ЖВА́ЧКА,

перажоўванне корму, перыядычна адрыгнутага з пач. аддзелаў мнагакамернага страўніка жвачных жывёл. Уяўляе сабой біял. прыстасаванне, пры дапамозе якога жвачныя жывёлы могуць лепш, чым інш. траваедныя, ператраўліваць пажыўныя рэчывы грубых кармоў. Адбываецца рэфлекторна ў прамежках паміж кармленнем. Корм невял. порцыямі адрыгваецца з рубца і сеткі ў ротавую поласць, дзе перажоўваецца, увільгатняецца слінай і зноў заглынаецца; праз пэўны час цыкл паўтараецца. Паяўляецца ў жывёл з 3-га тыдня і стабілізуецца к 8—10 месяцам. У дарослых жывёл за суткі адбываецца 6—10 жвачных перыядаў.

т. 6, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)