ГЕНЕРА́ЛЬНЫ ПЛАН,
адзін з асноўных чарцяжоў архітэктурнага праекта, які паказвае размяшчэнне ў плане аб’екта праектавання і добраўпарадкавання прылеглай да яго тэрыторыі ў пэўных межах. У сучасным горадабудаўніцтве генеральны план — комплексны праект, які вызначае структуру праектуемага горадабуд. аб’екта — горада, гар. пасёлка ці інш. населенага пункта, прыгараднай зоны, тэрыторыі адм. раёна і інш. У ім намячаюць перспектывы развіцця і рэканструкцыі горадабуд. аб’екта, яго паэтапнае фарміраванне з мэтай вырашэння сац., эканам., інж.-тэхнічных, экалагічных і эстэт. задач, вызначаюць стратэгію іх вырашэння, прынцыпы аховы навакольнага асяроддзя, развіццё сістэмы грамадскага абслугоўвання, трансп. і інж. інфраструктуры, доўгатэрміновае планаванне інвестыцыйных працэсаў. Генеральны план распрацоўваюць на перспектыўны перыяд (15—20 гадоў) з вылучэннем 1-га этапа рэалізацыі (7—10 гадоў). Асн. палажэнні генеральнага плана зацвярджае ўрад краіны ці абл. органы ўлады. На Беларусі генеральны план распрацоўваюць ін-т «Мінскпраект», БелНДІПгорадабудаўніцтва, БелНДІдзіпрасельбуд, абл. праектныя арг-цыі. Распрацаваны і зацверджаны генеральны план развіцця ўсіх гарадоў і большасці сельскіх населеных пунктаў, у т. л. Мінска (1982, 1995), Брэста (1975, 1995), Віцебска (1973, 1983), Гомеля (1977), Гродна (1971, 1988), Магілёва (1970, 1981). Іх перыядычна карэкціруюць і абнаўляюць з улікам новых фактараў і задач.
В.І.Анікін.
т. 5, с. 154
ГЕНЕРА́ЛЬНЫ ПРАКУРО́Р РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
вышэйшая службовая асоба Пракуратуры Рэспублікі Беларусь. Узначальвае адзіную цэнтралізаваную сістэму пракурорскіх органаў. Назначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь са згоды Савета Рэспублікі Беларусь Нац. сходу Рэспублікі Беларусь на 5 гадоў, адказны перад ім і яму падсправаздачны. Арганізацыя і парадак дзейнасці органаў пракуратуры, паўнамоцтвы ген. пракурора вызначаюцца Канстытуцыяй, законам «Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь» ад 29.1.1993 і інш. прававымі актамі. Ген. пракурор з’яўляецца старшынёй калегіі Пракуратуры Рэспублікі Беларусь, кіруе дзейнасцю органаў пракуратуры і ажыццяўляе ведамасны кантроль за іх работай; зацвярджае структуру і штаты ніжэйшых яе органаў, назначае пракурораў абласцей, гарадоў і раёнаў; ажыццяўляе нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем законаў міністэрствамі і інш. падведамнымі Савету Міністраў органамі, мясц. прадстаўнічымі і выканаўчымі органамі, прадпрыемствамі, арг-цыямі і ўстановамі, грамадскімі аб’яднаннямі, службовымі асобамі і грамадзянамі. Ген. пракурор і падначаленыя яму пракуроры незалежныя ў ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў і кіруюцца толькі законам. Званне і пасада Ген. пракурора ў Рэспубліцы Беларусь упершыню ўведзена 19.9.1991 (да гэтага органы пракуратуры рэспублікі ўзначальваў Пракурор БССР). Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь: М.І.Ігнатовіч (15.10.1991—7.12.1992), В.І.Шаладонаў (1.1.1993—22.5.1995), В.С.Капітан (22.5.1995—12.12.1996), з 12.12.1996 А.А.Бажэлка.
Г.А.Маслыка.
т. 5, с. 155
ГЕНЕРА́ЛЬНЫ САКРАТА́Р ААН,
галоўная адм. асоба ў сістэме Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, узначальвае Сакратарыят ААН. Назначаецца Ген. Асамблеяй ААН па рэкамендацыі Савета Бяспекі на 5 гадоў (можа быць назначаны паўторна). Удзельнічае ў пасяджэннях гал. органаў ААН (апрача Міжнар. суда), прадстаўляе Ген. Асамблеі штогоднія справаздачы аб рабоце ААН, даводзіць да ведама Савета Бяспекі любыя пытанні, звязаныя з пагрозай міжнар. міру і бяспецы, выступае пасрэднікам у вырашэнні міжнар. спрэчак і інш.
