ГА́ЗАЎ Аляксандр Васілевіч
(н. 17.6.1946, с. Брыкава Маскоўскай вобл.),
бел. спартсмен (кулявая стральба). Засл. майстар спорту СССР (1976). Чэмпіён (1976) і бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у асабістым заліку. Чэмпіён свету (1973, 1974, 1979) і Еўропы (1973, 1977, 1978, 1981) у камандным першынстве. Неаднаразовы чэмпіён СССР, рэкардсмен свету, Еўропы і СССР у 1970-я г. Усе перамогі атрыманы ў практыкаванні «бягучы дзік».
т. 4, с. 430
ГАЗАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬ
(біял.),
здольнасць раслін, а таксама арганізмаў і іх згуртаванняў (часцей раслін) пераносіць вял. канцэнтрацыі шкодных газападобных рэчываў атмасферы (серавадарод, вокіслы вугляроду, серы, азоту, фтор, фторысты вадарод, хларыды і інш.). У выніку пранікнення газаў у раслінныя клеткі ў іх назапашваюцца ядавітыя рэчывы, якія парушаюць працэсы абмену рэчываў. Пры высокай газаўстойлівасці раслін адбываецца эфектыўнае ачышчэнне паветра ў прамысл. гарадах. Для гэтай мэты выкарыстоўваюць віды раслін, якія ўтвараюць вял. біямасу і маюць інтэнсіўны газаабмен: з травяністых — аўсяніцу, мятліцу, райграс, кавыль і інш., з дрэвавых і кустовых — лох серабрысты, вяз, клён серабрысты, брызгліну, бружмель і інш. На Беларусі даследаванні па падобры газаўстойлівых раслін для азелянення тэр. прамысл. прадпрыемстваў пачаліся ў 1970-я г. ў Цэнтр. бат. садзе АН. Для прамысл. і гарадскіх умоў рэкамендавана больш за 150 відаў і сартоў дрэвавакустовых і кветкава-дэкар. раслін, устойлівых да фітатаксікантаў.
Г.А.Семянюк.
т. 4, с. 430
ГАЗАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ЗВА́РКА,
спосаб злучэння металаў у асяроддзі ахоўных газаў; від дугавой зваркі. Газы падаюцца гарэлкай зварачнай або напаўняюць камеру з вырабамі. Яны засцерагаюць метал ад шкоднага ўплыву атм. паветра, паляпшаюць якасць зварнога шва, павышаюць устойлівасць гарэння дугі. Газаэлектрычная зварка бывае ручная, паўаўтаматычная і аўтаматычная. Выкарыстоўваецца для злучэння дэталей малой і сярэдняй таўшчыні.
Газаэлектрычная зварка ў вуглякіслым газе (найб. пашырана) зварваюць сталь розных марак, у інертных газах — большасць каляровых металаў і нержавейных сталей. З інертных газаў найчасцей выкарыстоўваюць аргон (аргонадугавая зварка), радзей — гелій. Зварка робіцца электродамі, якія плавяцца (напр., стальныя, алюмініевыя) або не плавяцца (вальфрамавыя, вугальныя і інш.). Разнавіднасць газаэлектрычнай зваркі — плазмавая зварка.
т. 4, с. 430
ГАЗГО́ЛЬДЭР
(ад газ + англ. holder трымальнік),
стацыянарны метал. рэзервуар для захоўвання газаў. Бываюць нізкага (4—5 кПа) і высокага (0,07—3 МПа) ціску, пераменнага і пастаяннага аб’ёму, цыліндрычныя (гарыз. і верт.) і сферычныя.
Газгольдэры нізкага ціску падзяляюцца на мокрыя і сухія (поршневыя). Мокры газгольдэр — верт. купалападобны рэзервуар, ніз якога апушчаны ў водны басейн. Пры падачы газу ў рэзервуар ён падымаецца, пры выдачы апускаецца. Сухі газгольдэр — нерухомы верт. корпус з поршнем, які падымаецца пры падачы газу і апускаецца пры адборы. Ёмістасць газгольдэраў да 100 тыс. м³ і болей. Выкарыстоўваюцца ў газавай, хім., коксавай, металургічнай і нафтавай прам-сці, у гар. газавай гаспадарцы.
В.В.Арціховіч, В.М.Капко.
т. 4, с. 430
«ГАЗДА́ВА»,
прыватнаўласніцкі герб, якім на Беларусі, Украіне, у Польшчы і Літве карысталіся больш за 200 родаў, у т. л. Гадлеўскія, Корфы, Міцуты, Неміровічы, Падбярэзскія, Пацы, Рымшы, Трызны, Храпавіцкія. У чырвоным полі 2 сярэбраныя лілеі, павернутыя ўверх і ўніз і змацаваныя залатым пярсцёнкам; клейнод — над прылбіцай з каронай выява такіх жа лілей на паўлінавым хвасце (герб «Газдава І»). Існуюць варыянты герба: з 5 страусавымі пёрамі і 2 лілеямі ў клейнодзе («Газдава II»); з 5 страусавымі пёрамі («Газдава III»); з падзеленым на 2 часткі полем, дзе ў верхнім сярэбранага колеру змешчана чорная лілея, а ў ніжнім чорнага колеру — сярэбраная, клейнод — 3 страусавы пёры («Газдава IV»). Герб вядомы з пач. 14 ст.
