НОНКАНФАРМІ́СТЫ,
члены англ. царкоўнай арг-цыі (прэсвітэрыяне, кангрэгацыяналісты, квакеры, метадысты, баптысты і інш.), якія не прызналі абрадаў дзярж. англіканскай царквы. Плыні Н. (інш. назвы «дысентэры» — што адступаюць ад афіц. веравызнання) узніклі ў 16 ст., тэрмін «Н.» з’явіўся пасля прыняцця ў 1662 англ. парламентам «Акта пра аднастайнасць». Першапачаткова Н. імкнуліся рэфармаваць англіканскую царкву ў духу кальвінісцкага пурытанізму. Аднак афармленне англіканства як «сярэдняга шляху» паміж каталіцызмам і пратэстантызмам вымусіла іх адлучыцца ад дзярж. царквы і стаць у апазіцыю да яе. Ганенні на Н. асабліва ўзмацніліся пасля рэстаўрацыі манархіі ў 1660, калі шэрагам дзярж. актаў яны па сутнасці былі пастаўлены па-за законам і пачалі праследавацца. Многім з іх давялося эмігрыраваць, у т.л. ў Паўн. Амерыку. Законы, якія абмяжоўвалі грамадзянскія і паліт. правы Н., былі ў асноўным адменены ў 1828.
т. 11, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)