Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГО́ЛЬМІЙ (лац. Holmium),

Но, хімічны элемент III групы перыяд, сістэмы, ат. н. 67, ат. м. 164,9304, адносіцца да лантаноідаў. У прыродзе 1 стабільны ізатоп ​165Ho. Адкрыты швед. хімікам П.Клеве ў 1897.

Метал светла-шэрага колеру, tпл 1470 °C, шчыльн. 8799 кг/м³. Лёгка паддаецца мех. апрацоўцы. У паветры акісляецца, узаемадзейнічае з вадой і мінер. к-тамі (акрамя фторыставадароднай), пры награванні — з вадародам, азотам, галагенамі. Выкарыстоўваюць як кампанент магн. сплаваў, спец. шкла, актыватар люмінафораў.

т. 5, с. 328

ГОЛЬФ (англ. golf),

спартыўная гульня з мячом і клюшкай. Полем для гольфа служыць участак натуральнай умерана перасечанай мясцовасці (поле, парк, узлесак) пл. ад 50 тыс. да 200 тыс. м², на якім размечана 9—18 дарожак-трас (даўж. 150—470 м, шыр. 30—40 м). У канцы кожнай з іх зроблены пляцоўкі пл. каля 20 м² з ямкай-лункай пасярэдзіне (глыб. 11 см, дыяметр 10 см). Мяч з літой гумы (вес 42,5 г), клюшкі (у наборы) даўж. ад 85 да 110 см з галоўкамі рознай формы. Мэта гульні — ударамі клюшкай па мячу пракаціць яго праз усе дарожкі і патрапіць ім у кожную лунку. Перамагае той ігрок ці каманда, якія зробяць гэта найменшай колькасцю ўдараў.

Зарадзіўся гольф у сярэднія вякі ў Даніі. Найб. развіты ў Вялікабрытаніі, Канадзе, Аўстраліі, ЗША, краінах Скандынавіі. Уваходзіў у праграму Алімпійскіх гульняў (1900, 1904).

т. 5, с. 328

ГОЛЬЦ (Георгій Паўлавіч) (6.3.1893, Масква — 27.5.1946),

рускі і бел. архітэктар і тэатр. мастак. Правадз. чл. Акадэміі архітэктуры СССР (1939). Скончыў Вышэйшыя дзярж. маст.-тэхн. майстэрні (1922) у Маскве. Сярод ранніх работ у стылі канструктывізму — Дзярж. банк у Мінску (1927; у сааўт.; не захаваўся). У Віцебску ў БДТ-2 (т-р імя Я.Коласа) аформіў спектаклі: «Разлом» Б.Лаўранёва (1928), «Горад вятроў» У.Кіршона, «Авангард» В.Катаева (абодва 1930), «Качагары» І.Гурскага (1931), «Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ (1933) і інш. Сярод работ у Маскве: жылыя дамы на Ленінскім і Кутузаўскім праспектах, вул. М.Горкага (1939—40). Дзярж. прэмія СССР 1941.

Літ.:

Быков В.Е. Георгий Гольц. М., 1978.

Л.А.Воінаў.

т. 5, с. 328

ГО́ЛЬЦБЛАТ (Аляксандр Ісакавіч) (12.3.1932, Масква — 1996),

бел. вучоны ў галіне авечкагадоўлі. Д-р с.-г. н. (1980). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1955). З 1961 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі, з 1983 у Вышэйшай селекцыйнай дзярж. школе (пас. Быкова Маскоўскай вобл.), Навук. працы па пытаннях селекцыі авечак і тэхналогіі танкаруннай авечкагадоўлі, стварэнні шматплоднай паўтанкаруннай пароды авечак з выкарыстаннем парод, якіх гадуюць на Беларусі; па ўдасканаленні сістэмы інтэнсіўнай вытворчасці прадуктаў авечкагадоўлі дастасавальна да ўмоў Беларусі.

Тв.:

Повышение продуктивности овец. Л., 1982 (разам з А.Д.Шашам);

Селекционно-генетические основы повышения продуктивности овец. Л., 1988 (разам з А.І.Ярохіным, А.М.Ульянавым).

т. 5, с. 329

ГОЛЬЦ-МІ́ЛЕР (Іван Іванавіч) (9.12.1842, г. Іанішкеліс, Літва — 17.8.1871),

удзельнік рэв.-дэмакр. руху, рус. паэт. Скончыў Мінскую гімназію (1859). У 1860 паступіў на юрыд. ф-т Маскоўскага ун-та. У 1861 арыштаваны як удзельнік рэв. гуртка П.Р.Заічнеўскага па справе аб друкаванні і распаўсюджванні нелегальнай л-ры. З турмы вярнуўся ў Мінск, адкуль неўзабаве высланы ў г. Карсун Сімбірскай губ. У 1867—69 жыў у Мінску, вандраваў па Расіі. Памёр і пахаваны ў Арле. Друкаваўся ў час. «Современник», «Отечественные записки». У Мінску напісаў вершы «З верай за справу», «Сум раз’ядае мне сэрца» і інш. Яго лепшы верш «Слу-хай!» (1864) пакладзены на музыку П.Сакальскім, стаў папулярнай песняй.

Тв.:

Поэт-революционер И.И.Гольц-Миллер /Сост. Б.Козьмин, Г.Лелевич. М., 1930.

Літ.:

Бас І. «...Не памерла слова яго!» // Бас І. Падарожжа ў літаратурнае мінулае. Мн., 1971;

Кісялёў Г.В. Яго помніць Мінск // Кісялёў Г.В. Героі і музы. Мн., 1982.

Г.В.Кісялёў, І.У.Саламевіч.

т. 5, с. 329

ГО́ЛЬЧЫЦЫ,

вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на ПнУ ад горада і 19 км ад чыг. ст. Слуцк, 90 км ад Мінска. 773 ж., 309 двароў (1996). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі.

т. 5, с. 329

ГО́ЛЬША,

рака, гл. Гальша.

т. 5, с. 329

ГО́ЛЯДЗЬ,

балцкае племя, якое жыло ў бас. р. Протва (правы прыток р. Масква) паміж вяцічамі і крывічамі. Упамінаецца ў рус. летапісах 11—12 ст. Большасць голядзі ў 12 ст. асімілявана славянамі.

т. 5, с. 329

ГОМА...,

гл. Гама...

т. 5, с. 329

ГОМАГАМЕ́ТНАСЦЬ (ад гома... + гаметы),

характарыстыка арганізма (або групы арганізмаў), які мае ў храмасомным наборы пару або некалькі пар гамалагічных палавых храмасом і ўтварае аднолькавыя па наборы храмасом гаметы. Пол, прадстаўлены такімі асобінамі, наз. гомагаметным. У млекакормячых, рыб і некат. відаў раслін (каноплі, хмель, шчаўе) гомагаметнасць характэрна для жан. полу, у птушак, матылькоў і некат. відаў суніц — для мужчынскага.

т. 5, с. 329