ГОЛУБАПАДО́БНЫЯ (Columbiformes),
атрад птушак. 3 сям.: галубіныя (Columbidae), дронтавыя (вымерлыя), рабковыя. 316 відаў. Пашыраны ва ўмераных і трапічных шыротах зямнога шара. Вядомы з верхняга эацэну. Дрэвавыя або наземныя птушкі. Бываюць галубы свойскія (больш за 150 парод) і паўсвойскія. Існуе галіна птушкагадоўлі — голубагадоўля. На Беларусі 6 відаў: з сям. галубіных вяхір, голуб шызы, клінтух, туркаўка звычайная, туркаўка кольчатая і з сям. рабковых — саджа звычайная, або капытка (Syrrhaptes paradoxus), — выпадкова залётны від. Вядомы таксама галубы: вандроўны голуб, белагруды (беласпінны; Columbus leuconota), каменны (скалісты; С. rupestris), буры (C. eversmanni), белабрухі рабок (Pterocles alchata) і інш.
Даўж. цела 15—78 см, маса 30 г — 20 кг (дронты). У большасці голубападобных самцы буйнейшыя і ярчэй афарбаваныя за самак. Апярэнне шчыльнае. Крылы падоўжаныя, завостраныя (акрамя дронтаў). Валлё і мускульны страўнік добра развітыя. Пераважна расліннаедныя, збіраюць корм звычайна на зямлі. Манагамы. Гняздуюцца на дрэвах, у дуплах, норах на абрывістых берагах рэк, нішах пабудоў, на дахах. Бацькі кормяць птушанят адрыжкай з валляка або асаблівым «птушыным малаком». Аб’екты спарт. палявання. Голубападобныя — крыніца інфекцыі пры арнітозах. Некат. ахоўваюцца.
т. 5, с. 326
ГО́ЛУБАЎ (Анатоль Емяльянавіч) (29.8.1908, в. Нова-Маркаўка Варонежскай вобл., Расія — 29.1.1978),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945), ген.-маёр авіяцыі (1954). Скончыў Адэскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1933), Ваен. акадэмію Генштаба (1949). У Чырв. Арміі з 1930. У Вял. Айч. вайну на Паўд.-Зах., Ленінградскім, Зах., 3-м Бел. франтах. Камандзір знішчальнага авіяпалка палкоўнік Голубаў зрабіў 355 баявых вылетаў. Удзельнік вызвалення Віцебска, Оршы, Мінска. Да 1955 у Сав. Арміі.
т. 5, с. 326
ГО́ЛУБАЎ (Уладзімір Ільіч) (7.11.1908, г. Віцебск — 12.1.1948),
тэатральны крытык, балетазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1947). Скончыў Ленінградскі ін-т інжынераў шляхоў зносін (1931). З 1945 адказны сакратар час. «Тэатр», у 1945—47 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва. Аўтар сцэнарыя балета «Міліца» Б.Асаф’ева (1947, з А.Басехесам). Адзін з першых сярод рас. балетазнаўцаў выступіў супраць падмены харэагр. малюнка сюжэтам, збяднення танц. мовы і навязвання балету неўласцівых яму нормаў, за вывучэнне прынцыпаў класічнай харэаграфіі як самаст. мастацтва. Аўтар кн. «Танец Галіны Уланавай» і інш.
т. 5, с. 326
ГО́ЛУБЕВА (Зоя Аляксандраўна) (н. 30.4.1967, Мінск),
бел. спартсменка (міжнар. шашкі). Міжнар. Грасмайстар (1986). Скончыла Мінскі ін-т фіз. культуры (1990). Васьміразовая чэмпіёнка свету (1986, 1988, 1990, 1991—93, 1995, 1996). З 1989 жыве ў Латвіі.
т. 5, с. 327
ГО́ЛУБЕВА (Маргарыта Генадзеўна) (н. 4.6.1964, Мінск),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1984). Працавала на Мінскай ф-цы маст. Вырабаў (1984 — 88). У тэхніцы батыку стварае арнаментальныя кампазіцыі, нацюрморты з кветкамі, экзатычнымі прадметамі і інш., у якіх спалучэнне лінейных узораў, колеравых плоскасцей і эфекту кракле дае прасторавую перспектыву, непаўторныя пераходы і дэкар. цэльнасць: «Лілеі», «Чырвоная ружа», «Тыгравая шкура», «Індыйскі матыў», «Хатняе цяпло» (усе 1990—96) і інш.
