НО́БЕЛЬ ((Nobel) Альфрэд Бернхард) (21.10.1833, Стакгольм — 10.12.1896),

шведскі інжынер-хімік, вынаходнік і прамысловец, заснавальнік Нобелеўскіх прэмій. Замежны чл. Каралеўскай швед. АН (1884). З 1842 жыў у Расіі. У 1850—52 вывучаў хімію ў Германіі, Францыі і ЗША. У 1859 вярнуўся ў Швецыю. З 1865 дырэктар першага ў свеце завода па вытв-сці нітрагліцэрыны фірмы «Нобель». Арганізатар і саўладальнік 93 прадпрыемстваў і лабараторый у больш чым 20 краінах свету. З 1891 у сваёй лабараторыі (Сан-Рэма, Італія) праводзіў даследаванні па электрахіміі, оптыцы, біялогіі. Вынаходствы Н. звязаны з вытв-сцю выбуховых рэчываў. Прапанаваў парахавы дэтанатар (1863) і грымучартутны капсуль (1865) для дэтанацыі вадкай нітрагліцэрыны. Вынайшаў дынаміт (1867), прапанаваў састаў бяздымнага пораху — балістыту (1888). У яго гонар названы хім. элемент — набелій.

Літ.:

Руддер О. де. Альфред Нобель: Пер. с фр. Ростов н/Д., 1997.

М.М.Касцюковіч.

А.Нобель.

т. 11, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)