ДАВІДО́ВІЧ (Лілія Міхайлаўна) (н. 25.12.1936, г. Гродна),
бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1975). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1960). Працуе ў Нац. т-ры імя Я.Купалы. У яе творчасці спалучаюцца быт. і рамантычнае мастацтва, вастрыня і яскравасць малюнка ролі з лірызмам і паэтычнасцю. Найб. поўна яе акцёрская індывідуальнасць раскрылася ў ролі Ганны Чарнушкі («Людзі на балоце» паводле І.Мележа; Дзярж. прэмія Беларусі 1966 за выкананне аднайм. ролі ў тэлеспектаклі). Сярод роляў: Рая, Соня, Галя («Пагарэльцы», «Лявоніха на арбіце», «Трыбунал» А.Макаёнка), Вера («Радавыя» А.Дударава), Юлія Тугіна («Апошняя ахвяра» А.Астроўскага), Валька, Марыя Сяргееўна («У мяцеліцу», «Залатая карэта» Л.Лявонава), Шафрак («У ноч зацьмення месяца» М.Карыма), Дзіяна («Канец — справе вянец» У.Шэкспіра), Аманда («Блакітная ружа» Т.Уільямса). Здымаецца ў кіно («Вазьму твой боль», «Людзі на балоце», «Подых навальніцы» і інш.), тэлеспектаклях («Крах», «Ткачы», «Федра»).
т. 5, с. 563
ДАВІДО́ВІЧ (Мікалай Пятровіч) (15.8.1919, в. Карбачоўка Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 29.6.1993),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Туркестанскае кулямётнае вучылішча (1945). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1942. Камандзір кулямётнага разліку сяржант Давідовіч вызначыўся ў 1943 на Варонежскім фронце: у вер. ўдзельнічаў у захопе плацдарма на правым беразе Дняпра ў раёне с. Новыя Пятроўцы Вышгарадскага р-на Кіеўскай вобл.; застаўшыся жывым адзін, некалькі гадзін адбіваў атакі праціўніка. Да 1946 у Сав. Арміі.
т. 5, с. 563
ДАВІДО́ВІЧ (Сяргей Фёдаравіч) (н. 20.6.1942, в. Карпілаўка Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік, мастак. Скончыў Вышэйшую школу МУС Рэспублікі Беларусь (1981). Зб-кі вершаў «Спасцігнуў я тайну» (1991), паэм «Люстэрка лёсу» (1993), паэт.-празаічных твораў «Нясу свой крыж» (1995), «Горкая кропля» (1997) вызначаюцца глыбінёй абагульненняў, вобразнасцю, метафарычнасцю. Аўтар больш як 30 паэм, сярод іх «Зона», «Адкрыты ліст», «Маналог», «Лёс лесу» і інш. Многія яго вершы пакладзены на музыку (кампазітары Я.Глебаў, І.Лучанок, В.Іваноў, Л.Захлеўны і інш.). Як мастак працуе ў жанрах пейзажа («Вясна», «Курапаты», «Лагойшчына»), тэматычнай карціны («Трэба выжыць, Беларусь», «Мама-выратавальніца», «Чарнобыльская пастка», «Першамай-86») — усе 1990-я г. Работы прасякнуты любоўю да Радзімы, актуальныя па тэматыцы.
т. 5, с. 563
ДАВІДО́ЎСКІ (Іван Елізаравіч) (30.5.1896, в. Грозаў Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 15.4.1960),
генерал-лейтэнант (1945). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1925), Генштаба (1948). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на Бранскім, Зах., 2-м і 3-м Бел. франтах: камандзір дывізіі, нам. камандуючага арміяй. Удзельнік абароны Масквы, вызвалення Шклова, Магілёва, Мінска, Літвы, Польшчы, баёў пад Берлінам. З 1945 нам. камандуючага ваен. акругай, у 1946—56 выкладчык Ваен. акадэміі Генштаба.
