Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НО́БЕЛІ (Nobel),

шведскія вынаходнікі, прадпрымальнікі і прамыслоўцы. Паходзілі са стараж. швед. роду Рудбекаў, адзін з прадстаўнікоў якога ў 1682 змяніў прозвішча на Нобеліус (пазней трансфарміравалася ў Нобель) па назве мяст. Нёбёлеў, дзе жыў род. Эмануэль (24.3.1801—3.9.1872), вынаходнік падводных мін. Бацька Людвіга, Роберта, Эміля і А.Б.Нобеля. У 1842—59 жыў з сям’ёй у С.-Пецярбургу, дзе заснаваў мех. з-д. У час Крымскай вайны 1853—56 пастаўляў рас. войскам узбраенне і міны. Людвіг (27.7.1831, Стакгольм — 12.4.1888), канструктар станкоў, нафтапрамысловец, інжынер-тэхнолаг. Ператварыў заснаваны бацькам з-д у буйны маш.-буд. з-д «Людвіг Н.» (цяпер «Рускі дызель» у С.-Пецярбургу). У 1876 разам з братамі Робертам і Альфрэдам заснаваў нафтапрамысловае прадпрыемства ў Баку (з 1879 «Т-ва братоў Нобель»), якое стала найбуйнейшай нафтафірмай у Рас. імперыі. Увёў транспарціроўку нафты па трубаправодах, упершыню ў свеце выкарыстаў марскія і рачныя нафтаналіўныя судны. Эмануэль (22.6.1859—31.5.1932), сын Людвіга. У 1888—1917 узначальваў прадпрыемствы сям’і Н. у Расіі. З 1918 у Швецыі.

т. 11, с. 357

НО́БЕЛЬ ((Nobel) Альфрэд Бернхард) (21.10.1833, Стакгольм — 10.12.1896),

шведскі інжынер-хімік, вынаходнік і прамысловец, заснавальнік Нобелеўскіх прэмій. Замежны чл. Каралеўскай швед. АН (1884). З 1842 жыў у Расіі. У 1850—52 вывучаў хімію ў Германіі, Францыі і ЗША. У 1859 вярнуўся ў Швецыю. З 1865 дырэктар першага ў свеце завода па вытв-сці нітрагліцэрыны фірмы «Нобель». Арганізатар і саўладальнік 93 прадпрыемстваў і лабараторый у больш чым 20 краінах свету. З 1891 у сваёй лабараторыі (Сан-Рэма, Італія) праводзіў даследаванні па электрахіміі, оптыцы, біялогіі. Вынаходствы Н. звязаны з вытв-сцю выбуховых рэчываў. Прапанаваў парахавы дэтанатар (1863) і грымучартутны капсуль (1865) для дэтанацыі вадкай нітрагліцэрыны. Вынайшаў дынаміт (1867), прапанаваў састаў бяздымнага пораху — балістыту (1888). У яго гонар названы хім. элемент — набелій.

Літ.:

Руддер О. де. Альфред Нобель: Пер. с фр. Ростов н/Д., 1997.

М.М.Касцюковіч.

А.Нобель.

т. 11, с. 357

НО́БІЛЕ ((Nobile) Умберта) (21.1.1885, Лаура, Італія — 30.7.1978),

італьянскі палярнік, канструктар дырыжабляў, генерал. У 1926 удзельнічаў у экспедыцыі Р.Амундсена як камандзір дырыжабля «Нарвегія» ўласнай канструкцыі. У 1928 узначаліў італьян. экспедыцыю на Паўн. полюс на дырыжаблі «Італія», які пацярпеў катастрофу каля Шпіцбергена (група ўдзельнікаў экспедыцыі выратавана сав. ледаколам «Красін», другая група прапала без вестак). У 1932—36 працаваў у СССР, потым у ЗША, у 1945 вярнуўся ў Італію.

Літ.:

Самойлович Р.Л. На спасение экспедиции Нобиле. 4 изд. Л. 1967.

