ГЕР’Е́ Уладзімір Іванавіч
(29.5.1837, Масква — 30.6.1919),
расійскі гісторык, паліт. дзеяч. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1902). Д-р гіст. н., праф. (1868). Скончыў Маскоўскі ун-т (1858), дзе і працаваў (1868—1904). Вучань Ц.М.Граноўскага. Адзін са стваральнікаў Вышэйшых жаночых курсаў у Маскве. Старшыня Маскоўскай гар. думы (1892—1904), чл. партыі акцябрыстаў (1906—17), чл. Дзярж. савета (з 1907). Адзін з першых рус. гісторыкаў даследаваў гісторыю новага часу, эпоху Франц. рэвалюцыі 1789—99. Аўтар прац: «Барацьба за польскі трон у 1733 г.» (1862), «Адносіны Лейбніца да Расіі і Пятра Вялікага» (1871), «Ідэя народаўладдзя і Французская рэвалюцыя 1789 г.» (1904), «Аб канстытуцыі і парламентарызме ў Расіі» (1906), «Французская рэвалюцыя 1789—1795 гг. у асвятленні І.Тэна» (1911), «Заходняе манаства і папства» (т. 1—2, 1913—15), «Філасофія гісторыі ад Аўгусціна да Гегеля» (1915).
Літ.:
Шаханов А.Н. Воспоминания В.И. Герье // История и историки. М., 1990.
т. 5, с. 174
ГЕРЗЕ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура 3600—3200 да н.э. на тэр. Егіпта. Найб. даследаваны могільнік Негада-2 у Верхнім Егіпце. Развілася з амрацкай культуры. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, вядомы штучныя арашальныя каналы. Працягвалася развіццё апрацоўкі крэменю, распаўсюджваліся медныя прылады (сякеры, кінжалы, рыбалоўныя кручкі і інш.). Для герзейскай культуры характэрны каменныя пасудзіны і імітуючыя іх керамічныя вырабы, размаляваныя чырв. фарбаю (выявы лодак, людзей, жывёлы і інш.), з’яўленне фаянсу, на апошнім этапе развіцця — таксама пісьма, выкарыстанне ў будаўніцтве цэглы-сырцу.
А.В.Іоў.
т. 5, с. 174
ГЕ́РКЕ Пётр Якаўлевіч
(12.7.1904, с. Вяляцічы Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 14.5.1985),
савецкі гістолаг і эмбрыёлаг. Акад. АН Латвіі (1951). Д-р мед. н. (1936), праф. (1937). Скончыў БДУ (1927). З 1927 у Мінскім мед. ін-це (з 1949 нам. дырэктара). З 1952 у Латвійскім НДІ эксперым. і клінічнай медыцыны (да 1971 дырэктар), адначасова ў 1953—72 у Рыжскім мед. ін-це. Навук. працы па вывучэнні развіцця ўнутр. органаў чалавека і млекакормячых, перыферычнай і цэнтр. нерв. сістэмы, эндакрыннай сістэмы, гісторыі медыцыны.
Тв.:
Общая эмбриология человека. Рига, 1955;
Основы теоретической анатомии человека. Рига, 1963 (разам з С.І.Лябёдкіным).
т. 5, с. 174
ГЕРКУЛА́НУМ, Геркуланеум (Herculaneum),
старажытнарымскі горад у Кампаніі (Італія), на беразе Неапалітанскага заліва, на ПдЗ ад Неапаля, каля падножжа Везувія. Узнік у 7 ст. да н.э. як пасяленне оскаў. Пазней заселены этрускамі, грэкамі. З 307 да н.э. падпарадкаваны Рыму. Пры вывяржэнні Везувія 24 жн. 79 н.э. зруйнаваны і засыпаны вулканічнымі пародамі і попелам (разам з Пампеямі і Стабіямі). У 1709 адшуканы след горада, з 1738 вядуцца (з перапынкамі) раскопкі. Адкрыты форум з базілікай, т-р, тэрмы, жылыя кварталы, прыгарадныя вілы; знойдзены б-ка грэч. папірусных скруткаў (у т. л. пісьмы Цыцэрона, творы эпікурэйца Філадэма), скульптуры з бронзы (захоўваюцца ў нац. музеі ў Мілане), рэчы хатняга ўжытку, творы мастацтва, у т. л. рэшткі фрэсак.
