утвораны акруговыя газеты. У пач. 1930-х г. на базе акруговых, шматтыражных калгасна-саўгасных і некат. фабрычных газет пачалі выходзіць раённыя; з 1932 — «Літаратура і мастацтва». У 1933—34 створана каля 100 шматтыражных газет — органаў палітаддзелаў МТС і саўгасаў. З 1938 пачалі выдавацца абл. газеты. У 1940 выходзілі 252 газеты гадавым тыражом 192,7 тыс. экз.

У 1921—39 у Зах. Беларусі ў легальных і нелегальных умовах выходзілі газеты «Беларускія ведамасці», «Беларуская справа», «Наша праўда», «Народны звон», «Наша воля», «Родны край», «Беларуская крыніца», «Барацьба», «Малады камуніст» і інш. Многія з іх вялі барацьбу за сац. і нац. вызваленне бел. народа, нешматлікія выступалі ў падтрымку ідэй БНР, а некат. адкрыта падтрымлівалі паланізатарскую палітыку ўлад, прапаведавалі нацыянал-сацыялізм (гл. Заходнебеларускі друк).

У гады Вял. Айч. вайны на акупіраванай тэр. Беларусі падпольна выдавалася больш за 170 рэсп., абл. і раённых газет, распаўсюджваліся газеты, што выдаваліся ў сав. тыле: «За Савецкую Беларусь», «За свабодную Беларусь», «Раздавім фашысцкую гадзіну» і інш. (гл. Падпольны і партызанскі друк на Беларусі ў гады Вял Айч. вайны). Калабарацыяністы выдавалі «Беларускую газэту» і інш. (гл. Друк акупацыйны ў гады Вял. Айч. вайны).

Пасля вайны на Беларусі адноўлена сетка абл., раённых, гар. і аб’яднаных газет, створаны новыя выданні: «Мінская праўда», «Савецкі селянін», «За вяртанне на Радзіму» (гл. «Голас Радзімы») і інш. У 1950—53 у зах. абласцях Беларусі выходзілі 124 шматтыражныя газеты — органы палітаддзелаў МТС. У 1954 з’явіліся аб’яднаныя (раённыя і гар.) газеты. У 1955 на Беларусі выдавалася 218 газет гадавым тыражом 233,2 млн. экз. У 1962 выдаваліся міжраённыя газеты. У 1965 раённыя газеты былі адноўлены. У 1967 выйшла першая вячэрняя газета на Беларусі «Вячэрні Мінск». У 1980 выходзілі 193 газеты, у т. л. 11 рэспубліканскіх, 6 абл., 11 аб’яднаных, 3 гар., 106 раённых, 54 шматтыражныя. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі (1991) акрамя афіц. сталі выходзіць газеты шматлікіх партый і рухаў, грамадскіх, культ. і інш. аб’яднанняў, творчых і прафес. саюзаў, калектываў, прыватных асоб: «Народная газета», «Рэспубліка», «Беларускі час», «Свабода», «Народная воля», «Товарищ», «Мы и время», «Цэнтральная газета», «Набат» і інш. У 1993 выдавалася 491 газета, у т. л. 120 раённых і аб’яднаных. У 1990-я г. пашырылі выдавецкую дзейнасць прадстаўнікі бел. дыяспары ў ЗША, Канадзе і інш. краінах. На 1.1.1997 у Беларусі зарэгістравана 579 газет. Інфармацыю пра замежныя газеты гл. ў раздзеле Друк, радыё, тэлебачанне ў артыкулах пра краіны.

Літ.:

Периодическая печать Белоруссии, 1817—1916 гг.: Библиогр. указ. Мн., 1960;

Перыядычны друк Беларускай ССР. Вып. 2. Газеты (1917—1959 гг.). Мн., 1960;

Падпольныя перыядычныя выданні на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Бібліягр. паказ. / Склад. В.С.Адамовіч. Мн., 1975;

Перыядычны друк Беларусі. Мн., 1981;

Газеты Беларускай ССР. Ч. 1—2. Мн., 1984—85;

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;

Булацкі Р.В., Сачанка І.Л., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979;

Говін С.В. Друк Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.). Мн., 1974;

К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;

Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст. Мн., 1960.

С.В.Говін.

т. 4, с. 431

«ГАЗЕ́ТА ВЫБО́РЧА»

(«Gazeta Wyborcza», «Выбарчая газета»),

незалежнае польскае перыяд. выданне. Выдаецца штодзённа з 1989 у Варшаве на польск. мове; выходзіць і ў англамоўным варыянце пад назвай «Gazeta international» («Міжнародная газета»). Створана кааліцыяй правячых партый (ПАРП і інш.) і паліт. апазіцыі з мэтай забеспячэння выбарчай кампаніі 1989 у сейм і сенат прадстаўнікоў «Салідарнасці».