Генеральны сакратар ААН: Т.Х.Лі (Нарвегія, 1946—53), Д.Я.Хамаршэльд (Швецыя, 1953—61), У Тан (М’янма, 1961—71), Х.Вальдгайм (Аўстрыя, 1972—81), Х.Перэс дэ Куэльяр (Перу, 1982—91), Б.Бутрас-Галі (Егіпет, з 1992—96), К.Анан (Гана, з 1997).
т. 5, с. 155
ГЕНЕРА́Л-АДМІРА́Л,
найвышэйшае воінскае званне (чын) у ВМФ Расіі ў 1708—1908. Адпавядала званню генерал-фельдмаршал у арміі. Генерал-адмірал быў правадз. начальнікам флоту або насіў званне як ганаровае. Генераламі-адміраламі былі Ф.М.Апраксін (з 1708), А.І.Астэрман (1740—41), М.М.Галіцын (з 1756), вял. князі Павел Пятровіч (з 1762, пазней імператар Павел І), Канстанцін Мікалаевіч (з 1831), Аляксей Аляксандравіч (з 1883).
Літ.:
Дыгало В.А. Флот государства Российского: Откуда и что на флоте пошло. М., 1993. С. 234—244.
т. 5, с. 152
ГЕНЕРА́Л-АД’ЮТА́НТ,
1) воінскае званне (чын) у рас. арміі ў пач. 18 ст. — 1808. Уведзена Пятром І для асоб, якія былі старшымі ад’ютантамі пры цару (узначальвалі ваенна-паходную канцылярыю), пры генерал-фельдмаршале і яго памочніку (выконвалі абавязкі ад’ютанта і вялі справаводства пры штабе) і пры поўных генералах.
2) Ганаровае званне вышэйшых афіцэраў у свіце рас. імператара ў 1808—1917. Надавалася поўным генералам і генерал-лейтэнантам, часам інш. ваен. чынам за ваен. заслугі і дзярж. дзейнасць.
т. 5, с. 152
ГЕНЕРА́Л-БАС
(ням. Generalbaβ літар. агульны бас),
баса кантынуа, лічбаваны бас, спосаб запісу муз. сугуччаў лічбамі пры басовым голасе, на аснове якога выканальнік стварае акампанемент; аснова вучэння аб гармоніі. Умоўнасць запісу дае выканаўцу-арганісту (клавесіністу) свабоду ў выбары дэталей фактуры, магчымасць імправізацыі. Генерал-бас як тып суправаджэння склаўся ў Італіі ў 2-й пал. 16 ст. Яго пашырэнне звязана з развіццём гамафоніі ў еўрап. музыцы 2-й пал. 16 — 1-й пал. 18 ст. Узоры генерал-баса сустракаюцца ў творах К.Мантэвердзі, Г.Шутца, Г.Пёрсела, А.Карэлі, А.Вівальдзі, Ж.Ф.Рамо, І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля і інш. Лічбаваны спосаб запісу партыі акампанементу адрадзіўся ў джазе і эстр. музыцы.
т. 5, с. 153
ГЕНЕРА́Л-ГУБЕРНА́ТАР,
намеснік, 1) вышэйшая службовая асоба мясц. адміністрацыі ў Расіі ў 1703 — 1917. Меў усю паўнату грамадз. і ваен. улады. З 1775 узначальваў генерал-губернатарства. Прызначаўся імператарам і падпарадкоўваўся яму (фармальна Сенату). Меў права выдаваць абавязковыя пастановы па пытаннях грамадскага парадку і бяспекі, адмяняць рашэнні губернатараў. Улада генерал-губернатара ў Расіі захоўвалася да Лют. рэв. 1917 (акрамя Фінляндыі, дзе гэта пасада існавала да кастр. 1917).
2) У б. калоніях і дамініёнах Вялікабрытаніі, Францыі і інш. калан. дзяржаў кіраўнік калан. адміністрацыі.
3) У краінах брыт. Садружнасці прадстаўнік англ. манарха, які прызначаецца па рэкамендацыі мясц. урадаў.
т. 5, с. 153
ГЕНЕРА́Л-ГУБЕРНА́ТАРСТВА,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1775—1917. Аб’ядноўвала адну або некалькі губерняў, узначальвалася генерал-губернатарам. Уведзена Кацярынай II. Колькасць генерал-губернатарстваў мянялася. У 1782 40 губерняў былі аб’яднаны ў 19 генерал-губернатарстваў. У 19 ст. генерал-губернатарствы пакінуты толькі ў сталіцах і на ўскраінах імперыі (Польшча, Беларусь, Прыбалтыка, Сібір, Далёкі Усход, Сярэдняя Азія). На тэр. Беларусі існавалі Беларускае генерал-губернатарства (1772—1856), Віленскае генерал-губернатарства (1794—1912), Мінскае генерал-губернатарства (1831—34).
т. 5, с. 153