«ГОМЕЛЬБУДПРАЕ́КТ»,
Дзяржаўны праектна-тэхналагічны інстытут «Гомельбудпраект» Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1988 у Гомелі як «Дзіпрабуд» (Гомельскі філіял «Белдзіпрабуда»). З 1994 сучасная назва. Асн. кірункі дзейнасці: комплекснае праектаванне буд-ва, расшырэння і тэхнал., перааснашчэння збудаванняў і прадпрыемстваў будіндустрыі і інш. прызначэння.
У.Г.Малкоў.
т. 5, с. 335
ГО́МЕЛЬСКАГА ДУХО́ЎНАГА ВУЧЫ́ЛІШЧА БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў 1799—1819 у Гомелі як летні дом М.П.Румянцава (арх. Дж.Кларк). З 1880 у будынку размяшчалася духоўная семінарыя. Складаўся з трох аб’ёмаў, пастаўленых на адной лініі: 2-павярховы драўляны корпус і злучаныя з ім галерэі 2-павярховых флігеляў. У 2-й пал. 19 ст. перабудаваны. Мураваны 2-павярховы П-падобны ў плане будынак. Цэнтр гал. прамавугольнага ў плане аб’ёму вылучаны магутнымі рызалітамі на гал. і дваровых фасадах. Гал. фасад дэкарыраваны сандрыкамі, лепкай і інш. Дваровыя фасады карпусоў апрацаваны рустам, завершаны карнізам.
А.М.Кулагін.
т. 5, с. 335
ГО́МЕЛЬСКАГА КАМЕРЦЫ́ЙНАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,
помнік грамадзянскай архітэктуры гістарызму. Пабудаваны ў 1901 (арх. С.Шабунеўскі) у стылі ампір. Рэканструяваны ў 1947. Мураваны 3-павярховы Г-падобны ў плане будынак. Фасады падзелены прафіляваным карнізным поясам на 2 ярусы: ніжні вырашаны ў выглядзе цокаля з руставанымі прасценкамі паміж прамавугольнымі аконнымі праёмамі, верхні — рытмічна завершаныя маскаронамі складаныя па форме картушы пілястраў, паміж якімі размешчаны нішы з 2 парамі прамавугольных праёмаў. Паміж 2-м і 3-м паверхамі скульпт. ўстаўкі з раслінным арнаментам. Балконы 3-га паверха ўпрыгожаны каванай агароджай. Цэнтр гал. фасада вылучаны рызалітам, гал. ўваход — паўкалонамі іанічнага ордэра.
В.М.Чарнатаў.
т. 5, с. 335
ГО́МЕЛЬСКАГА ПЕРАСЫ́ЛЬНАГА ПУ́НКТА ПАЎСТА́ННЕ 1916,
найбольшае на Беларусі і Зах. фронце выступленне салдат у 1-ю сусв. вайну. Адбылося каля Гомеля пад уплывам рэв. прапаганды чл. Палескага к-та РСДРП(б) і салдат-бальшавікоў. Росту незадаволенасці садзейнічалі ваен. паражэнні, разруха ў тыле, здзекі над салдатамі. Паўстанню папярэднічалі хваляванні салдат 15 крас., 20 мая, 10 ліпеня. У адказ на арышт казака М.Ф.Башкіна 4.11.1916 паўстала каля 4 тыс. салдат і матросаў. Яны абяззброілі варту, вызвалілі 800 арыштаваных і знішчылі ў канцылярыі гаўптвахты ўсе абвінаваўчыя дакументы. Выкліканыя камандаваннем каравульныя роты паўстанцы сустрэлі ружэйным агнём. Аднак зброі ў паўстаўшых было мала і іх выступленне задушылі. 8.11.1916 паўстанне аднавілася: каля 200 салдат разагналі атрад паліцэйскіх, разам з перасыльнымі яны абяззброілі варту і вызвалілі арыштаваных. Да іх далучыліся яшчэ 1000 чал. Паўстанне задушылі ўзбр. сілай. 16 найб. актыўных удзельнікаў былі асуджаны, 9 з іх — да пакарання смерцю.
Э.М.Савіцкі.
