ГЕРАІ́Н,
алкалоід опіуму (застылы сок макавак). Адносіцца да групы наркатычных сродкаў. Болепатольнае дзеянне гераіну вышэйшае, чым у марфіну. Мае моцны эйфарычны эфект; да гераіну хутка развіваецца залежнасць (наркаманія). Вытв-сць і ўжыванне гераіну на Беларусі забаронены.
т. 5, с. 166
ГЕ́РАК (Gierek) Эдвард
(н. 6.1.1913, в. Паромбка, цяпер у межах г. Сасновец, Польшча),
польскі дзярж. і парт. дзеяч. У 1923—48 жыў і працаваў на вугальных шахтах у Францыі і Бельгіі. У 1946—48 узначальваў Нац. раду палякаў у Бельгіі. З 1948 чл. Польскай аб’яднанай рабочай партыі (ПАРП), сакратар ЦК (1956—64), чл. Палітбюро ЦК ПАРП (1956, 1959—80), 1-ы сакратар катавіцкага к-та ПАРП (1957—70). У 1970—80 1-ы сакратар ЦК ПАРП. Прыхільнік эканам. супрацоўніцтва Польшчы з Захадам, выкарыстання замежных крэдытаў з мэтай паскарэння развіцця краіны, пры гэтым захоўваліся прынцыпы сацыяліст. эканомікі і залежнасць Польшчы ад СССР. У выніку выраслі даўгі і Польшча апынулася ў глыбокім эканам. крызісе. У перыяд узнікнення хвалі забастовак ва ўсёй краіне ў 1980 Герак выведзены з ЦК, у 1981 выключаны з ПАРП.
Н.К.Мазоўка.
т. 5, с. 166
ГЕРА́КЛ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі адзін з найвыдатнейшых герояў, сын Зеўса і Алкмены, жонкі фіванскага цара. Меў незвычайную сілу. Сярод шматлікіх міфаў пра Геракла найб. вядомы цыкл паданняў пра 12 подзвігаў Геракла: забіў немейскага льва, шматгаловую лернейскую гідру, утаймаваў пачварную керынейскую лань, знішчыў сцімфалійскіх птушак, перамог эрыманфскага вепрука, вычысціў аўгіевы стайні, адолеў крыцкага быка, перамог цара Дыямеда, які кідаў іншаземцаў на з’ядзенне сваім коням, перамог амазонак і здабыў пояс іх царыцы Іпаліты, выкраў кароў трохгаловага велікана Герыёна, здабыў залатыя яблыкі з саду Гесперыд, утаймаваў і прывёў да мікенскага цара Эўрысфея вартавога Аіда — Цэрбера. Паводле інш. міфаў, вызваліў таксама прыкаванага да скалы Праметэя, перамог у адзінаборстве Антэя, абапал Гібралтарскага праліва паставіў 2 скалы, т.зв. Геркулесавы слупы і інш. Быў атручаны, пасля смерці Зеўс зрабіў яго бессмяротным і забраў на Алімп. Міфы пра Геракла шырока адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (размалёўкі храмаў у Алімпіі, Афінах, Дэльфах, Фівах, творы А.Дзюрэра, Я.Тынтарэта, П.П.Рубенса, Дж.Цьепала), л-ры (Сафокл, Эўрыпід), музыцы (І.С.Бах, Г.Ф.Гендэль). У рым. міфалогіі Гераклу адпавядае Геркулес.
Л.М.Драбовіч.
т. 5, с. 166
ГЕРАКЛІ́Т (Hēracleitos) Эфескі
(каля 520—460 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф, прадстаўнік іанійскай школы, заснавальнік дыялектыкі. Захавалася каля 130 фрагментаў яго твора «Аб прыродзе». Цэнтр. паняцце яго філасофіі — логас (розум); тое, што адпавядае яму ў рэальнасці, вечнае і абумоўлівае сапраўдны стан рэчаў. Кожная з’ява, паводле Геракліта, — тоеснасць супрацьлегласцей. Для выяўлення гэтага адзінства патрэбны псіхал. ўстаноўка на пазнанне і апора на сведчанні органаў пачуццяў, а таксама арыентацыя на светапоглядныя ўяўленні аб зменлівасці (цякучасці) усяго існага, аб вечна жывым агні, які «мерна ўзгараецца і мерна патухае», як яго аснове, аб фундаментальнай ролі ўсеагульнага. Пазнанне ўсеагульнага логаса Геракліт прыпадабняў да вырошчвання чалавечай душой уласнага логаса. Сац.-паліт. погляды Геракліта вызначаліся антыдэмакратызмам, супрацьпастаўленнем «герояў» і «натоўпу» ў спалучэнні з прызнаннем неабходнасці развіцця грамадства і прыярытэтнасці вызначаных дзяржавай законаў перад інш. сродкамі рэгулявання грамадскага жыцця.
Тв.:
Рус. пер. — у кн.: Материалисты Древней Греции. М., 1955.
У.К.Лукашэвіч.
т. 5, с. 166
ГЕРА́КЛІЯН
(Hērakleion),
горад у Грэцыі, на в-ве Крыт, гл. Іракліян.
