Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НОНКАНФАРМІ́ЗМ (англ. nonconformism літар. нязгода),

нязгоднасць, неўспрыманне норм, каштоўнасцей, мэт, што дамінуюць у дадзенай групе, грамадстве; імкненне любой цаной супярэчыць думцы большасці і паводзіць сябе процілеглым чынам; крытычныя адносіны да афіц. ідэалогіі і грамадска-паліт. ладу.

т. 11, с. 376

НОНКАНФАРМІ́СТЫ,

члены англ. царкоўнай арг-цыі (прэсвітэрыяне, кангрэгацыяналісты, квакеры, метадысты, баптысты і інш.), якія не прызналі абрадаў дзярж. англіканскай царквы. Плыні Н. (інш. назвы «дысентэры» — што адступаюць ад афіц. веравызнання) узніклі ў 16 ст., тэрмін «Н.» з’явіўся пасля прыняцця ў 1662 англ. парламентам «Акта пра аднастайнасць». Першапачаткова Н. імкнуліся рэфармаваць англіканскую царкву ў духу кальвінісцкага пурытанізму. Аднак афармленне англіканства як «сярэдняга шляху» паміж каталіцызмам і пратэстантызмам вымусіла іх адлучыцца ад дзярж. царквы і стаць у апазіцыю да яе. Ганенні на Н. асабліва ўзмацніліся пасля рэстаўрацыі манархіі ў 1660, калі шэрагам дзярж. актаў яны па сутнасці былі пастаўлены па-за законам і пачалі праследавацца. Многім з іх давялося эмігрыраваць, у т.л. ў Паўн. Амерыку. Законы, якія абмяжоўвалі грамадзянскія і паліт. правы Н., былі ў асноўным адменены ў 1828.

т. 11, с. 376

НО́НСЕНС (англ. nonsense ад лац. non не, няма + sensus сэнс, розум),

бяссэнсіца, недарэчнасць.

т. 11, с. 376

НОНФІГУРАТЫ́ЎНАЕ МАСТА́ЦТВА,

гл. Абстрактнае мастацтва.

т. 11, с. 376

НО́НХАРТ (Nonhardt. Nonhaart, Nonharteken) Пётр (? — 1633), бел. архітэктар і будаўнік. Паходзіў з Галандыі. З 1611 загадваў каралеўскімі збудаваннямі ў Вільні, начальнік каралеўскіх фартыфікацый у ВКЛ. Пабудаваў палац у Вільні (пасля 1610), Гайцюнішскі дом-крэпасць.

т. 11, с. 376

НО́РАВЫ,

прынятыя ў грамадстве або калектыве ўстойлівыя ўзоры паводзін; звычаі, якія склаліся ў працэсе гіст. развіцця і маюць маральную каштоўнасць. Паняцце «Н.», блізкае да паняццяў нормы маральныя, норма паводзін, звычайна выкарыстоўваецца пры характарыстыцы ладу жыцця пэўнага грамадства. Да Н. належаць і звычаі, якія супярэчаць патрабаванням маралі і маюць адмоўную маральную каштоўнасць. Пры ўздыме ўзроўню цывілізацыі і павышэнні маральнасці грамадства Н. змякчаюцца, пры дэмаралізацыі грамадства, сац. катаклізмах адбываецца іх агрубенне (павышэнне колькасці актаў насілля, узнікненне бязлітаснасці і інш.).

т. 11, с. 376

НОРАДРЭНАЛІ́Н, норэпінефрын,

біялагічна актыўнае рэчыва з групы катэхаламінаў, нейрагармон. Утвараецца ў клетках мазгавога слоя наднырачнікаў і ў нерв. сістэме чалавека і пазваночных жывёл, з’яўляецца перадатчыкам (медыятарам) нерв. ўзбуджэння. Біяхім. папярэднік адрэналіну.

Атрымліваюць сінт. шляхам. Стымулюе скарачэнні сэрца, расслабляе мускулатуру бронхаў, уплывае на абмен рэчываў. Сакрэцыя Н. ўзмацняецца пры стрэсе, фіз. нагрузках і інш. Выкарыстоўваюць у медыцыне пры зніжэнні артэрыяльнага ціску. калапсе, страце крыві, шоку.

т. 11, с. 376

НО́РВІД ((Norwid) Цыпрыян Каміль) (24.9.1821, в. Ляскова-Глухы каля Варшавы — 23.5.1883),

польскі пісьменнік. Вучыўся ў варшаўскай гімназіі, маст. школах (1831—40). З 1842 жыў за мяжой (Германія, Італія, Бельгія, Францыя, ЗША, Англія), з 1854 у Парыжы. Прадстаўнік другога пакалення польск. рамантыкаў. Непрызнаны пры жыцці, апублікаваў толькі частку напісанага (шмат з яго спадчыны згублена). Сярод лепшых твораў: лірычныя вершы, прысвечаныя выдатным людзям і падзеям («Памяці Бэма жалобная рапсодыя», 1851, выд. 1910; вершы ў гонар А.Міцкевіча «Што ты зрабіў Афінам...», 1856, і «Спартак», 1857; «Фартэпіяна Шапэна», 1865, і інш.), лірычны цыкл «Vademecum» (1858—66, выд. 1947), філас. паэма «Асунта» (1870, выд. 1908), драм. фантазія «За кулісамі» (1865—66, паст. 1946), трагедыі «Пярсцёнак велікасвецкай дамы» (1872, паст. 1936) і «Клеапатра» (1872—79, паст. 1934). Аўтар навел, філас.-эстэт. трактатаў, цыкла эсэ «Чорныя кветкі» (1857, выд. 1904) пра парыжскія сустрэчы з Міцкевічам, Ю.Славацкім, Ф.Шапэнам. Распрацоўваў праблемы гісторыі цывілізацыі і сучаснасці, культуры еўрап. народаў, агульначалавечай маралі і інш., імкнуўся да стварэння новых паэт. сродкаў. Яго творчай манеры ўласціва філасафічнасць, інтэлектуальная гульня, афарыстычнасць, сімволіка, схільнасць да парадоксаў. іронія. Аўтар шматлікіх малюнкаў, афортаў, гравюр. На бел. мову яго вершы пераклалі А.Мінкін, В.Сёмуха.

Тв.:

Pisma wybrane. T. 1—5. 2 wyd. Warszawa, 1980;

Бел. пер. — у кн : Прыйдзі, стваральны дух. Мн., 1986;

Ідзі за мною: Лірыка. Мн., 1993;

Рус. пер. — Стихотворения. М., 1972.

Літ.:

Inglot M. Cyprian Norwid. Warszawa, 1991.

С.Дз.Малюковіч.

Ц.Норвід.

т. 11, с. 377

НОРД (ням. Nord, галанд. noord),

поўнач. Абазначаецца — N. Н. таксама наз. паўн. вецер.

т. 11, с. 377

НО́РДВІК,

бухта ў моры Лапцевых паміж п-вамі Хара-Тумус на З і Нордвік на У. Даўж. 37 км, шыр. 39 км, глыб. 6 м. Большую ч. года ўкрыта лёдам. Порт — Нордвік.

т. 11, с. 377