Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГО́ТБЕРГ ((Gottberg) Курт фон) (1896 — май 1945),

адзін з вышэйшых кіраўнікоў ням. акупац. адміністрацыі ў Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1919—24 служыў у добраахвотніцкім корпусе «Брыгада Эрхарда». У 1932 уступіў у Нацыянал-сацыялісцкую рабочую партыю Германіі (НСДАП) і СС. З 1937 у Гал. ведамстве па расавай палітыцы і пасяленнях, з 1939 оберфюрэр СС і гал. камісар ведамства зямлі ў Празе. У 1940—42 нач. рэгістрацыйнага ведамства ў гал. упраўленні СС, брыгадэнфюрэр СС і ген.-маёр паліцыі. З восені 1942 камандзір «баявой групы Готберг», потым кіраўнік СС і паліцыі ў Беларусі. Пасля знішчэння бел. партызанамі гаўляйтара В.Кубэ з вер. 1943 да 3.7.1944 в.а. ген. камісара Беларусі. Адначасова з 1943 прадстаўнік рэйхсфюрэра СС у Цэнтр. Расіі. З чэрв. 1944 обергрупэнфюрэр СС. У канцы 2-й сусв. вайны кіраваў барацьбой з франц. рухам Супраціўлення. Пасля арышту Готберга саюзнікамі скончыў самагубствам у Фленсбургу.

С.У.Жумар.

т. 5, с. 370

ГО́ТВАЛЬД ((Gottwald) Клемент) (23.11.1896, с. Дзедзіца, Чэхія — 14.3.1953),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Чэхаславакіі. Чл. Кампартыі Чэхаславакіі (КПЧ) з 1921, з 1925 чл. ЦК і Палітбюро, з 1929 ген. сакратар ЦК КПЧ. У 1935—43 сакратар Выканкома Камінтэрна. З пач. 2-й сусв. вайны ў СССР. Адзін з кіраўнікоў вызв. барацьбы народаў Чэхаславакіі супраць ням.-фаш. акупацыі і арганізатараў чэхаславацкіх узбр. сіл. Пасля вызвалення ўсх. ч. Чэхаславакіі ўвайшоў у створаны 4.4.1945 у г. Кошыцы ўрад Нац. фронту, нам. старшыні ўрада. З 1945 старшыня ЦК КПЧ. З мая 1946 на чале кааліцыйнага ўрада. У час лют. падзей 1948 адыграў значную ролю ў прыходзе да ўлады КПЧ, узначаліў новы ўрад. 14.6.1948 выбраны прэзідэнтам Чэхаславацкай Рэспублікі. Кіраваў працэсам буд-ва сацыялізму ў краіне паводле тагачаснай сав. мадэлі.

т. 5, с. 370

ГО́ТЛАНД (Gotland),

самы вял. востраў у Балтыйскім м., тэр. Швецыі. Утварае самастойную адм. адзінку (лен). Пл. 2960 км². Нас. 57,6 тыс. чал. (1993). Паверхня — плато (выш. да 83 м), складзенае з вапнякоў і пясчанікаў; пашыраны карставыя формы рэльефу. Клімат умераны, марскі. Хвойныя і шыракалістыя лясы. Тарфянікі. Рэзерват Хал-Хангвар. Пасевы збожжавых, бульбы. Жывёлагадоўля. Распрацоўкі вапняку. Адм. цэнтр і гал. порт — г. Вісбю.

т. 5, с. 370

ГО́ТЛАНДСКІ БОЙ 1915,

баявыя дзеянні ў Балтыйскім м. каля в-ва Готланд паміж 1-й брыгадай крэйсераў рас. Балт. флоту (каманд. контр-адм. М.К.Бахіраў) і атрадам герм. ваен. караблёў (камадор Карф) 2.7.1915 у 1-ю сусв. вайну. Атрад Бахірава (5 крэйсераў і 9 эсмінцаў) 1.7.1915 накіраваўся да порта Мемель (цяпер Клайпеда, Літва) з задачай абстраляць яго. У густым тумане ён размінуўся з ням. флотам (3 крэйсеры, 7 эсмінцаў і мінны загараджальнік), аднак у выніку радыёперахопу і дэшыфроўкі данясення Карфа быў наведзены па радыё на праціўніка. У выніку артыл. перастрэлкі 2 ліп. на У ад Готланда са строю выведзены ням. мінны загараджальнік, пашкоджана ч. караблёў абодвух бакоў; больш хуткія ням. караблі выйшлі з бою.

