Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГО́МЕЛЬСКАЯ КАПЛІ́ЦА,

помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Пабудавана ў 1870—89 у Гомелі паводле праекта арх. Я.Чарвінскага. Дэкар. работы выкананы мясц. майстрамі пад кіраўніцтвам мастака С.Садзікава. Рэстаўрыравана ў 1971—75. Размешчана ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі. Квадратнае ў плане мураванае збудаванне (пл. каля 30 м²) накрытае высокім 8-гранным шатром з люкарнамі і цыбулепадобнай галоўкай (агульная выш. 18 м). Падобныя галоўкі завяршаюць вуглы асн. аб’ёму. Фасады абліцаваны светлай цэглай, аздоблены керамічнымі дэталямі і каляровай маёлікай. На паўд. фасадзе ўваход з лесвіцай і арачным парталам. Побач з капліцай уваход у фамільную пахавальню Паскевічаў. Пахавальня складаецца з надземнай часткі (невял. мураваная пабудова, увянчаная маленькім барабанам з галоўкай), якая звязана лесвіцай са склепам — падземнай часткай (даўж. 28 м). Сцены склепа абліцаваны колатым каменем, пакрытым палівай, каля іх — мемар. пліты, на тарцовай — мазаічнае пано.

В.М.Чарнатаў.

т. 5, с. 342

ГО́МЕЛЬСКАЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНА-ФАНЕ́РНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1896—1914 у г. Гомель. У 1900 працавала 24 рабочыя, выраблена дошак на 80 тыс. руб. У 1908 мела паравы рухавік (100 к.с.). У 1913 працавала 65 рабочых.

т. 5, с. 342

ГО́МЕЛЬСКАЯ МАСТА́ЦКАЯ СТУ́ДЫЯ імя М.А.Урубеля. Існавала ў Гомелі ў 1919—21. Арганізавана мастакамі А.Быхоўскім і С.Каўроўскім. Яе навучэнцы стварылі шмат плакатаў, карыкатур, дыяграм, заклікаў для прапаганды рэв. ідэй на Беларусі. Сярод плакатыстаў вылучаўся Быхоўскі — аўтар вострых, экспрэсіўных, цікавых па задуме твораў: «Чырвоны набат», «Дапамажыце параненаму чырвонаармейцу» і інш. Сярод вучняў студыі нар. мастак СССР Г.Ніскі, мастакі А.Шаўчэнка, Я.Целяшэўскі, карыкатурыст Л.Смехаў і інш.

т. 5, с. 342

«ГО́МЕЛЬСКАЯ МЫСЛЬ»,

грамадска-палітычная і літ. газета ліберальна-асветнага кірунку. Выдавалася 3 разы на тыдзень з 5(18).2.1913 да 17(30).7.1914 у Гомелі на рус. мове. Асн. месца адводзіла асвятленню мясц. праблем. Выступала супраць курсу на хутарызацыю, за свабоду друку, усеагульнае і бясплатнае пач. навучанне. Шмат увагі аддавала сац.-эканам. і юрыд. праблемам яўр. насельніцтва ў Рас. імперыі, у т. л. супраць нацыяналізацыі крэдытнай сістэмы, якая падрывала яўр. капітал. Вітала станаўленне бел. тэатр. мастацтва, адзначала багатую нац. паэзію, прапагандавала рус. л-ру. У час 1-й сусв. вайны займала пацыфісцкія пазіцыі.

т. 5, с. 342

ГО́МЕЛЬСКАЯ ПАЛАТНЯ́НАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1814—31 у г. Гомель. У 1814 працаваў 61 чал.; мела 32 ткацкія станкі, выраблена 14 545 аршынаў палатна.

т. 5, с. 342

ГО́МЕЛЬСКАЯ ПРАМЫСЛО́ВА-ГАНДЛЁВАЯ ФІ́РМА «8 САКАВІКА́».

Засн. ў 1926 у Гомелі як трыкатажная майстэрня па вытв-сці панчошна-шкарпэткавых вырабаў. З 1930 Гомельская панчошна-трыкатажная ф-ка «8 Сакавіка», мела швейны, вязальна-трыкатажны цэхі і лабараторыю моды, выпускала шаўковую і баваўняную бялізну, джэмперы. У Вял. Айч. вайну эвакуіравана ў г. Чкалаў (цяпер Арэнбург, Расія). У 1946 адноўлена. З 1992 сучасная назва. Адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі ў галіне лёгкай прам-сці. Выпускае больш за 400 найменняў прадукцыі жаночага асартыменту. У 1993 узнагароджана міжнар. прэміяй у конкурсе за якасць прадукцыі.

