Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

НО́ВІКАЎ (Ціт Парфенавіч) (31.3.1907, в. Салтанаўка Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. — 5.4.1974),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Уладзівастоцкае ваен. пях. вучылішча (1943). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Цэнтр., 1-м Укр. франтах. Стралк. рота на чале са старшым лейт. Н. вызначылася ў 1943 пры фарсіраванні Дняпра на Пд ад Кіева. У 1946—58 на гасп. рабоце.

Ц.П.Новікаў.

т. 11, с. 371

НО́ВІКАЎ (Яўген Васілевіч) (н. 26.8.1924, г.п. Пачалма Пензенскай вобл., Расія — 20.10.1973),

бел. спартсмен (цяжкая атлетыка; 2-я цяжкая вага). Засл. майстар спорту СССР (1969). Суддзя рэсп. катэгорыі па цяжкай атлетыцы (1957). Чэмпіён Еўропы (1957, г. Катавіцы, Польшча), чэмпіён СССР (1957, г. Львоў, Украіна), сярэбраны (1952—55) і бронзавы (1951) прызёр. Рэкардсмен СССР (1952—55, 1957—58).

т. 11, с. 371

НО́ВІКАЎ-ПРЫБО́Й (сапр. Новікаў) Аляксей Сілыч

(24.3.1877, с. Мацвееўскае Сасаўскага р-на Разанскай вобл., Расія — 29.4.1944),

рускі пісьменнік. Служыў матросам на Балтыйскім флоце (1899—1906), у руска-яп. вайну 1904—05 удзельнічаў у Цусімскай бітве. У 1908—13 паліт. эмігрант. Друкаваўся з 1906. У зб. «Марскія апавяданні» (у 1914 канфіскаваны, выд. 1917) пра жыццё матросаў рас. флоту, драм. калізіі, матывы сац. пратэсту. Рамантычныя адносіны да мора, жанчыны ў аповесцях «Мора кліча» (1919), «Падводнікі» (1923), «Жанчына ў моры» (1926) і інш. На асабістых уражаннях, сведчаннях удзельнікаў і дакументах заснавана гіст. эпапея «Цусіма» (ч. 1—2, 1932—35; 4-я рэд. 1940; Дзярж. прэмія СССР 1941). Аўтар раманаў «Салёная купель» (1929), «Капітан 1-га рангу» (незавершаны, кн. 1—2, 1942—44; экранізацыя 1958), аповесцей «Ухабы» (1927), «Уцёкі» (1931), зб-каў апавяданняў «Дзве душы» (1919), «Смерч» (1933) і інш. Сябраваў з Я.​Купалам. Асобныя яго творы на бел. мову пераклалі С.​Дарожны, Л.​Маракоў і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1963;

Повести и рассказы. М., 1988;

Цусима. Т. 1—2. М., 1993—94;

Бел. пер. — На падводнай лодцы. Мн., 1928;

Зуб за зуб. Мн., 1929;

Сапсаваны. Мн., 1930;

У бухце «Атрада». Мн., 1930;

Па-цёмнаму. Мн., 1931;

Марскі пажар. Мн., 1932;

Жанчына ў моры. Мн., 1936;

Цусіма. Кн. 1—2. 2 выд. Мн., 1937.

Літ.:

Перегудов А. Светлый день: Повесть о писателе и друге. М., 1977;

А.​С.​Новиков-Прибой в воспоминаниях современников. М., 1980.

т. 11, с. 371

Новікаў Васіль Мікалаевіч

т. 18, кн. 1, с. 435

Новікаў Міхаіл Міхайлавіч

т. 18, кн. 1, с. 435

НО́ВІК-ПЯЮ́Н (Сяргей Міхайлавіч) (27.8.1906, в. Лявонавічы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 26.8.1994),

бел. пісьменнік. Скончыў Нясвіжскую гімназію (1924), бел. настаўніцкія курсы ў Вільні (1926). Арганізатар і першы кіраўнік хору ў Лявонавічах (з 1963 народны), стварыў там тэатр, б-ку, гурток ТБШ, за што высланы ў г. Свеце над Віслай (1926—31). Пасля вяртання зноў арыштаваны, высланы пад нагляд паліцыі ў Слонім. У 1939 зняволены ў астрог у г. Баранавічы. Вызвалены Чырв. Арміяй. З 1939 інспектар Слонімскага аддзела нар. адукацыі, дырэктар Слонімскага краязн. музея. Ў Вял. Айч. вайну ў 1943 арыштаваны слонімскім СД і зняволены ў Калдычэўскі лагер смерці пад Баранавічамі. Пасля вызвалення працаваў дырэктарам Слонімскага музея. 14.12.1944 арыштаваны сав. органамі бяспекі, высланы на Калыму. Рэабілітаваны ў 1958. Жыў у Слоніме, Нясвіжы, з 1960 у Мінску. Друкаваўся з 1924. У 1927 выдаў у Вільні пад псеўд. «Малады Дзядок» п’есу «Ёлка Дзеда Мароза». У 1927—31 супрацоўнічаў з віленскім дзіцячым час. «Заранка», газ. «Беларуская крыніца», часопісамі «Студэнцкая думка», «Шлях моладзі», «Хрысціянская думка» і інш., у 1940—41 друкаваўся ў слонімскай раённай газ. «Вольная праца». Аўтар зб-каў вершаў «Заўсёды з песняй» (1984), для дзяцей «Зорачкі ясныя» (1986), успамінаў пра Я.​Купалу, Г.​Леўчыка, І.​Стаброўскага, Я.​Карскага, ген. Я.​Леашэню. Напісаў больш за 100 песень (словы і музыка Н.-П.). Песні «Зорачкі» і «Над Шчарай» («Слонімскі вальс») і інш. сталі народнымі. Пераклаў на бел. мову п’есы П.​Салаўёвай (Алегра) «Цудоўная ноч», «Пакой у наймы», «Прадка пад крыжам», польскую камедыю А.​Абрамовіча і Р.​Рушкоўскага «Муж у ветлівасці», «Русалку» А.​Пушкіна, «Першага вінакура» Л.​Талстога. Эсперантыст. Аўтар эсперанцкага міжнар. гімна. Зб. «Песні з-за кратаў» застаўся ў рукапісе.