т. 4, с. 430
ГАЗДА́НАЎ Гайта
(Георгій Іванавіч; 6.12.1903, С.-Пецярбург — 5.12.1971),
рускі пісьменнік. Адзін з прадстаўнікоў л-ры рускага замежжа. Па нацыянальнасці асецін. У 16 гадоў пакінуў Расію. Жыў і вучыўся ў Балгарыі. У 1923—27 вучыўся ў Сарбоне. Дэбютаваў у 1920-я г. апавяданнямі-мініяцюрамі, якія дакладна і лаканічна адлюстроўвалі падзеі грамадз. вайны, складаныя чалавечыя характары і лёсы. У раманах «Вечар у Клэр» (1930), «Гісторыя аднаго падарожжа» (1938), «Начныя дарогі» (1952), «Пераварот» (няскончаны, 1972) і інш. раскрыў глыбіні чалавечай душы, змучанай сац. падзеямі 20 ст. У творчасці арганічна спалучаны лепшыя традыцыі класічнай рус. і франц. л-ры. Пісаў літ.крытычныя эсэ, нарысы.
Тв.:
Вечер у Клэр: Романы и рассказы. М., 1990;
Призрак Александра Вольфа: Романы. М., 1990.
Г.І.Дайлідава.
т. 4, с. 431
ГАЗЕ́ЛІ,
зборная назва падобных па выглядзе і памерах парнакапытных жывёл сям. пустарогіх. 19 відаў. Пашыраны ў пустынях, стэпах і лесастэпах Афрыкі і Азіі. Жывуць статкам. Найб. вядомыя джэйран, дзерэн, газель-дама (Gasella dama) і інш.
Даўж. да 170 см, выш. ў карку да 120 см, маса да 85 кг. Целасклад лёгкі, зграбны. Маюць лірападобныя рогі даўж. да 80 см. Афарбоўка шаравата-пясочная або карычняватая з больш светлым нізам. Хутка бегаюць. Кормяцца расліннасцю. Нараджаюць 1—2 дзіцянят. Аб’екты палявання. 3 віды і 7 падвідаў у Чырв. кнізе МСАП.
т. 4, с. 431
ГАЗЕ́ЛЬ
(ад араб. газаль),
від лірычнага верша ў народаў Сярэдняй Азіі, Б.Усходу, Індыі і Пакістана. Уключае, як правіла, не менш за 3 і не больш чым 12 двухрадкоўяў — бейтаў, звязаных манарыфмай (аа, ба, ва, га...). У апошнім бейце ўпамінаецца імя ці псеўданім аўтара верша. Газель узнікла з персідскай нар. лірычнай песні, росквіту дасягнула ў творчасці Саадзі, Хафіза, Джамі, Нізамі. З 19 ст. гэты від верша пранік у еўрап. паэзію (І.В.Гётэ, А.Фет, В.Брусаў, І.Франко). У бел. л-ры вядома «Кактэбельская газель» С.Ліхадзіеўскага.
т. 4, с. 431
ГА́ЗЕНКЛЕВЕР,
Хазенклевер (Hasenclever) Вальтэр (8.7.1890, г. Ахен, Германія — 21.6.1940), нямецкі паэт і драматург. Вывучаў л-ру і філасофію ў Оксфардзе і Лазане. У 1933 эмігрыраваў у Францыю. У 1939 інтэрніраваны франц. ўладамі; скончыў самагубствам. У зб. вершаў «Юнак» (1913) традыцыі ням. класічнай паэзіі 18 ст. спалучаны з навацыямі неарамантызму. Экспрэсіянісцкія карціны жахаў 1-й сусв. вайны стварыў у зб. вершаў «Смерць і ўваскрэсенне» (1914—18). Супраць пачынальнікаў гэтай крывавай бойні скіраваны зб. «Палітычны паэт» (1919). У экспрэсіянісцкай драме «Сын» (1914) адлюстраваў бунт маладога пакалення супраць гвалту над асобай. Аўтар драм «Збавіцель» (1916), «Антыгона» (1917), «Забойства» (1926), камедый «Дзялок» (1926), «Шлюбы заключаюцца на нябёсах» (1928), «Нашэсце Напалеона»
Літ.:
Волевич И.В. Газенклевер // История немецкой литературы. М., 1968. Т. 4.
Г.В.Сініла.
т. 4, с. 431