т. 4, с. 434

«ГАЗЕ́ТА ГРОДЗЕ́НЬСКА»

(«Gazeta Grodzieńska»),

першае перыядычнае выданне на тэр. сучаснай Беларусі. Выдавалася з мая 1776 да 1783 (?) у Гродне на польск. мове раз на тыдзень на 2 старонках фарматам 15 х 20 см. Друкавалася ў Гродзенскай друкарні. У перадавых артыкулах абмяркоўваліся надзённыя грамадска-паліт. праблемы (на той час унікальная з’ява). Па патрабаванні караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Гродне была ўведзена пасада цэнзара, па загадзе якога рэдакцыйныя артыкулы часам замяняліся паведамленнямі з інш. выданняў. Змяшчала інфармацыю пра падзеі ў горадзе, аб’явы. Апошні выяўлены нумар газеты датаваны 28.12.1780.

т. 4, с. 434

ГАЗІ́

(сапр. Мінгазееў) Ібрагім Зарыфавіч (4.2.1907, в. Старыя Карамалы, Татарстан — 21.2.1971),

татарскі пісьменнік. Пісаў на рус., тат. і башк. мовах. Першыя творы ў друку з’явіліся ў 1930-я г. У апавяданнях і аповесцях жыццё рабочай моладзі і калгаснай вёскі, падзеі Вял. Айч. вайны (зб-кі «Іх было трое», 1945; «Мы яшчэ сустрэнемся», 1947, і інш.). Працоўныя будні, разнастайныя аспекты жыцця сучаснікаў адлюстраваны ў аўтабіягр. трылогіі «Незабыўныя гады» («Дзяцінства», «Хлеб, вінтоўка і каханне», «Калі мацнеюць крылы», 1949—66), рамане «Звычайныя людзі» (1955). Выступаў як літ. крытык, перакладчык.

т. 4, с. 432

ГАЗІРАВА́НЫЯ НАПІ́ТКІ,

напіткі, насычаныя вуглякіслым газам да 5—10 г/л. Маюць своеасаблівы прыемны смак, асвяжальныя ўласцівасці і т.зв. пеністасць (інтэнсіўнае і працяглае выдзяленне бурбалачак газу). Вуглякіслы газ за кошт кансервавальных уласцівасцей павышае ўстойлівасць газіраваных напіткаў пры захоўванні. Натуральнае газіраванне напіткаў (шампанскае, сідр, піва, пеністае віно, хлебны квас) адбываецца пры браджэнні. Фруктовыя і мінер. воды, шыпучыя віны і ваду газіруюць у спец. апаратах (сатуратары, акратафоры) мех. увядзеннем і растварэннем у вадкасці вуглякіслага газу.

т. 4, с. 432

ГАЗІФІКА́ЦЫЯ,

працэс выкарыстання гаручых газаў у розных галінах тэхнікі і на быт. патрэбы. Садзейнічае росту эфектыўнасці вытв-сці, паляпшэнню сан.-гігіенічных умоў працы і побыту.

Зараджэнне газіфікацыі адносіцца да 18 — пач. 19 ст., калі сталі скарыстоўваць газ для асвятлення гарадоў у Вялікабрытаніі, Францыі, Бельгіі і інш. краінах. З развіццём газавай прамысловасці пачалося планамернае і мэтанакіраванае выкарыстанне прыроднага газу ў хім. прам-сці, металургіі, машынабудаванні, энергетыцы, буд-ве, жыллёва-камунальнай гаспадарцы і інш. Найб. развіта ў ЗША, Расійскай Федэрацыі, Канадзе, Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі, ФРГ, Нідэрландах, Венгрыі, Польшчы, Румыніі, Алжыры, Лівіі і інш.