т. 5, с. 563
ДАВІ́Д-БЕК (? — 1728),
кіраўнік армянскага нац.-вызв. руху супраць іранскіх і тур. заваёўнікаў. У 1722—25 узначаліў узбр. барацьбу армян супраць Ірана, якая прывяла да выгнання персаў з Усх. Арменіі. У 1726—28 армяне пад кіраўніцтвам Давіда разграмілі туркаў, што імкнуліся захапіць Закаўказзе.
т. 5, с. 563
ДАВІ́Д БУДАЎНІ́К, Давід IV Георгіевіч (каля 1073 — студз. 1125),
грузінскі цар [1089—1125]. З дынастыі Багратыёнаў. Аб’яднаў груз. княствы ў адзіную цэнтралізаваную дзяржаву. У 1907 спыніў плату даніны сельджукам і аднавіў незалежнасць Грузіі. Далучыў да сваіх уладанняў Кахеты, Эрэты (1104) і інш. землі. У 1121 у Дыдгорскай бітве груз. войскі перамаглі кааліцыю мусульманскіх правіцеляў. У 1122 пасля вызвалення Тбілісі Давід Будаўнік перанёс сюды сталіцу з Кутаісі. Вёў барацьбу за цэнтралізацыю ўлады, стварыў пастаяннае войска, падпарадкаваў сабе феадалаў, царкву і гарады. У 1123—24 вызваліў ад сельджукаў Шырван і г. Ані. Надаваў вял. значэнне буд-ву гарадоў, дарог, мастоў, садзейнічаў развіццю асветы, заснаваў акадэмію і манастыр у Гелаты. За сваю дзейнасць празваны Будаўніком.
т. 5, с. 562
ДАВІ́Д Д’АНЖЭ́ ((David d’Angers) Пьер Жан) (12.3.1788, г. Анжэ, Францыя — 5.1.1856),
французскі скульптар і медальер. З 1808 вучыўся ў Ж.Л.Давіда і Ф.Л.Ралана ў Парыжы, у 1811—16 — у Франц. акадэміі ў Рыме. Пад уздзеяннем А.Кановы ў творчасці ранняга перыяду адчуваецца ўплыў класіцызму, потым — рамантызму. Бронзавыя медалі (больш за 500, у т. л. «Напалеон», «Беранжэ», «Паганіні», «Жорж Санд», «Адам Міцкевіч», «А.Чартарыйскі») і партрэтныя бюсты («І.В.Гётэ», 1831) адметныя ўнутр. усхваляванасцю і яскравай індывідуальнасцю вобразаў; чаканнасць формаў спалучаецца з жывапіснай лепкай дэталей. Аўтар манум. скульптуры: статуя Л. дэ Кандэ ў Версалі (1816—27), рэльефы франтона Пантэона ў Парыжы (1830—37) і інш.
т. 5, с. 562
ДАВІ́ЛА ((Davila) Аляксандру) (12.2.1862, Бухарэст — 19.10.1929),
румынскі драматург, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Адукацыю атрымаў у Парыжы. Яго мастацтва фарміравалася пад уздзеяннем творчасці А.Антуана. У 1902 у Нац. т-ры (Бухарэст) пастаўлена найб. значная яго п’еса — гіст. драма ў вершах «Влайку Водэ». У 1905—08 і 1912—14 дырэктар Нац. т-ра. У 1909 стварыў групу «Кампанія Давілы». Ставіў п’есы У.Шэкспіра, Мальера, П.Бамаршэ, О.Уайльда, нац. драматургаў І.Л.Караджале, Б.П.Хашдэў і інш. У сваёй дзейнасці прытрымліваўся прынцыпаў К.С.Станіслаўскага.
т. 5, с. 563
ДАВІ́ЛЬ-СЮР-МЕР (Deauville-sur-Mer),
прыморскі кліматычны курорт у Францыі. На ПдЗ ад г. Гаўр, на беразе праліва Ла-Манш. Развіваецца з 19 ст., адно з найб. папулярных месцаў адпачынку, цэнтр міжнар. турызму. Шматлікія палацы, вілы, атэлі.
т. 5, с. 563