Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лойка Леанід Вікенцьевіч

т. 18, кн. 1, с. 421

Лойка Міхаіл Міхайлавіч

т. 18, кн. 1, с. 421

Лойка Рамуальд Эдуардавіч

т. 18, кн. 1, с. 421

ЛО́ЙКІ,

вёска ў Гродзенскім р-не. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на Пн ад Гродна. 471 ж., 172 двары (1999). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 9, с. 339

ЛО́ЙТАР (Навум Барысавіч) (Нохум Борухавіч; 9.1.1891, г. Бярдзічаў Жытомірскай вобл., Украіна — 29.8.1966),

бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1945).

Скончыў Вольныя рэжысёрскія майстэрні У.Меерхольда (1925). Працаваў у т-рах Масквы, Ленінграда, Кіева, Адэсы, Харкава. У 1940—57 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Творчасці ўласцівы манум. героіка, наватарства ў спалучэнні з яркай тэарэт. формай, лаканізм сродкаў, сатырычная вастрыня, глыбокае раскрыццё характараў. Сярод пастановак: «Несцерка» В.Вольскага (1941), «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага (1942), «Проба агнём» К.Крапівы (1943), «Позняе каханне» (1944) і «Гарачае сэрца» (1955) А.Астроўскага, «Рэвізор» М.Гогаля (1945), «Ганна Лучыніна» К.Транёва (1954), «Крэпасць над Бугам» С.Смірнова (1956), «Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага (1957). Дзярж. прэмія СССР 1946.

Г.П.Маркіна.

т. 9, с. 339

ЛОК ((Locke) Джон) (29.8.1632, Рынгтан, Вялікабрытанія — 28.10.1704),

англійскі філосаф і паліт. мысліцель, заснавальнік лібералізму, асацыятыўнай псіхалогіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1668). Скончыў Оксфардскі каледж. У 1667—69 жыў у Францыі і Галандыі. У цэнтры філасофіі Л. — тэорыя пазнання, заснаваная на адмаўленні існавання прыроджаных ідэй і прынцыпаў. Паводле Л., усе чалавечыя веды зыходзяць з вопыту; вопыт складаецца з простых ідэй — пачуццёвых уражанняў і назіранняў, якому розум падпарадкоўвае сваю дзейнасць («Вопыт пра чалавечы розум», 1690). Развіў вучэнне пра першасныя і другасныя якасці і тэорыю ўтварэння агульных ідэй (абстракцый). Яго сац.-паліт. канцэпцыя абапіраецца на звычаёвае права і тэорыю грамадскага дагавору («Два трактаты пра кіраванне», 1690). Распрацоўваў праблемы фарміравання грамадзянскай супольнасці і ўзнікнення дзяржавы, тэорыі раздзялення ўлад, як гал. элемента прававой дзяржавы. Абгрунтаваў палажэнне аб прыватнай уласнасці як неад’емным атрыбуце чалавека, узаемасувязі прыватнай уласнасці з працай чалавека і яго дабрабытам. У педагогіцы зыходзіў з вырашальнага ўплыву асяроддзя на выхаванне («Некаторыя думкі аб педагогіцы», 1693). Яго творы ў 18—19 ст. паўплывалі на развіццё тэорыі натуральнага права, канцэпцый грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы ў Беларусі, Літве і Польшчы (Б.Дабшэвіч, А.Доўгірд, К.Нарбут, А.Скарульскі, Я.Снядэцкі, І.Страйноўскі і інш.).

Тв.:

Рус. пер. — Избр. филос. произв. Т. 1—2. М., 1960.

Літ.:

Нарский И.С. Философия Джона Локка. М. 1960;

Соколов В.В. Европейская философия XV—XVII вв. М., 1984. С.402—427.

В.В.Краснова.

Дж.Лок.

т. 9, с. 340

ЛО́КАЦЬ,

старажытная мера (адзінка) даўжыні. Вызначаўся даўжынёй рукі ад канца сярэдняга ці вял. пальца да лакцявога згіну. Л. карысталіся на Беларусі і ў Расіі да ўвядзення метрычнай сістэмы мер. 1 Л. = 0,3044 сажня = 0,9135 аршына = 14,5 вяршка = 0,6497 м.

т. 9, с. 340

ЛОКУЛААСКАМІЦЭ́ТЫ,

тое, што аскалакулярныя.

т. 9, с. 340

ЛО́КУС (лац. locus месца),

месцазнаходжанне пэўнага гена на генетычнай або цыталагічнай карце храмасомы. Адлегласць паміж генамі вымяраецца ў адзінках красінговера (марганідах). Храмасома падзяляецца на кароткае і доўгае плячо; кожнае плячо падзяляюць на раёны, якія нумаруюць ад цэнтрамеры. Складаны Л. утвараецца цесна счэпленымі, незалежна дзеючымі генамі. Вітальны Л. — сукупнасць жыццёва важных генаў, пры элімінацыі або мутацыі якіх узнікае смяротны (лятальны) вынік.

Р.Г.Заяц.

т. 9, с. 340

Локцеў Валянцін Рыгоравіч

т. 18, кн. 1, с. 421