Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАВЫ́ДАЎ (Валянцін Канстанцінавіч) (н. 22.7.1934, в. Уласава Валагодскай вобл., Расія),

бел. артыст балета. Нар. арт. Беларусі (1964). Скончыўшы студыю класічнага танца пры Ленінградскім Палацы культуры імя Горкага (1954), працаваў у т-рах Алматы і Пермі. У 1956—72 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова ў 1956—67 педагог Бел. харэаграфічнага вучылішча. Адзін з вядучых выканаўцаў гал. партый класічнага рэпертуару. Творчай манеры Давыдава былі ўласцівы высакароднасць і чысціня пластычнай формы, пачуццё стылю, эмацыянальная насычанасць танца. Сярод партый: Мікалай («Мара» Я.Глебава), Андрэй, Алесь («Падстаўная нявеста», «Святло і цені» Г.Вагнера), Зігфрыд, Дэзірэ, Прынц («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.Адана), Франц («Блакітны Дунай» на муз. І.Штрауса), Юнак («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна), Феб («Эсмеральда» Ц.Пуні), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Прынц, Рамэо («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Спартак, Гармодый («Спартак» А.Хачатурана), Лені («Сцежкаю грому» К.Караева).

А.І.Калядэнка.

т. 5, с. 566

ДАВЫ́ДАЎ (Дзяніс Васілевіч) (27.7.1784, Масква — 4.5.1839),

герой вайны 1812, ваен. пісьменнік і паэт, ген.-лейт. (1831). З 1801 на ваен. службе ў кавалерыі (з 1804 у гусарах). У час вайны 1812 камандаваў атрадам гусараў і казакоў, паспяхова дзейнічаў у тыле ворага. Удзельнік замежных паходаў 1813—14. З 1823 у адстаўцы. У 1826—1827 зноў служыў на Каўказе. Удзельнічаў у падаўленні паўстання 1830—31, у т. л. ў Беларусі. Аўтар ваен.-гіст. прац: «Дзённік партызанскіх дзеянняў 1812» (1860), «Вопыт тэорыі партызанскіх дзеянняў» (1821) і інш. Як паэт выступаў з 1803. Стварыў жанр «гусарскай лірыкі» (зб. «Вершы», 1832).

Тв.:

Военные записки. М., 1982;

Избранное. М., 1984;

Стихотворения. Л., 1984.

Літ.:

Серебряков Г. Денис Давыдов. М., 1985.

т. 5, с. 566

ДАВЫ́ДАЎ, Давідаў Карл Юльевіч (15.3.1838, г. Кулдыга, Латвія — 26.2.1889), расійскі віяланчэліст, кампазітар, дырыжор, педагог; заснавальнік рус. класічнай віяланчэльнай школы 2-й пал. 19 ст. Скончыў фізіка-матэм. ф-т Маскоўскага ун-та (1858). Музыцы вучыўся ў А.Шміта і К.Шуберта. З 1852 канцэртаваў у Расіі і за мяжой як саліст, ансамбліст і дырыжор. У 1860—82 саліст і канцэртмайстар аркестраў Гевандхаўза ў Лейпцыгу і Італьян. оперы ў Пецярбургу. Праф. Лейпцыгскай (з 1860) і Пецярбургскай (1862—87; у 1876—87 дырэктар) кансерваторый. Аўтар опер, сімф. паэмы «Падарункі Церака», 4 канцэртаў і «Фантазіі на рускія песні» для віяланчэлі з аркестрам, транскрыпцый твораў віяланчэльнай класікі і інш. Складальнік «Школы для віяланчэлі» (1888). Сярод яго вучняў А.Вержбіловіч, Г.Віган, А.Глен, В.Гутар.

т. 5, с. 566

ДАВЫ́ДАЎ (Уладзімір Мікалаевіч) (сапр. Гарэлаў Іван Мікалаевіч; 19.1.1849, г. Наваміргарад, Украіна — 23.6.1925),

расійскі акцёр і педагог. Нар. арт. Рэспублікі (1922). З 1867 іграў у правінцыі. У 1880—1924 акцёр Александрынскага т-ра (Пецярбург), адначасова з 1883 выкладаў у тэатр. вучылішчы. Арганічнае пачуццё жыццёвай праўды, віртуознае валоданне тэхнікай пераўвасаблення, майстэрствам сцэн. мовы, міміка дазвалялі яму з поспехам выступаць у вадэвілях, камедыях, драмах: Фамусаў («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Мошкін («Халасцяк» І.Тургенева), Гараднічы, Падкалесін («Рэвізор», «Жаніцьба» М.Гогаля), Іванаў, Чабутыкін («Іванаў», «Тры сястры» А.Чэхава).