т. 5, с. 335
ГО́МЕЛЬСКАГА ТЭХНІ́ЧНАГА ВУЧЫ́ЛІШЧА БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры стылю мадэрн. Пабудаваны ў пач. 20 ст. Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак. Кампазіцыю гал. фасада ствараюць 2 бакавыя рызаліты і павышаная цэнтр. частка. Актыўнымі элементамі фасада з’яўляюцца вял. лучковыя вокны і цэнтр. ўваход, дэкарыраваны круглым вітражом. Ліштвы падкрэсліваюць крывалінейную форму аконных праёмаў, у 1-м і 2-м паверхах бакавых рызалітаў аб’яднаны ў агульную дэкар. раму з перакрыжаваных гарыз. і верт. Чляненняў.
В.М.Чарнатаў.
т. 5, с. 335
ГО́МЕЛЬСКАГА ФІЛІЯ́ЛА РУ́СКА-АЗІЯ́ЦКАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры неакласіцызму. Пабудаваны ў 1910—12 (арх. О.Мунц). Мураваны 2-павярховы Г-падобны ў плане будынак. Вуглавая частка скругленая, вылучаная цыліндрычнай вежай з купалам. Фасады падзелены карнізнай цягай на 2 ярусы, ніжні ярус апрацаваны рустам. На плоскасці сцен — тонкія ліштвы, маскароны, гірлянды. На вежы, па баках круглага дахавага акна, алегарычныя выявы 2 жаночых фігур у ант. адзенні.
В.М.Чарнатаў.
т. 5, с. 335
ГО́МЕЛЬСКАЕ АДКРЫ́ТАЕ АКЦЫЯНЕ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА «СПАРТА́К».
Засн. ў 1924 як кандытарскае прадпрыемства «Прасвет» па выпуску карамелі, цукерак, ірысу, мармеладу, з 1925 і халвы. У 1930—31 на яго аснове пабудаваны кандытарскі камбінат «Спартак». У Вял. Айч. вайну разбураны. У крас. 1944 аднавіў дзейнасць. У 1970—72 рэканструяваны. З 1993 сучасная назва. Асн. цэхі: карамельны, цукерачна-шакаладны, вафельны, бісквітны, патачны. У 1996 выпушчана 17 313 т кандытарскіх вырабаў. Супрацоўнічае з фірмамі Ізраіля, Ірландыі, Эстоніі, Украіны.
т. 5, с. 336
ГО́МЕЛЬСКАЕ АКЦЫЯНЕ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА «ГОМЕЛЬШПАЛЕ́РЫ».
Засн. ў 1936 як з-д «Ізапліт», выпускаў драўнянавалакністыя пліты. З 1937 у складзе Навабеліцкага каніфольна-мыльнага з-да, выпускаў дадаткова каніфольнае мыла, шкіпінар. У 1941 эвакуіраваны на ўсход. У 1946 адноўлены у Гомелі. З 1953 Навабеліцкі лесахімкамбінат, з 1972 Гомельскі папярова-лесахім. камбінат, з 1976 Гомельскі палярова-лесахім. з-д. З 1993 адкрытае акц. т-ва «Гомельшпалеры». Асн. прадукцыя: шпалеры ўсіх відаў; тэкстурная і святлоадчувальная папера.
т. 5, с. 336
ГО́МЕЛЬСКАЕ АКЦЫЯНЕ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА «КАМІНТЭ́РН».
Засн ў 1919 як ф-ка па пашыву вайсковага абмундзіравання. З 1922 ф-ка «Дзяржадзенне» па пашыву адзення насельніцтву і розным установам. З 1927 ф-ка «Гомшвей», з 1928 швейная ф-ка «Камінтэрн». У Вял. Айч. вайну эвакуіравана ва Ульянаўскую вобл., дзе аб’яднана з віцебскай ф-кай «Прафінтэрн». Пасля вайны адноўлена ў Гомелі. У 1964 шляхам аб’яднання ф-кі «Камінтэрн» са швейнай ф-кай № 1 і Рэчыцкай швейнай ф-кай створана Гомельскае вытв. швейнае аб’яднанне «Камінтэрн», якое у 1994 пераўтворана ў акц. т-ва. Вырабляе мужчынскае і жаночае адзенне. Мае знешнеэканам. сувязі з фірмамі Англіі, Даніі, Германіі, Венгрыі, Італіі, Чэхіі.
А.А.Саламонаў.
т. 5, с. 336
ГО́МЕЛЬСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «КАРА́Л».
Засн. ў 1964. Асн. прадукцыя: каляровыя кінескопы для тэлевізараў, карпусы інтэгральных схем, рэзанатары п’езаэлектрычныя для тэлевізійных прыёмнікаў і радыёапаратуры, вырабы нар. ўжытку.
т. 5, с. 336