т. 5, с. 327
ГО́ЛУБЕВА (Наталля Аляксандраўна) (н. 3.4.1966, С.-Пецярбург),
бел. кампазітар. Скончыла Бел. акадэмію музыкі (1991, клас Дз.Смольскага). Працуе ў тэхніках муз. авангарда. Чл. Бел. асацыяцыі сучаснай музыкі. Сярод асн. твораў: «Супрэматызмы» для сімф. аркестра (1993, 1-я прэмія на міжнар. конкурсе «Musik and Earth», Сафія, 1996), «Нумерацыі для аркестра», «АУМ» для мяшанага хору і сімф. аркестра, «Крышталь у святле промня» для камернага ансамбля, «Алегорыя» для сапрана, барытона і камернага ансамбля, «Лічбы» для фп., электронная кампазіцыя «Conus sonoris».
Р.М.Аладава.
т. 5, с. 327
ГО́ЛУБЕЎ (Сцяпан Цімафеевіч) (1849 — 1920),
украінскі гісторык. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію. Праф. Кіеўскага ун-та і Кіеўскай духоўнай акадэміі. Даследаваў гісторыю асветы, культуры і царк. жыцця на Украіне. Друкаваўся ў час. «Киевская старина», «Чтения в обществе истории и древностей российских» і інш. Асн. працы: «Кіеўскі мітрапаліт Пётр Магіла і яго паплечнікі» (т. 1—2, 1883—98), «Гісторыя Кіеўскай духоўнай акадэміі» (вып. 1, 1886). У сваіх працах апублікаваў дакументы 16—17 ст.
т. 5, с. 327
ГО́ЛУБ ШЫ́ЗЫ (Columba livia),
птушка сям. галубіных атр. голубападобных. Пашыраны ў Паўн. Афрыцы, на Пд Еўразіі. Насяляе скалы, горныя цясніны, яры, абрывістыя берагі рэк. Паўсвойскія галубы шызыя жывуць у паселішчах і пабудовах чалавека ўсюды. На Беларусі трапляецца шматлікі аселы паўсвойскі падвід — голуб шызы звычайны (C.l. livia).
Даўж. цела 33—37 см, маса 240—360 г. Апярэнне шызае, на шыі з металічна-зялёным і фіялетавым адценнем, на паясніцы белая паласа. На крылах 2 папярочныя чорныя палосы, на канцы хваста адна шырокая. Гняздуецца ў трэшчынах скал, норах па абрывах, пад стрэхамі, у нішах пабудоў, на балконах, карнізах. Нясе 2 яйцы. Расліннаедны, корміцца насеннем дзікіх і культ. раслін, рэшткамі ежы чалавека. Ад голуба шызага паходзяць шматлікія пароды дэкар. і паштовых галубоў.
т. 5, с. 326
ГО́ЛЧАНКА (Міхаіл Герасімавіч) (н. 20.4.1943, в. Плешчыцы Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне меліярацыі. Канд. тэхн. Навук (1971), праф. (1992). Скончыў БСГА (1965), дзе і працуе. Навук. працы па вільгацезабяспечанасці і арашэнні зямель, утылізацыі жывёлагадоўчых сцёкаў, дажджавальных прыстасаваннях і інш.
Тв.:
Орошение сточными водами. М., 1988 (разам з У.І.Жалязкам);
Оросительные мелиорации. Мн., 1989.
т. 5, с. 327
ГО́ЛЫШАВА (Ніна Мікалаеўна) (н. 24.12.1939, в. Харошая Кастрамской вобл., Расія),
бел. жывапісец. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). Сярод твораў: партрэты «Беларуска» (1966), балерыны А.Карзянковай (1973), фехтавальшчыцы І.Паўленка (1975); пейзажы «На возеры Вайса» (1972), «Волма ўзімку» (1996); нацюрморты «Падарунак Валожына» (1992), «Півоні» (1994); жанравыя кампазіцыі «Карагод» (1966), «Сёстры Прыдняпроўя» (1982) і інш. Творчасць вылучаецца прастатой і натуральнасцю, пошукамі вобразнай экспрэсіі.
Л.Ф.Салавей.
т. 5, с. 327