т. 5, с. 370

ГО́ТФРЫД СТРА́СБУРСКІ (Gottfried von Strassburg; ?, г. Страсбур, Францыя — каля 1210),

нямецкі паэт. Прадстаўнік свецкай плыні ў ням. куртуазнай паэзіі. Яго няскончаны вершаваны раман «Трыстан і Ізольда» (дакладней «Трыстан», каля 1207—10) — творчая перапрацоўка аднайм. старафранц. рамана англа-нармандскага трувера Томаса Брытанскага (паміж 1155 і 1170). Блізкі па светаадчуванні да аўтараў гарадской л-ры, Готфрыд Страсбурскі ў многім з’яўляецца папярэднікам гуманістаў Адраджэння, бо апяваў веліч і найвялікшую каштоўнасць зямнога кахання, натуральнае права чалавека на свабоднае выяўленне душы. Яго стыль адметны жывапіснасцю, канкрэтнай пачуццёвасцю і алегарычнасцю, часам блізкі да шванкаў (кароткіх камічных апавяданняў). Раман Готфрыда Страсбурскага завершаны яго паслядоўнікамі — паэтамі Ульрыхам фон Цюргаймам (каля 1235) і Генрыхам фон Фрайбергам (каля 1300); паводле яго створана опера «Трыстан і Ізольда» (1859) Р.Вагнера.

Тв.:

Рус. пер. — Тристан и Изольда: [Урывак] // Хрестоматия по зарубежнай литературе: Лит. средних веков. М., 1953.

Літ.:

Пуришев Б.И. Готфрид Страсбургский // История немецкой литературы. М., 1962. Т. 1.

Г.В.Сініла.

т. 5, с. 370

ГО́ТХАБ (Godthåb),

адміністрацыйны ц. Грэнландыі, гл. Нук.

т. 5, с. 370

ГО́ТШАЛК (каля 1010—7.6.1066),

князь бодрычаў [1031—66; фактычна з 1044]. Выхоўваўся ў кляштары св. Міхаіла ў г. Люнебург (Германія). Пасля смерці бацькі Прыбыгнева (каля 1030) вярнуўся на радзіму і стаў княжыць, аднак у хуткім часе скінуты саксонцамі і эмігрыраваў у Данію. З дапамогай свайго цесця дацкага караля Кнуда І Вялікага і брэменскага архіепіскапа Адальберта II вярнуў у 1044 княжацкі трон. Заснаваў Вендскую дзяржаву. Укараняў хрысціянства, намагаўся стварыць незалежную слав. царкву. Загінуў у час паўстання (інспіравана племянной знаццю), якое праходзіла пад лозунгам вяртання да язычніцтва.

т. 5, с. 370

ГО́ТШЭД ((Gottsched) Іаган Крыстаф) (2.2.1700, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 12.12.1766),

нямецкі пісьменнік, тэарэтык л-ры. Прадстаўнік ранняга ням. Асветніцтва, пачынальнік асветніцкага класіцызму. Вучыўся ў Кёнігсбергскім ун-це. З 1725 выкладаў у Лейпцыгскім ун-це (з 1730 праф. паэзіі, з 1734 — логікі і метафізікі). Супрацоўнічаў з трупай актрысы Ф.К.Нойбер. Аўтар прац «Спроба крытычнай паэтыкі для немцаў» (1730; погляды на рэформу л-ры і тэатра), «Першаасновы ўсёй філасофіі» (1733—34, папулярызацыя ідэй Г.Лейбніца і К.Вольфа). У зб. п’ес «Нямецкі тэатр, пабудаваны паводле правілаў старажытных грэкаў і рымлян» (т. 1—6, 1741—45) уключыў свае пераклады п’ес франц. класіцыстаў (Ж.Расіна, Мальера і інш.) і ўласныя трагедыі («Паміраючы Катон», 1731, «Парыжскае крывавае вяселле», 1774, і інш.), у якіх выступіў з асуджэннем тыраніі і рэліг. фанатызму, у абарону асветніцкіх ідэалаў.