т. 5, с. 342

«ГО́МЕЛЬСКАЯ ПРА́ЎДА»,

абласная газета. Выдаецца з 30.10(12.11).1917 у Гомелі на бел. мове. У 1917—29 выходзіла на рус. мове, пад рознымі назвамі. Спачатку наз. «Известия Гомельского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов». У час акупацыі Гомеля герм. войскамі (люты 1918 — студз. 1919) не выходзіла. З 1930 наз. «Палеская праўда», з 1938 сучасная назва. У Вял. Айч. вайну орган Гомельскіх падп. абкома і гаркома КП(б)Б (выходзіла з 1.5 да 20.11.1943). Пасля вайны — орган Гомельскіх абл. і гар. к-таў КПБ, абл. і гар. Саветаў нар. дэпутатаў. З вер. 1991 — абл. газета. Інфармуе аб падзеях грамадска-паліт., эканам., гісторыка-краязнаўчага і культ. жыцця Гомельшчыны, усёй Беларусі. Асвятляе міжнар. падзеі.

т. 5, с. 342

ГО́МЕЛЬСКАЯ ФА́БРЫКА МАСТА́ЦКІХ ВЫ́РАБАЎ.

Створана ў 1960 на базе Гомельскай прамысл. Арцелі «XVIII партз’езд» (з 1939). Асн. прадукцыя: строчана-вышытае дзіцячае адзенне, пасцельная і сталовая бялізна, вырабы вязаныя і ручнога ткацтва (ткуць у в. Неглюбка Веткаўскага р-на і ў Чачэрску), вырабы з лазы і саломкі. Шырокую вядомасць маюць неглюбскія ручнікі.

Дз.С.Трызна.

т. 5, с. 342

ГО́МЕЛЬСКАЯ ФА́БРЫКА «ПАЛЕСДРУ́К».

Створана ў 1921 пад назвай «Палескі друк» у выніку аб’яднання 1-й Дзярждрукарні, «Гомдруку» і «Гомгазеты». З 1932 наз. друкалітаграфія і карданажная ф-ка «Палесдрук». У 1941 эвакуіравана ў г. Краснакамск Пермскай вобл. У 1944 аднавіла дзейнасць у Гомелі. З 1946 наз. Гомельская друкарня і карданажна-мяшэчкавая ф-ка «Палесдрук», у 1953—60 рэканструявана. Яе філіялы з 1977 Гомельская, Буда-Кашалёўская, Веткаўская і Добрушская раённыя друкарні. Асн. Прадукцыя (1997): агульныя сшыткі, дзённікі школьныя, сшыткі для нот, малявання, касы лічбаў і складоў, запісныя кніжкі, блакноты, альбомы і інш.

А.А.Саламонаў.

т. 5, с. 342

ГО́МЕЛЬСКА-РЭ́ЧЫЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

наступальная аперацыя войск Беларускага фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) 10—30.11.1943 у Вял. Айч. вайну. Мэта аперацыі — разграміць гомельска-рэчыцкую групоўку праціўніка, вызваліць міжрэчча Сажа і Дняпра, заняць зручныя пазіцыі на зах. беразе Дняпра. Удзельнічалі 3, 11, 48, 50, 61, 63, 65 і 16-я паветр. арміі. Ім процістаялі 2-я, частка сіл 9-й і 4-й ням. армій групы армій «Цэнтр», пазней 7 пях. дывізій і брыгада СС. У ходзе аперацыі сав. войскі ва ўзаемадзеянні з партызанамі Палескай, Гомельскай і Магілёўскай абл. вызвалілі Рэчыцу (18 ліст.), фарсіравалі Бярэзіну, вызвалілі Прапойск, Карму, Журавічы (25—26 ліст.), Гомель (26 ліст.). У выніку аперацыі злучэнні Бел. фронту прарвалі абарону праціўніка ў паласе шырынёю 100 км, прасунуліся на 130 км, стварылі пагрозу паўд. флангу групы армій «Цэнтр» і не далі магчымасці нанесці контрудар па злучэннях 1-га Укр. фронту. 23 часцям і злучэнням нададзена ганаровае найменне «Гомельскіх», 22 — «Рэчыцкіх».

У.І.Лемяшонак.

т. 5, с. 337