Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЖБАНКО́ВА (Інеса Іванаўна) (н. 7.3.1933, г. Полацк),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1978), праф. (1982). Скончыла БДУ (1955). У 1955—79 працавала ў Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. З 1979 у БДУ (у 1979—87 заг. кафедры філасофіі, з 1992 — сацыялогіі). Даследуе філас. праблемы прыродазнаўства, тэорыі і метадалогіі навукі, сацыялогіі.

Тв.:

О развитии в неорганической природе. Мн., 1964;

Проблема взаимодействия. Мн., 1971;

Философские принципы в научном познании. Мн., 1974;

Социальное действие. Мн., 1980 (у сааўт.).

т. 6, с. 429

ЖБАНКО́Ў (Расціслаў Георгіевіч) (н. 30.10.1930, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1972), праф. (1974). Скончыў БДУ (1954). З 1959 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па спектраскапіі вугляводаў, бялкоў, прыродных і сінт. палімераў. Даследаваў і сістэматызаваў спектральныя характарыстыкі асн. стэрэаізамерных форм вугляводаў, выявіў асн. тыпы канфармацыі монацукрыдаў і іх палімераў, распрацаваў комплекс спектраскапічных метадаў тонкага структурнага аналізу розных відаў палімераў.

Тв.:

Физика целлюлозы и ее производных. Мн., 1983 (разам з П.В.Казловым);

Внутри- и межмолекулярные взаимодействия в углеводах. Мн., 1988 (разам з В.П.Пановым).

т. 6, с. 429

ЖВА́ЧКА,

перажоўванне корму, перыядычна адрыгнутага з пач. аддзелаў мнагакамернага страўніка жвачных жывёл. Уяўляе сабой біял. прыстасаванне, пры дапамозе якога жвачныя жывёлы могуць лепш, чым інш. траваедныя, ператраўліваць пажыўныя рэчывы грубых кармоў. Адбываецца рэфлекторна ў прамежках паміж кармленнем. Корм невял. порцыямі адрыгваецца з рубца і сеткі ў ротавую поласць, дзе перажоўваецца, увільгатняецца слінай і зноў заглынаецца; праз пэўны час цыкл паўтараецца. Паяўляецца ў жывёл з 3-га тыдня і стабілізуецца к 8—10 месяцам. У дарослых жывёл за суткі адбываецца 6—10 жвачных перыядаў.

т. 6, с. 430

ЖВА́ЧНЫЯ (Ruminantia),

падатрад млекакормячых атр. парнакапытных. 5—6 сям., 76 родаў, каля 180 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Аўстраліі, Мадагаскара і Антыльскіх а-воў. Пераважна стадныя палігамныя жывёлы. На Беларусі 5 відаў; алень высакародны, зубр, казуля, лань, лось. Зубр занесены ў Чырв. кнігу. Да Ж. належаць свойская жывёла: авечкі, козы, буйн. раг. жывёла.

Маюць 4 пальцы (2 з іх рудыментарныя). У страўніку 4 аддзелы — рубец, сетка, кніжка (у некат. няма) і сычуг. Корм раслінны. Вял. значэнне для Ж. мае жвачка (адсюль назва). Карэнныя зубы вял., разцы і іклы толькі ў ніжняй сківіцы. У многіх добра развітыя рогі. Дзікія Ж. — аб’екты промыслу.

т. 6, с. 430

ЖВІР, гравій,

рыхлая буйнаабломкавая (псефітавая) асадкавая парода, складзеная з абкатаных абломкаў горных парод і мінералаў памерамі 1—10 мм (у горнай справе вылучаюць Ж. памерамі 5—70 мм). Адрозніваюць Ж. буйны (5—10 мм), сярэдні (2,5—5 мм) і дробны (1—2,5 мм). Генетычныя тыпы Ж.: рачны (гл. Алювій) азёрны, марскі і ледавіковы. Сцэментаваны Ж. — гравеліт. Якасць Ж. залежыць ад наяўнасці шкодных прымесей (акатышы глін, пыл, пірыт, гіпс, растваральныя ў шчолачах абломкі і інш.), трываласці, сціральнасці, марозаўстойлівасці і г.д. На Беларусі пясчана-жвірова-галечны матэрыял пашыраны ў антрапагенавых адкладах і сканцэнтраваны пераважна ў межах Беларускай ірады і Паазер’я, Разведана 136 радовішчаў пясчана-жвіровых матэрыялаў з агульнымі запасамі 704,4 млн. м³, з іх распрацоўваюцца 82 радовішчы з гадавой здабычай 23—24 млн. м³, Форма пакладаў лінзападобная, зрэдку пластавая. Здабываецца Ж. адкрытым спосабам; частка яго абагачаецца на драбільна-сартавальных заводах. Выкарыстоўваецца для вытв-сці бетону, буд-ва чыгунак, аўтадарог, фільтрацыйных пабудоў і інш.

У.Я.Бардон.