Г.В.Сініла.

т. 5, с. 370

ГО́ТЫ (лац. Gothi, Gothones),

плямёны ўсх. германцаў, якія ў пач. 1-га тыс. н.э. перасяліліся са Скандынавіі на паўд. ўзбярэжжа Балтыйскага мора. У сярэдзіне 1 ст. ў ніжнім цячэнні Віслы з удзелам готаў утварылася вельбарская культура. У апошняй чвэрці 2 ст. готы пачалі перасяленне на ПдУ (у т. л. праз ПдЗ Беларусі). У 3 ст. яны дасягнулі Паўн. Прычарнамор’я, дзе прынялі ўдзел у стварэнні чарняхоўскай культуры. У саюзе з інш. плямёнамі готы неаднаразова ўрываліся ў межы Рым. імперыі, захапілі Дакію. У 3 ст. падзяліліся на вестготаў, остготаў, малых готаў (Мезія, сучасная Балгарыя) і готаў-тэтраксітаў (Крым). У 357 саюз плямён остготаў на чале з конунгам Эрманарыхам разбіты гунамі, пасля чаго б. ч. готаў пакінула Паўн. Прычарнамор’е і пайшла на З. Пасля шэрагу міграцый вестготы апынуліся ў Іспаніі, а остготы стварылі сваю дзяржаву ў Італіі. На тэр. ПдЗ Беларусі вядомы помнікі вельбарскай культуры Вялічкавічы, Дружба, Брэсцкі бескурганны могільнік і інш.

Літ.:

Иордан О. О происхождении и деяниях гетов: Пер. с лат. М., 1960;

Кухаренко Ю.В. Могильник Брест-Тришин. М., 1980.

А.М.Мядзведзеў.

т. 5, с. 370

ГО́ТЫКА (італьян. gotico літар. гоцкі ад назвы герм. племя готаў),

гатычны стыль, мастацкі стыль, пашыраны ў краінах Зах., Цэнтр., часткова Усх. Еўропы паміж сярэдзінай 12 і 15—16 ст. Вылучаюць перыяды готыкі: ранняй (12 ст.), сталай (13—14 ст.) і позняй («палымянай») з моцнымі дэкар. тэндэнцыямі (15 ст.). Прыйшла на змену раманскаму стылю, ад якога ўнаследавала вяршэнства архітэктуры ў сістэме мастацтваў і традыц. тыпы культавых будынкаў. Развіццё мастацтва готыкі адлюстравала змены ў структуры сярэдневяковага грамадства: пачатак фарміравання цэнтралізаваных дзяржаў, рост і ўзмацненне гарадоў, якія сталі буйнымі заказчыкамі арх. твораў, больш высокі ўзровень развіцця рамёстваў і тэхнікі, аслабленне асноў сярэдневяковых рэліг.-дагматычных светапоглядаў і інш.

Стыль готыкі ўзнік на Пн Францыі. Найб. спецыфічная готыка ў Італіі (зберагліся моцныя ант. традыцыі) і Іспаніі. Канструкцыйны прынцып культавага дойлідства готыкі — каркас з каменю, які пазбавіў пабудовы грувасткасці раманскіх сабораў. Унутр. слупы гатычных сабораў накшталт пучка тонкіх калон пераходзілі ўверсе ў стральчатыя аркі нясучых рэбраў (нервюраў) вельмі тонкага крыжовага скляпення. Вонкавыя паўаркі — аркбутаны перадавалі распор скляпення на спец. апорныя вонкавыя слупы — контрфорсы. Гатычныя саборы вылучаліся вял. вышынёй і былі добра асветлены вокнамі з каляровымі вітражамі (Шартрскі сабор). Гал. фасады сабораў звычайна ўпрыгожвалі карункамі рознага разнога дэкору, ажурнымі вежамі, глыбокімі «перспектыўнымі» парталамі, у цэнтры часта рабілі вял. круглае акно (ружу). Гал. відам выяўл. мастацтва готыкі была скульптура, якой упрыгожвалі фасады сабораў і іх інтэр’еры (скульптура «Коннік» у кафедральным саборы ў г. Бамберг, 1235, Германія). Найб. значныя помнікі царк. готыкі: Парыжскай Божай Маці сабор, Рэймскі сабор, Кёльнскі сабор, саборы ў Ам’ене, Страсбуры (Францыя), Кентэрберы, Уэльсе, Вестмінстэрскім абацтве ў Лондане, капэла Каралеўскага каледжа ў Кембрыджы (Англія), саборы ў Фрайбургу, Ульме, Вене (Цэнтр. Еўропа), Мілане, Сіене (Італія), Бургасе (Іспанія), Кракаве, Гнезна, Познані, Гданьску (Польшча), Празе (Чэхія), касцёлы св. Ганны і бернардзінцаў у Вільнюсе, Рыжскі Домскі сабор і інш. Сярод грамадз. і абарончых збудаванняў: ратушы ў гарадах Арас і Камп’ень (Францыя), Бруге і Брусель (Бельгія), шэраг ісп. феад. замкаў, італьян. палацца, гар. умацаванні Таліна. У творах выяўл. мастацтва пабольшала цікавасць да складанага духоўнага свету чалавека, багацця яго перажыванняў, свету прыроды.