т. 5, с. 167
ГЕРА́ЛЬДЫКА
(позналац. heraldica ад heraldus вяшчальнік),
спецыяльная гістарычная навука, якая даследуе паходжанне, развіццё, грамадска-прававое значэнне гербаў, інстытут іх карыстання. Падзяляецца на тэарэтычную (вывучэнне гербаў) і практычную (стварэнне новых гербаў). Першая праца па геральдыцы — «Трактат пра адзнакі і гербы» італьян. юрыста Бартала да Сасаферата (14 ст.). З 17 ст. геральдыка развіваецца як навука і выкладаецца ва ун-тах. У Рэчы Паспалітай геральдыцы прысвечаны працы кн. Ю.А.Ябланоўскага «Геральдыка, гэта значыць асада клейнодаў рыцарскіх...» (6 выданняў у 1742—52) і Д.Ф.Колі «Кароткі трактат пра геральдыку» (1747). Тэарэт. праблемамі геральдыкі ВКЛ займаліся таксама гісторыкі А.Малецкі, У.Сямковіч і інш. У цяперашні час акрамя дзярж. герольдый манархічных краін геральдыкай займаюцца шматлікія геральдычныя т-вы розных краін, аб’яднаныя ў некалькі міжнар. асацыяцый. На Беларусі геральдыку даследуюць Аддзел геральдыкі і генеалогіі К-та па архівах і справаводстве, асобныя даследчыкі.
Літ.:
Fox-Davies A.C. Complete Guide to Heraldry. 8 ed. London, 1969;
Oswald G. Lexikon der Heraldik. Leipzig, 1984;
Kalinowski A. Heraldyka szlachecka. Warszawa, 1990.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 5, с. 167
ГЕРАНЁНСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у канцы 15—18 ст. каля в. Геранёны Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны, верагодна, на мяжы 15—16 ст. Квадратны ў плане (27×27 м), з мураванымі цыліндрычнымі вежамі (дыям. 8 м) па вуглах. Быў абкружаны ровам і земляным валам (выш. 9—10 м, шыр. каля 15 м, даўж. па перыметры больш за 700 м). У канцы 16 ст. да паўд. сцяны замка прыбудаваны палац (у 1565 палац у Геранёнскі замак быў яшчэ драўляны). Паводле інвентара замка за 1765 палац 2-павярховы, на 12 акон, на 1-м паверсе знаходзіліся розныя службы, на 2-м — парадныя пакоі. Уезд у замак быў з У і трымаўся пад абстрэлам з верхняй часткі брамы і з прылеглых да яе гародняў. Справа ад брамы бастыёнападобны выступ фланкіраваў агнём мост і бліжэйшыя подступы да брамы. Такі элемент абароны — адзін з першых вядомых на Беларусі і датуецца пач. 16 ст. Дадатковай перашкодай на шляху да замка быў абнесены мураванай сцяной Геранёнскі Мікалаеўскі касцёл, які прымыкаў непасрэдна да абарончага рова перад брамай. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак разбураны рус. войскам, але, верагодна, хутка быў адноўлены. У 1708 у Геранёнскі замак з атрадам шведскага войска знаходзіўся польскі кароль Станіслаў Ляшчынскі. Пасля Паўн. вайны 1700—21 замак прыйшоў у заняпад. У сярэдзіне 19 ст. Н.Орда замаляваў толькі руіны Геранёнскага замка выш. да 1-га паверха.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.
т. 5, с. 167
ГЕРАНЁНСКІ МІКАЛА́ЕЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 1529 у в. Геранёны (Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.) на заказ віленскага ваяводы Альбрэхта Гаштольда. У 1779 пасля пажару адрамантаваны на сродкі Яна Гераніма Пробача. Складаецца з прамавугольных у плане невял. асн. аб’ёму, алтарнай апсіды і больш нізкіх сіметрычных сакрысцій і тамбура. Усе аб’ёмы маюць асобныя дахі. Тарцы дахаў на гал. фасадзе і над сакрысціямі закрыты высокімі атыкавымі франтонамі. Фасады сціпла дэкарыраваны пілястрамі і прафіляванымі карнізамі. Вокны з лучковымі завяршэннямі. Мураваныя алтары (цэнтр. 2-ярусны і 2 бакавыя) выкананы ў стылі класіцызму. Дэкор аргана мае рысы стылю ракако. У выніку шматлікіх перабудоў архітэктура касцёла набыла своеасаблівы рознастылявы характар.
Т.В.Габрусь, А.М.Кушнярэвіч.
т. 5, с. 168
ГЕРАНЁНЫ,
вёска ў Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Ашмяны—Ліда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 29 км на ПнЗ ад г.п. Іўе, 150 км ад Гродна, 19 км ад чыг. ст. Гаўя. 1500 ж., 478 двароў (1996).
У 15—16 ст. вядомы як Геранёны Мураваныя. З 1433 двор Гаштольдаў. На мяжы 15—16 ст. пабудаваны Геранёнскі замак, у 1519 — Геранёнскі Мікалаеўскі касцёл. З 1520 мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. З 16 ст. ўласнасць вял. князёў ВКЛ. У 17—18 ст. цэнтр староства. У 1-й пал. 18 ст. рэзідэнцыя віленскіх піяраў, пры якой у 1730—38 дзейнічала школа. Пры каралю Аўгусце III (1733—63) атрымалі магдэбургскае права (паводле інш. крыніц, у 1630-я г.), мелі герб. З 1795 у Рас. імперыі, у Ашмянскім пав. Уласнасць Корвін-Мілеўскіх. У пач. 20 ст. 316 ж. З 1922 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. З 1939 у БССР, у Іўеўскім р-не, з 1940 цэнтр сельсавета. У 1963—79 у Жылёўскім с/с. У 1970 — 397 жыхароў.
Сярэдняя і муз. школы, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Мікалаеўскі касцёл, руіны замка (15—16 ст.).
т. 5, с. 168
ГЕРА́НІЕВЫ АЛЕ́Й,
эфірны алей, які атрымліваюць са свежых раслін герані. Жоўтая вадкасць з пахам ружы і герані, шчыльн. 884—900 кг/м³. Асн. кампаненты — цытранелол (38—46%), гераніёл (15—18%). Выкарыстоўваюць у парфумерыі.
т. 5, с. 168