Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛО́КШЫНА,

1) самаробная макарона. Пшанічнае, радзей жытняе цеста, часта з крухмалам, тонка раскочваюць, рэжуць на палосы, падсушваюць і вараць як рэдкую малочную страву ці адцэджваюць і заліваюць тлушчам, салам. Робяць Л. таксама з крухмалу: пякуць наліснікі, потым рэжуць іх і вараць.

2) Страва з Л.

т. 9, с. 340

ЛО́ЛАН (Lolland),

востраў у Балтыйскім м., у паўд. ч. архіпелага Дацкіх а-воў. Тэр. Даніі. Пл. 1,2 тыс. км2. Складзены з вапнякоў і глін. Пераважае марэнная раўніна, у цэнтры і на ПнЗ узгоркі (выш. да 25 м), месцамі ўкрытыя лясамі з буку і дубу. Большая ч. пад ворывам. Шырокія мелкаводдзі каля берагоў асушаны, закрыты ад мора дамбамі. Л. злучаны чыгуначным мостам з в-вам Фальстэр, паромныя зносіны з мацерыком (з Германіяй, праз праліў Фемарн-Бельт). Гал. горад і порт — Накскаў.

т. 9, с. 340

ЛО́МАЎКА назва р. Рудаўка ў верхнім цячэнні.

т. 9, с. 340

ЛО́МАШЫ,

вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., каля аўтадарогі Глыбокае—Полацк. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 54 км на ПнУ ад г. Глыбокае, 134 км ад Віцебска, 2 км ад чыг. ст. Загацце. 582 ж., 227 двароў (1999). Сярэдняя школа, Цэнтр культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 9, с. 340

ЛО́МЖЫНСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Łomżyńskie),

былая адм.-тэр. адзінка на ПнУ Польшчы. З 1999 тэрыторыя ў складзе Падляскага ваяводства.

т. 9, с. 340

ЛО́МЦЕЎ (Цімафей Пятровіч) (15.10.1906, пас. Новахапёрскі Варонежскай вобл., Расія — 19 4.1972),

бел. і рускі мовазнавец. Д-р філал. н. (1944), праф. (1934). Скончыў Варонежскі ун-т (1929). Працаваў у Ін-це мовы АН Беларусі (1933—39), БДУ (з 1939), Маскоўскім ун-це (з 1946). У 1958—72 гал. рэдактар час. «Филологические науки». Асн. навук. працы ў галіне агульнага, слав., рус. і бел. мовазнаўства. Аўтар прац «Беларуская граматыка. Ч. I. Фанетыка і правапіс» (1935), «Выражэнне галоўных членаў сказа ў беларускай мове» (1940), «Даследаванні ў галіне гісторыі беларускага сінтаксісу. Састаўны выказнік і яго змяненні ў гісторыі беларускай мовы» (1941), «Беларуская мова» (1951), «Граматыка беларускай мовы» (1956) і інш.

Тв.:

Сравнительно-историческая грамматика восточнославянских языков: (Морфология). М., 1961;

Общее и русское языкознание. М., 1976.

А.І.Жураўскі.

Ц.П.Ломцеў.

т. 9, с. 340

ЛО́МЫШ,

возера ў Хойніцкім р-не Гомельскай вобл., на пойме р. Прыпяць, за 27 км на ПдЗ ад г. Хойнікі. Пл. 0,22 км2, даўж. 2,7 км, найб. шыр. 130 м. Старычнае.

т. 9, с. 340

ЛО́НВА,

рака ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., левы прыток р. Вілія. Даўж. 22 км. Пл. вадазбору 125 км2. Пачынаецца каля в. Амнішава. Асн. прыток — р. Камяніца (справа). На ўсім працягу каналізаваная.

т. 9, с. 340

ЛОНГ (лац. Longos),

старажытнагрэчаскі пісьменнік 2—3 ст. н. э., родам, магчыма, з в-ва Лесбас. Яму традыцыйна прыпісваецца аўтарства любоўна-букалічнага рамана «Дафніс і Хлоя». Падрабязны аналіз кахання пастуха і пастушкі надае твору рысы псіхал. рамана. Паводле сюжэтна-кампазіцыйнай будовы спалучаецца з матывамі букалічнай паэзіі. Раман напісаны рытмічнай прозай з ужываннем рыфмы, стыль адметны вытанчанасцю і багаццем прыёмаў ант. рыторыкі. Паўплываў на развіццё пастаральнага рамана перыяду Адраджэння і Асветніцтва. На бел. мову раман пераклаў А.Клышка.

Тв.:

Бел. пер. — Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою. Мн., 1991.

Літ.:

Античный роман. М., 1969.

С.Дз.Малюковіч.

т. 9, с. 340

ЛОНГ ((Long) Маргерыт Мары Шарлот) (13.11.1874, г. Нім, Францыя — 13.2.1966),

французская піяністка, педагог. Вучылася ў Муз. ін-це ў Німе, потым у А.Мармантэля ў Парыжскай кансерваторыі (у 1906—40 выкладала ў ёй, з 1920 праф.). Шмат канцэртавала. Прапагандавала творчасць франц. імпрэсіяністаў і кампазітараў «Шасцёркі», выконвала прысвечаныя ёй творы М.Равеля, Д.Міё, Г.Фарэ і інш. Арганізавала з Ж.Цібо конкурс піяністаў і скрыпачоў (1943; з 1946 Міжнар. конкурс імя Л. — Ж.Цібо). Заснавала ўласную школу ігры на фп. на аснове распрацаванай ёю методыкі. Складальнік школы «Фартэпіяна» (1959). Аўтар шматлікіх артыкулаў і кніг па фп. мастацтве.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Исполнительское искусство зарубежных стран. М., 1981. Вып. 9.

Літ.:

Хентова С. М.Лонг. М., 1961.

т. 9, с. 340