На Беларусі готыка адлюстравана пераважна ў архітэктуры 15—16 ст. Але тут сфарміраваўся своеасаблівы стыль, характэрны гарманічным спалучэннем рыс готыкі і рэнесансу, традыцый стараж.-рус. манум. дойлідства і ўплываў рус.-візант. стылю, што ўзбагаціла бел. готыку, надало яе помнікам непаўторны каларыт і маст. каштоўнасць. Аб’ёмы пабудоў тут вырашаны скульптурна, з мяккай прарысоўкай ліній, арх. дэкор адыгрывае другарадную ролю (Ішкалдскі Троіцкі касцёл). Асн. дэкар. элементы — абрамленні парталаў і аконных праёмаў, разнастайныя па малюнку нішы і аркатура (Навагрудская Барысаглебская царква). Нярэдка завяршэнні праёмаў і парталаў мелі не спецыфічную для готыкі спічастую, а паўцыркульную форму. Маляўнічасць будынкам надавала 2-колернае вырашэнне фасадаў: заглыбленыя часткі бялілі, а выступы не атынкоўвалі, пакідалі натуральны колер чырв. цэглы (Мураванкаўская царква-крэпасць). Тэндэнцыю развіцця культавых абарончых збудаванняў у 16 ст. яскрава адлюстроўвае Сынковіцкая царква-крэпасць, якая мае стройную і гарманічную арх. кампазіцыю, створаную з гатычных, рэнесансавых і стараж.-рус. формаў. Інш. кампазіцыйныя прыёмы развіваліся ў 1-нефавых храмах з вежай-званіцай на гал. фасадзе. Манум.-кампактныя аб’ёмы, умацаваныя контрфорсамі, кантраставалі з высокімі яруснымі верт. вежамі, якія надавалі будынкам рысы дынамічнай асіметрыі (Гнезнаўскі касцёл Міхаіла архангела, Дзераўноўскі касцёл Благавешчання). Арх. формы, канструкцыі і буд. тэхніка готыкі найб. характэрны для замкавага дойлідства 16—17 ст. (Гродзенскі Стары замак, Навагрудскія замкі, Мірскі замкава-паркавы комплекс). У драўляным дойлідстве асобныя элементы готыкі захоўваліся да 18 ст. У канцы 18 — пач. 20 ст. канструкцыйныя прыёмы, формы і элементы готыкі сталі аб’ектам пераймання і стылізацыі, што выявілася ў архітэктуры неаготыкі.

Літ.:

Всеобщая история архитектуры. Т. 4. Л.; М., 1966;

Всеобщая история искусств. Т. 2, кн. 1. М., 1960;

Лясковская О.А. Французская готика, XII—XIV вв. М., 1973;

Кушнярэвіч А.М. Культавае дойлідства Беларусі XIII—XVI стст. Мн., 1993;

Svoboda K.M. Die Spätgolik. Wien, 1978;

Rüdiger W. Die gotische Kathedrale: Architektur und Bedeutung. Köln, 1979.

Ю.А.Якімовіч.

т. 5, с. 371