т. 5, с. 174
ГЕРКУЛЕ́С
(лац. Hercules),
сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Самая яркая зорка 2,8 візуальнай зорнай велічыні; 140 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. У Геркулесе знаходзіцца тыповае шаравое зорнае скопішча. У напрамку да Геркулеса рухаецца Сонечная сістэма (гл. Апекс). У Геркулесе выяўлены рэнтгенаўскі пульсар Her X-1, які атаясамліваецца з аптычна пераменнай зоркай HZ Her. На тэр. Беларусі сузор’е найлепей відаць вясной і летам. Гл. Зорнае неба.
т. 5, с. 175
ГЕРКУЛЕ́С
(Dynastes hercules),
насякомае сям. пласцініставусых жукоў. Пашыраны ў тропіках Цэнтр. і Паўд. Амерыкі.
Даўж. самца да 15,5 см, самкі 8—9 см. Самец бліскучы, чорны, надкрылы аліўкава-зялёныя з чорнымі плямамі; самка — аднакаляровая, матава-чорная. У самца 2 рагі: адзін на лбе, доўгі, тоўсты, вышчарблены; другі — на пярэдняспінцы, больш доўгі (амаль напалавіну даўжэйшы за цела). Самка без рагоў (прыклад палавога дымарфізму). Лічынкі развіваюцца ў гнілой драўніне.
т. 5, с. 175
ГЕРКУЛЕ́САВЫ СЛУПЫ́,
старажытная назва масіваў Гібралтарская скала і Муса па баках Гібралтарскага праліва. Паводле міфа пра Геракла, ён на шляху да велікана Герыёна паставіў тут 2 скалы. У пераносным сэнсе выраз «дайсці да Геркулесавых слупоў» азначае дайсці да мяжы.
т. 5, с. 175
ГЕРЛАВА́Н Барыс Федасеевіч
(н. 25.12.1937, в. Мартаноша Кіраваградскай вобл., Украіна),
бел. тэатр. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1977). Нар. мастак Беларусі (1990). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). Працуе ў Нац. акад. т-ры імя Я.Купалы (з 1962, гал. мастак з 1976), дзе аформіў спектаклі: «Мешчанін у дваранах» Мальера (1967), «Раскіданае гняздо» Я.Купалы (1972), «Апошні шанц» В.Быкава, «Брама неўміручасці» К.Крапівы (абодва 1974), «Святая прастата» А.Макаёнка (1976), «Плач перапёлкі» паводле І.Чыгрынава (1980), «Нарач» (1983) і «Радавыя» (1984, Дзярж. прэмія СССР 1985) А.Дударава, «Апошні журавель» Дударава і А.Жука (1986), «Мудрамер» М.Матукоўскага (1987, Дзярж. прэмія Беларусі 1988), «Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева (1989), «Тутэйшыя» Купалы (1990), «Звон — не малітва» Чыгрынава (1992), «Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата (1996), «Князь Вітаўт» Дударава (1997) і інш. У т-ры юнага гледача аформіў «Дзеці аднаго дома» І.Шамякіна (1967), у т-ры музкамедыі — «Шклянка вады» Э.Скрыба (1994, муз. У.Кандрусевіча). Работы Герлавана вылучаюцца рэаліст. выразнасцю, багаццем вобразаў і каларыстычнай трапнасцю.
Л.Ф.Салавей.
т. 5, с. 175
ГЕ́РЛАХАЎСКІ-ШЦІТ
(Gerlachowskyštit),
самая высокая горная вяршыня Карпат, на тэр. Славакіі. Выш. 2655 м. Складзена з гранітаў. Уваходзіць у склад Татранскага нацыянальнага парку.
т. 5, с. 175