ГОХУА́ (кіт. — нац. жывапіс),
традыцыйная школа кіт. жывапісу вадзянымі фарбамі на шаўковых і каляровых скрутках. Тэрмін «гохуа» адрадзіўся ў пач. 20 ст. з аднаўленнем традыцый нац. жывапісу (існаваў з 3—2 ст. да н.э.), які меў тэхн. і жанравыя своеасаблівасці, спецыфічны метад адлюстравання прадмета пры дапамозе ліній і плям на нейтральным фоне, што надавала адчуванне бязмежнай прасторы. Спосабам гохуа малявалі кветкі, расліны, жывёл; у 1940—50-я г. яго сюжэты сталі больш разнастайныя, з’явіліся лірычныя і жанравыя кампазіцыі на сучасныя тэмы. Найб. вядомыя мастакі Цы Байшы і Сюй Бэйхун.
т. 5, с. 374
ГО́ЦАЛІ ((Gozzoli) Беноца) (сапр. ды Лезе ды Сандра; di Lese di Sandro; 1420, г. Фларэнцыя, Італія — 1497),
італьянскі жывапісец эпохі ранняга Адраджэння. Вучыўся ў Л.Гіберці і Анджэліка. Працаваў у Фларэнцыі, Пізе і інш. гарадах Італіі. У вял. фрэскавых цыклах (сцэны з жыцця св. Аўгусціна ў царкве Сант-Агасціна ў Сан-Джыміньяна, 1463—67; фрэска «Шэсце вешчуноў» у капэле палаца Медычы-Рыкардзі ў Фларэнцыі, 1459) спалучаў паэт.-казачную, па сутнасці свецкую трактоўку сюжэтаў і тонкасць жывога назірання з «дывановасцю» кампазіцыі, умоўнасцю прасторавых вырашэнняў, дэкар. маляўнічасцю каларыту.
Літ.:
Padoa Rizzo A. B.Gozzoli pittore fiorentino. Firenze, 1972.
т. 5, с. 374
ГОЦК,
вёска ў Салігорскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 62 км на ПдЗ ад Салігорска, 195 км ад Мінска, 62 км ад чыг. ст. Слуцк. 2335 ж., 618 двароў (1996). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом хрысціян веры евангельскай.
т. 5, с. 374
ГО́ЦКАЯ МО́ВА,
адна са старажытных германскіх моў (усх.-германская падгрупа). Вядома пераважна па пісьмовых помніках 4 ст. (перыяд пасялення готаў у Прычарнамор’і). Найб. значны — пераклад Бібліі (прыпісваецца вестгоцкаму епіскапу Ульфіле), што дайшоў да нашага часу ў остгоцкіх рукапісах 5—6 ст. Лічыцца, што Ульфіла стварыў і само гоцкае пісьмо, заснаванае на грэч. і лац. алфавітах, а таксама на рунічным пісьме. Гоцкая мова захавала большую блізкасць да прагерманскай мовы, таму яна адыгрывае значную ролю ў параўнальнай граматыцы германскіх моў. Вылучаюць 2 блізкія дыялекты гоцкай мовы — остгоцкі і вестгоцкі. У Крыме пэўны час захоўвалася т.зв. крымска-гоцкая мова (вядома 68 слоў, запісаных фламандцам А.Г.Бусбекам у 16 ст.), якая паходзіла ад остгоцкага дыялекту гоцкай мовы.
Літ.:
Гухман М.М. Готский язык. М., 1958.
т. 5, с. 374
ГО́ЦКІ КАНА́Л,
меліярацыйны канал у Салігорскім р-не Мінскай і Лунінецкім р-не Брэсцкай абласцей. Левы прыток Галоўнага канала (бас. р. Прыпяць). Даўж. 32 км. Пачынаецца каля в. Гаўрыльчыцы Салігорскага р-на, вусце за 11,8 км на ПнУ ад в. Чырвоная Воля.
