ГО́РЫ-ГО́РАЦКІ ЛІЦЕ́ЙНА-МЕХАНІ́ЧНЫ ЗАВО́Д СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАГА МАШЫНАБУДАВА́ННЯ,
вучэбна-прамысл. прадпрыемства ў 1859—1916 пры Горы-Горацкім земляробчым ін-це і рамесным вучылішчы. Меў 2 паравыя машыны (1872—73), лакамабіль (1879), вагранку для адліўкі чыгунных і жал. вырабаў (1863). Працавалі доменная печ на 50 пудоў чыгуну (1879), 9 розных станкоў (1884). Метал набывалі ў Маскве. Вырабляў веялкі, бароны «зігзаг», плугі, крупадзёркі, малатарні, прылады для млыноў, конныя веялкі, сарціроўкі, запчасткі с.-г. машын, пакоўкі для мастоў і інш. У 1895 працавала 66 чал., выраблена прадукцыі на 10,7 тыс. руб. У 1870—80-я г. з-д належаў да лепшых прадпрыемстваў Магілёўскай губ.
т. 5, с. 368
ГО́РЫ-ГО́РАЦКІ НАРО́ДНІЦКІ ГУРТО́К.
Дзейнічаў у 1879—80 у мяст. Горкі (цяпер горад у Магілёўскай вобл.). Аб’ядноўваў вучняў земляробчага, землямерна-таксатарскага і рамеснага вучылішчаў. Створаны вясной 1879 па ініцыятыве выпускніка Магілёўскай гімназіі Э.Ф.Акушкі; кіраўнік — вучань рамеснага вучылішча М.Л.Выржыкоўскі. Гурток меў нелегальную б-ку, падтрымліваў сувязі з рэвалюцыянерамі-народнікамі Магілёва, Віцебска, Гродна, Пскова, Кіева, Пецярбурга і інш. З лета 1879 гурткоўцы вялі прапагандысцкую работу, але з-за недахопу канспіратарскага вопыту арыштаваны. Паліцыі не ўдалося высветліць маштабы дзейнасці гуртка і справа была спынена. Над Выржыкоўскім і Акушкам быў устаноўлены тайны нагляд паліцыі.
В.М.Чарапіца.
т. 5, с. 368
ГО́САРТ ((Gossaert) Ян) (мянушка Мабюз; Mabuse; каля 1478—80, г. Мабёж, Францыя — паміж 1533 і 1536),
нідэрландскі жывапісец. Заснавальнік рамантызму ў нідэрл. жывапісе 16 ст. Працаваў у Антверпене, Утрэхце, Мідэлбургу і інш. гарадах. У 1508—09 наведаў Італію. Імкнуўся засвоіць дасягненні італьян. Адраджэння ў кампазіцыі, анатоміі, перспектыве. Звяртаючыся да ант. і біблейскіх сюжэтаў, часта маляваў аголеныя фігуры на фоне ант. архітэктуры ці ў прыродным асяроддзі, перададзеным з тыповай для нідэрл. мастацтва дэталізацыяй («Адам і Ева», «Нептун і Амфітрыта», 1516; «Даная», 1527). Маст. традыцыям нідэрл. школы найбліжэй партрэты Госарта (дыптых з выявай канцлера Ж.Карандэле, 1517).
т. 5, с. 369
ГОСЦЬ,
буйны прадстаўнік купецтва ў Стараж. Русі і ў Рас. дзяржаве ў 10—18 ст. Першапачаткова госцем наз. асоб, якія прыязджалі гандляваць з інш. краін, княстваў і гарадоў, пазней — і мясц. купцоў, якія гандлявалі па-за межамі свайго месцапражывання (пераважна за мяжой). У 14—15 ст. госці аб’ядноўваліся ў асобыя прывілеяваныя карпарацыі. У сярэдзіне 16 — пач. 18 ст. госці былі саслоўнай катэгорыяй, мелі царскія даравальныя граматы, паводле якіх карысталіся падатковымі, мытнымі і юрыд. прывілеямі. Выконвалі ўрадавыя даручэнні па закупцы, ацэнцы і захоўванні казённых тавараў. Паводле ўказаў 1722—28 уключаны ў склад купецкіх гільдый.
т. 5, с. 369
ГОТ ((Gott) Карэл) (н. 14.7.1939, г. Пльзень, Чэхія),
чэшскі эстрадны спявак (тэнар). Нар. арт. ЧССР (1985). Скончыў Пражскую кансерваторыю (1965, клас К.Карэніна). Дэбютаваў у 1959. У 1960-я г. саліст т-раў «Семафор», «Апола». Валодае моцным прыгожым голасам. У рэпертуары класічныя арыі, нар. песні, джазавыя балады, сучасныя эстр. песні. Здымаецца ў кіно. Лаўрэат прэмій «Залаты салавей» (7 разоў, з 1963), «Залаты голас Прагі», 1-ы прыз на міжнар. конкурсе эстр. спевакоў у (Сопаце (Польшча, 1964), 1-я прэмія на міжнар. конкурсах песні ў Сан-Рэма (Італія) і Кане (Францыя; абодва (1966).
т. 5, с. 370
ГО́ТА (Gotha),
горад на У Германіі, у зямлі Цюрынгія. Вядомы з 10 ст. Каля 70 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел. Прам-сць: станкаінстр. і трансп. машынабудаванне (у т. л. вагонабудаванне), гумава-тэхнічная, харчасмакавая, паліграф., хімічная. Традыцыйная галіна — выданне і друкаванне геагр. картаў і атласаў. Картаграфічны музей. Арх. помнікі 16—17 ст.
т. 5, с. 370
ГО́ТАРН (Hawthorne) Натаніэл, гл. Хотарн Натаніэл.
т. 5, с. 370
ГО́ТАРПЫ (Gottorp),
Гольштэйн-Готарпы, каралеўская дынастыя ў Швецыі ў 1751—1818. У 1761 готарпскі герцаг Карл Пётр Ульрых стаў рус. царом пад імем Пятра III (правіў у 1761—62). У 1773 сын Кацярыны II і Пятра III готарпскі герцаг Павел І абмяняў уладанні Готарпаў у Шлезвіг-Гольштэйне на Ольдэнбург і Дэльменгорст, якія належалі Даніі.
т. 5, с. 370