На Беларусі шырокая прамысл. і бытавая газіфікацыя пачалася з 1960, пасля буд-ва магістральнага газаправода Дашава—Мінск. Да 1964 прыродны газ атрымалі Брэст, Гродна, Баранавічы, Бярозаўская ДРЭС, Ваўкавыскі цэментны і Бярозаўскі вапнавы з-ды, на пач. 1971—52 гарады рэспублікі. Агульная працягласць газаправодаў на Беларусі каля 17 тыс. км (1995). Звадкаваны нафтавы газ пастаўляецца з Расійскай Федэрацыі. У 1995 прыродны газ выкарыстоўваўся ў 97 гарадах і пасёлках, амаль у 700 населеных пунктах. З агульнай колькасці рэалізаванага прыроднага газу выкарыстана: прамысл. прадпрыемствамі і электрастанцыямі 83%, камунальна-бытавымі прадпрыемствамі і насельніцтвам каля 8% (гл. табл.). <TABLE>

т. 4, с. 432

ГАЗІФІКА́ЦЫЯ ПА́ЛІВА,

ператварэнне арган. часткі цвёрдага або вадкага паліва ў гаручыя газы шляхам няпоўнага акіслення пры высокай т-ры паветрам (кіслародам, вадзяной парай, іх сумесямі). Пашырылася ў 19 ст. з-за пераваг газавага паліва над цвёрдым і вадкім. Газіфікуюць бурыя і каменныя вуглі, драўніну, торф, гаручыя сланцы, кокс, мазут і інш. Газіфікацыя паліва вядзецца ў газагенератарах, таму атрыманыя газы наз. генератарнымі.

У залежнасці ад саставу газаў, якія падаюцца ў газагенератар, атрыманыя газы наз. паветранымі (пры газіфікацыі паветрам), парапаветранымі, паракіслароднымі і г.д. Састаў дуцця падбіраецца так, каб цяпла, што выдзяляецца ў экзатэрмічных рэакцыях, хапіла на ўвесь працэс. Пры газіфікацыі цвёрдага паліва кіслародам або вадзяной парай акісляецца непасрэдна вуглярод, пры газіфікацыі вадкага паліва пад уздзеяннем высокай т-ры вуглевадароды расшчапляюцца да нізкамалекулярных злучэнняў або элементарных рэчываў, якія акісляюцца. Пашырана таксама падземная газіфікацыя паліва — ператварэнне выкапнёвага паліва пад зямлёй, на месцы залягання, у гаручы газ, які выводзіцца на паверхню праз свідравіны (гл. Падземная газіфікацыя вугалю). Газы, атрыманыя газіфікацыяй паліва, выкарыстоўваюцца як паліва і як сыравіна для вытв-сці вадароду, аміяку, метанолу, штучнага вадкага паліва і інш. Газіфікацыя паліва ўжываецца пераважна ў раёнах, бедных гаручымі прыроднымі газамі і аддаленых ад магістральных газаправодаў.

т. 4, с. 433

ГАЗІЯНТЭ́П

(Gaziantep),

горад на ПдУ Турцыі. Адм. ц. іля Газіянтэп. 603,4 тыс. ж. (1990). Чыг. ст. на лініі, якая ідзе ў Сірыю і Ірак. Аэрапорт. Машынабудаванне і дрэваапрацоўка. Вытв-сць цэменту, тэкст. і гарбарных вырабаў; спіртагарэлачныя і мылаварныя прадпрыемствы. Гандаль с.-г. прадукцыяй. Медрэсе сельджукскага перыяду (11—12 ст., цяпер археал. музей), руіны сярэдневяковай крэпасці.

т. 4, с. 433

ГАЗЛІ́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА газавае, ва Узбекістане, за 100 км на ПнЗ ад г. Бухара, у пустыні Кызылкум. Уваходзіць у Амудар’інскую газанафтаносную правінцыю. Адкрыта ў 1956, распрацоўваецца з 1961. Пачатковыя запасы газу каля 0,5 трлн. м³. Прадукцыйныя пясчанікі і алеўраліты мелу на глыб. 680—1180 м. Цэнтр здабычы — г. Газлі. Газаправоды на Урал, у цэнтр. еўрап. частку Расійскай Федэрацыі, Ташкент і інш.

т. 4, с. 433

ГАЗЛІ́ФТ

(ад газ + англ. lift падымаць),

прыстасаванне для падымання кропельнай вадкасці сціснутым газам, што змешваецца з ёй. Сціснуты кампрэсарам газ змешваецца з вадкасцю з утварэннем газавадкаснай сумесі, якая пасля пад’ёму раздзяляецца ў сепаратары. Прадукцыйнасць да 500 м³/гадз; ккдз да 36%. Выкарыстоўваецца для пад’ёму вады (на выш. да 1000 м) і нафты (да 2000 м) з буравых свідравін з дапамогай спадарожнага газу з нафтаносных пластоў (газліфт, дзе выкарыстоўваецца атм. паветра, наз. эрліфтам), а таксама розных раствораў і вадкасцей у хім. вытв-сці і інш.

т. 4, с. 433