т. 5, с. 375
ГО́ЦЫ ((Gozzi) Карла) (13.12.1720, г. Венецыя, Італія — 4.4.1806),
італьянскі драматург. Граф. Быў ваенным. Выступіў супраць драматургіі К.Гальдоні і франц. асветнікаў. Падтрымліваў традыцыі Адраджэння. Стварыў новы жанр — філас. тэатр. казку (ф’яба). Першая з іх — «Любоў да трох апельсінаў» (паст. 1760). У казках 1760-х г. «Воран», «Кароль-алень», «Прынцэса Турандот», «Жанчына-змяя», «Забеіда», «Блакітная пачвара», «Шчаслівыя жабракі», «Зялёная птушка», «Дзэім, кароль джынаў, альбо Верная раба» развіваў свой трагікамічны казачны стыль, спрабаваў, нягледзячы на рэформу т-ра, захаваць традыцыі камедыі дэль артэ. Яго ф’ябы адметныя паэтычнасцю, яркасцю і аптымізмам нар. казачнай фантастыкі. Аўтар 23 п’ес, напісаных пад уплывам ісп. «камедыі плашча і шпагі», у т. л. «Любоўнае зелле» (1777), паэмы «Дзіўная Марфіза» (1772), кн. ўспамінаў «Непатрэбныя мемуары» (1797). Казкі Гоцы паўплывалі на л-ру рамантызму і тэатр 20 ст. П’есы «Кароль-алень», «Прынцэса Турандот», «Зялёная птушка» неаднаразова ставіліся і тэатрамі Беларусі.
Тв.:
Рус. пер. — Сказки для театра. М., 1989.
С.В.Логіш.
т. 5, с. 375
ГО́ЧАР ((Gočár) Іосеф) (14.3.1880, Семін, каля Пршэлавуча, Чэхія — 10.9.1945),
чэшскі архітэктар. Вучыўся ў Празе ў Вышэйшай прамысл. (1898—1902) і Мастацка-прамысл. (1902—05) школах у Я.Котэры. З 1923 выкладаў у Пражскай АМ. Эвалюцыяніраваў ад стылю мадэрн да функцыяналізму. Відны прадстаўнік т.зв. чэшскага арх. кубізму з характэрнымі для яго гранёнымі геам. формамі ў афармленні карнізаў, балконаў, завяршэнняў акон і інш. Яго пабудовы (дом «Каля Чорнай Божай маці» ў Празе, 1911—12; яслі, 1924; гімназія, 1924—26; царк. комплекс, 1926—29; усе ў Градзец-Кралаве) вылучаюцца свабодай і мэтазгоднасцю прасторавай кампазіцыі, строгай адточанасцю формаў і прапорцый.
т. 5, с. 375
ГО́ШЧА,
вадасховішча ў Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл. каля в. Гошча. Створана на месцы аднайм. возера ў 1981. Пл. 0,82 км², даўж. 1,8 км, найб. шыр. 300 м, найб. глыб. 10 м. Схілы катлавіны спадзістыя, пясчаныя. Усх. берагі ўкрыты лесам, паўн. і паўд. — лугавой расліннасцю, зах. — пад ворывам. Асн. прызначэнне — акумуляцыя і пераразмеркаванне сезоннага сцёку, увільгатненне зямель, рыбагадоўля.
т. 5, с. 375
ГО́ШЧАВА,
вёска ў Стайкаўскім с/с Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. Цэнтр калгаса. За 7 км ад Івацэвіч, 130 км ад Брэста, 4 км ад чыг. ст. Косава-Палескае. 975 ж., 390 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Гошчаўская Крыжаўзвіжанская царква.
т. 5, с. 375
ГО́ШЧАЎСКАЯ КРЫЖАЎЗВІ́ЖАНСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1838 у в. Гошчава (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.). Трохзрубная пабудова з квадратным у плане асн. аб’ёмам, 3-граннай алтарнай апсідай і бабінцам з тамбурам, якія накрыты агульным 2-схільным дахам. Прысадзісты аб’ём будынка ўзбагачаюць васьмерыковая вежа-званіца, накрытая шатром, 2 чацверыковыя вежачкі над бабінцам і купал на 8-гранным барабане над асн. зрубам. Гал. ўваход вылучаны порцікам на 2 падвойных фігурных калонах. Сцены ашаляваны, вокны прамавугольныя і паўцыркульныя з разнымі ліштвамі. У інтэр’еры над уваходам хоры, іканастас аздоблены разьбой.
У.А.Чантурыя.
т. 5, с. 375