т. 6, с. 430

ЖГІРО́Ў (Піліп Ерафеевіч) (н. 24.11.1911, в. Гуга Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1944), ген.-маёр (1959). Скончыў вучэбна-каап. камбінат (Бабруйск), Маскоўскае ваен.-пях. вучылішча (1939), ваен. акадэміі імя Фрунзе (1947), Генштаба (1955). У Чырв. Арміі з 1933. Удзельнік баёў на р. Халхін-Гол у 1939. У Вял. Айч. вайну на Сталінградскім, Данскім, Бранскім, Цэнтр. ί 1 м Бел. франтах. Нач. штаба стралк. палка маёр Ж. вызначыўся ў 1943 пры вызваленні Камарынскага р-на Гомельскай вобл. Да 1963 у Сав. Арміі.

т. 6, с. 430

ЖГУНЬ,

вёска ў Добрушскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і племзавода «Жгунскі». За 8 км на Пд ад горада і чыг. ст. Добруш, 36 км ад Гомеля. 1200 ж., 486 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызана.

т. 6, с. 430

ЖГУТАНО́ГІЯ (Pedipalpi),

трупа павукападобных. 3 атр.: тэліфоны (Uropygi), тартарыды, або схізапельтыдыі (Taptarides, або Schizopeltidia), фрыны (Amblypygi). 31 род, каля 150 відаў. Пашыраны ў вільготных трапічных лясах. Жывуць пад паваленымі дрэвамі, камянямі, у мурашніках і інш.

Даўж. да 75 мм. Цела цвёрдае, цёмнае, чырванаватае або жаўтаватае. Ногі доўгія, лапкі з 2 кіпцюркамі або прысоскамі. Пярэднія ногі даўжэйшыя за астатнія, выцягнутыя ў жгуты (адсюль назва) без кіпцюркоў, выкопваюць ролю вусікаў. Лёгкіх 2 пары. Рыюць норкі даўж. да 0,5 м. У многіх ёсць анальныя залозы, якія выдзяляюць едкі сакрэт для абароны. Начныя драпежнікі. Кормяцца насякомымі, мнаганожкамі, чарвямі, слізнякамі.

т. 6, с. 430

ЖГУ́ЦІКАВЫЯ, жгуціканосцы (Mastigophora),

падтып прасцейшых тыпу саркамастыгафор, па інш. сістэме — кл. тыпу прасцейшых, якія маюць жгуцікі. 2 кл. (падкл.) — раслінныя Ж., або фітамастыгіны (Phytomastigina), і жывёльныя Ж., або зоамастыгіны (Zoomastigina). 13 атр., каля 8 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў прэсных, таксама ў марскіх водах і часткова ў глебе. Ёсць паразіты жывёл і чалавека. Найб. вядомыя Ж.: апаліны, лейшманіі, лямбліі, трыпанасомы, трыхаманады, эўгленавыя водарасці, вальвоксы, хламідаманады.

Даўж. цела ад 2—5 мікраметраў (лейшманіі) да 1 мм (некат. апаліны). Форма цела верацёна-, яйца-, шарападобная, цыліндрычная і інш. Цела ўкрыта пелікулай, хіцінападобным панцырам ці абалонкай з клятчаткавых пласцінак. Жгуцікаў ад 1—8 (на пярэднім канцы) да некалькіх тысяч (па ўсім целе); даўж. іх ад некалькіх да дзесяткаў мікраметраў. Клетачнае ядро пераважна адно, ёсць двух- (лямбліі) і мнагаядзерныя (апаліны). Некат. ўтвараюць калоніі (вальвокс). Размнажэнне ў асн. бясполае (падоўжаным дзяленнем папалам). Палавы працэс па тыпу капуляцыі гамет. Паводле спосабу кармлення — аўтатрофы, гетэратрофы, міксатрофы. Удзельнічаюць у кругавароце рэчываў у прыродзе, працэсах самаачышчэння вады. Індыкатары забруджвання вод. Некат. выклікаюць хваробы (напр., лейшманіёз, лямбліёз. сонную хваробу).

Жгуцікавыя. Раслінныя: 1 — эўдарына зграбная; 2 — панцырны; 3 — хламідаманада. Жывёльныя 4 — каўнерыкавы; 5 — мастыг-амёба; 6 — спіратрыханімфа.

т. 6, с. 430

ЖГУ́ЦІКІ,

ніткападобныя рухомыя цытаплазматычныя вырасты цела ў жгуцікавых, многіх бактэрый, зааспор, сперматазоідаў раслін і жывёл. Служаць пераважна для перамяшчэння ў вадкім асяроддзі. У клетцы бывае 1—4 (зрэдку больш) Ж. Структура Ж. складаная: звонку тонкая мембрана (пелікула), за ўнутр. поласці цытаплазма. Падоўжная вось складаецца з 2 цэнтр. і 9 перыферычных (простых або падвойных) вельмі тонкіх ніцей (фібрыл). У аснове Ж. — 2 перпендыкулярныя базальныя цельцы. Рухаюцца пераважна хвалепадобна. Знаходзяцца з аднаго, абодвух бакоў або па ўсёй паверхні клеткі.

т. 6, с. 430