т. 11, с. 357

НОБЛЬ (ад англ. noble высакародны),

англійская залатая манета. Упершыню выпушчана пры Эдуардзе III у 1344. Агульная маса 8,97 г (1344), 8,33 г (1346), 7,97 г (1351—77). На аверсе пагрудны партрэт караля з мячом і шчытом на караблі ў моры, на рэверсе ініцыялы караля і назва манетнага двара. Выпускаліся таксама манеты ​1/2 і ​1/4 Н. У 1465 уведзена разнавіднасць Н. — разенобль, або рыял. На Беларусі ў канцы 14—16 ст. Н. вядомы як «карабельнік» або «карабельны». Тут ён выкарыстоўваўся пераважна як грашовы падарунак, у шэрагу выпадкаў як спосаб узнагароджання.

т. 11, с. 357

НОВААЛЯКСА́НДРАЎСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў 1836—1921: у Віленскай, з 1843 у Ковенскай губ. Рас. імперыі і Літве. Цэнтр — г. Відзы, з 1842 — г. Новааляксандраўск (б. мяст. Езяросы). Падзяляўся на 28 валасцей (1886). Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 большая частка Н.п. ўвайшла ў Браслаўскі павет (Польшча), меншая адышла да Літвы.

т. 11, с. 357

НОВААФО́НСКАЯ ПЯЧО́РА, Анакапійская пячора,

вапняковая карставая пячора на паўд.-зах. схіле Вял. Каўказа, каля г. Новы Афон (Грузія). Даўж. больш за 3000 м: Складаецца з верт. і гарыз. частак. Некаторыя гроты абводнены. Самы вял. грот — Грузінскіх спелеолагаў (даўж. 260 м). Шматлікія нацечныя ўтварэнні. Пячорны жэмчуг. Электрыфікавана. Турызм.

т. 11, с. 357

НОВАБРЫТА́НСКІ ЖО́ЛАБ,

глыбакаводны жолаб у паўд.-зах. ч. Ціхага ак. Выцягнуты ўздоўж паўд. падводнага падножжа в-ва Новая Брытанія. Даўж. 510 км, сярэдняя шыр. 25 км, найб. глыб. 8320 м.

т. 11, с. 357

НОВАГАНДЛЁВЫ СТАТУ́Т 1667,

закон пра ўнутр. і знешні гандаль, выдадзены ў Расіі па ініцыятыве кіраўніка Пасольскага прыказа А.Л.Ардына-Нашчокіна. Меў на мэце папаўненне дзярж. казны і падтрымку рас. купецтва. Н.с. развіваў нормы гандл. статута 1653, уніфікаваў пошліны, абмяжоўваў гандаль іншаземцаў. Замежныя купцы абавязваліся гандляваць оптам у памежных гарадах, а пры праездзе ў глыб краіны плаціць акрамя мытнай дадатковыя пошліны з тавару і за праезд, што разам у 4 разы перавышала зборы з рас. купцоў. Іншаземцам забаранялася на тэр. Расіі гандляваць паміж сабой. Найб. высокімі пошлінамі абкладаліся прадметы раскошы, віны, цукар і інш. Н.с. 1667 — тыповы прыклад правядзення дзярж. палітыкі пратэкцыянізму.

т. 11, с. 357

НОВАГАРАДО́ЦКІ БОЙ 1943,

бой 425-га партыз. палка па разгроме 1-га ням. батальёна 278-га грэнадзёрскага палка 95-й дывізіі 14 снеж. ў в. Новы Гарадок Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Партызаны перакрылі ўсе падыходы да вёскі і ў ноч на 14 снеж. пачалі наступленне, знішчылі штаб праціўніка, гаражы з аўтамабілямі, склады, захапілі штабныя дакументы. Адначасова, каб адцягнуць увагу праціўніка, узвод партызан атакаваў суседні гарнізон у в. Лубянка. У выніку бою ўвесь фаш. батальён быў знішчаны, партызаны захапілі шмат стралк. зброі, боепрыпасы, амуніцыю і прадукты харчавання ворага.

т. 11, с. 357

НОВАГАРО́ДАК,

летапісная назва г. Навагрудак.

т. 11, с. 358