Літ.:

Лойка А. Душа рвалася да песень // ЛіМ. 1981. 9 кастр.;

Шишигина К. Музы Несвижа. Мн., 1986. С. 61—63, 101—102, 108, 110, 112.

І.​У.​Саламевіч.

т. 11, с. 371

НО́ВІЧ (А.) (сапр. Ціхановіч ці Цэхановіч),

бел. пісьменнік пач. 20 ст. Па адукацыі ўрач. Працаваў у г. Новачаркаск (Расія). Аўтар апавяданняў «У дому лепей» (1911) пра цягу селяніна да роднай зямлі і «Амерыканец» (1912), герой якога вярнуўся з Амерыкі і хоча перайначыць жыццё бел. мужыка на лепшы лад. Гэтыя творы высока ацэнены Я.​Купалам (арт. «Агляд кніг», 1913), які падкрэсліваў іх прастату і шчырасць, уменне «нязначным спосабам падсунуць чытачу маральную навучку, паказаць добрую незавілую сцежку к лепшаму жыццю», і М.​Багдановічам, які ў арт. «За тры гады» (1913) адзначыў, што «асабліва вызначаецца Новіч, каторы першы паспрабаваў напісаць вялікую рэч прозай па-беларуску».

І.​У.​Саламевіч.

т. 11, с. 371

НО́ВІ-САД,

горад у Югаславіі, у Рэспубліцы Сербія. Каля 300 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Дунай. Адзін з важнейшых прамысл. цэнтраў Югаславіі, гал. эканам. цэнтр Ваяводзіны. Прам-сць: маш.-буд. (рачныя судны, самалёты, станкі, с.-г. машыны, эл.-тэхн. абсталяванне), хім., фармацэўтычная, гарбарна-абутковая, харчовая. Штогадовыя с.-г. кірмашы; пастаянная с.-г. выстаўка краіны. Ун-т. Музеі і маст. галерэі. Арх. помнікі 14—18 ст. Гіст. цэнтр сербскай культуры. Значна разбураны авіяцыяй НАТО у 1999.

т. 11, с. 371

«НО́ВОЕ ВАРША́ВСКОЕ У́ТРО»,

газета. Выдавалася ў 1915—17 у Мінску на рус. мове штодзённа, акрамя панядзелка. Належала М.​Дворжацу. Да Лют. рэв. мела інфарм.-камерцыйны характар, з сак. 1917 набыла паліт. афарбоўку. Змяшчала ўрадавыя распараджэнні і загады мясц. улад. Асвятляла падзеі гар. жыцця (рубрыка «Мінск»), навіны з франтоў, пісала пра ўсталяванне нов. ладу, фарміраванне і дзейнасць нац. рухаў, партыйных, грамадска-паліт., прафесійных і інш. арг-цый, пра найб. важныя падзеі грамадска-паліт. жыцця Расіі. Праграмай сваёй дзейнасці абвясціла платформу Петраградскага Савета. На выбарах у гар. думу выступала ў падтрымку сацыял-дэмакратаў. Да Кастр. рэвалюцыі паставілася варожа. Спыніла існаванне ў снеж. 1917.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 11, с. 371

«НО́ВЫЙ ВЕ́СТНИК»,

газета. Выдавалася з мая да снеж. 1918 у Мінску на рус. мове штодзённа. Мела нядзельны ілюстраваны дадатак. Была неафіц. органам герм. акупац. улад, але выразнага паліт. або ідэалаг. кірунку не мела. Змяшчала дырэктыўныя матэрыялы герм. камандавання 10-й арміі, гар. камендатуры і інш., якія датычыліся мясц. насельніцтва і ваеннапалонных. З № 208 ад 13 ліст. выдавалася пад кантролем Савета салдацкіх дэпутатаў 10-й арміі. Асвятляла гасп. і культ. жыццё горада. Мела аддзелы аб’яў, рэкламы і пошты. Значнае месца адводзіла дзейнасці ўрада БНР і органаў мясц. самакіравання. Матэрыялы рас. і міжнар. жыцця досыць аб’ектыўна асвятлялі сутнасць тагачасных падзей. З сярэдзіны ліст. ў сувязі з рэвалюцыяй у Германіі павялічыўся аб’ём матэрыялаў пра захады розных грамадска-паліт. сіл па фарміраванні новых органаў улады на Беларусі. Спыніла існаванне пасля эвакуацыі герм. войск і прыбыцця ў Мінск часцей Чырв. Арміі.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 11, с. 373