Тв.:

Рассказ о прошлом. Л.; М., 1962.

Літ.:

Брянский А. В.Н.Давыдов, 1849 — 1925: Жизнь и творчество. Л.; М., 1939.

т. 5, с. 566

ДАВЫ́ДАЎ (Юрый Пятровіч) (н. 14.6.1932, в. Сечанава Ніжагародскай вобл., Расія),

бел. хімік. Д-р хім. н. (1980), праф. (1984). Скончыў Ленінградскі ун-т (1955). З 1969 у Ін-це радыеэкалагічных праблем Нац. АН Беларусі. Навук. працы па даследаванні стану радыенуклідаў у растворах. Прапанаваў шэраг тэхнал. метадаў вылучэння радыенуклідаў з раствораў.

Тв.:

Состояние радионуклидов в растворах. Мн., 1978.

т. 5, с. 566

ДАВЫ́ДАЎ (Юрый Уладзіміравіч) (н. 20.11.1924, Масква),

рускі пісьменнік. Аўтар аповесцей «У марах і вандроўках» (1949, пра ліцэйскага сябра А.С.Пушкіна рус. мараплаўца Ф.Ф.Мацюшкіна), «Паўднёвы Крыж» (1957, пра капітана О.Я.Кацэбу), гіст. аповесцей пра нарадавольцаў «Сакавік» (1959) і «Глухая пара лістапада» (кн. 1—2, 1968—70), рамана пра Г.А.Лапаціна «Саламяная вартоўня» («Дзве вязкі пісьмаў», 1986, Дзярж. прэмія СССР 1987) і інш.

Тв.:

Соч. Т. 1—3. М., 1996.

т. 5, с. 567

ДАВЫ́ДАЎКА,

вёска ў Гомельскім р-не, каля аўтадарогі Гомель—Калінкавічы. Цэнтр сельсавета. За 7 км на ПдЗ ад Гомеля. 1312 ж., 329 двароў (1997). Лясніцтва. Разлікова-каап. прадпрыемства. Сярэдняя школа, аддз. сувязі.

т. 5, с. 567

ДАВЫ́ДАЎКА,

вёска ў Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Іпа. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 22 км на ПдЗ ад Светлагорска, 135 км ад Гомеля, 9 км ад чыг. ст. Жэрдзь. 103 ж., 60 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Каля вёскі Давыдаўскае радовішча каменнай солі і Давыдаўскае радовішча нафты.

т. 5, с. 567

ДАВЫ́ДАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА КАМЕ́ННАЙ СО́ЛІ,

у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Давыдаўка. Адкрыта ў 1941. Паклады звязаны з верхнедэвонскай саляноснай фармацыяй, прымеркаваны да Давыдаўскага падняцця Рэчыцкага вала Прыпяцкага прагіну. Соль залягае асобнымі пластамі з тонкімі праслоямі глініста-карбанатных парод. Разведаныя запасы 20,7 млрд. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—69 м. Паверхня адкладаў залягае на глыб. 823,4—880 м.

А.П.Шчураў.

т. 5, с. 567

ДАВЫ́ДАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ,

у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Давыдаўка. Адкрыта ў 1967. Распрацоўваецца з 1975. Паклады нафты пл. каля 11 км² прымеркаваны да падсалявых, міжсалявых і надсалявых дэвонскіх адкладаў на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Нафтаносныя гарызонты залягаюць на глыб. 2532 — 3110 м. Пароды-калектары — кавернозна-порава-трэшчынаватыя даламіты, даламітызаваныя вапнякі, вапнякі, ангідрыты з лінзамі вапнякоў. Нафта лёгкая, маласярністая, смалістая, парафінавая з вялікай колькасцю бензінавых і газавых фракцый.

А.П.Шчураў.

т. 5, с. 567