Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЕНЕРАЛІЗА́ЦЫЯ КАРТАГРАФІ́ЧНАЯ,

працэсы адбору і абагульнення зместу пры складанні геагр. карт. Мае на мэце захаваць і выдзеліць на карце асноўныя тыповыя рысы і характэрныя асаблівасці з’яў, якія адлюстроўваюцца. Кірункі і ступень генералізацыі картаграфічнай залежаць ад прызначэння карты, яе тэматыкі, магчымасцей маштабу, геагр. асаблівасцей мясцовасці, сродкаў картаграфічнага выканання і крыніц, па якіх складаюцца карты. Напр., поўнае ўяўленне аб горных сістэмах Каўказа можна атрымаць на дробнамаштабнай, моцна генералізаванай карце.

т. 5, с. 153

ГЕНЕРАЛІ́СІМУС

(ад лац. generalissimus самы галоўны),

найвышэйшае воінскае званне ва ўзбр. сілах некаторых дзяржаў. Напачатку надавалася як ганаровы тытул галоўнакамандуючаму ўзбр. сіламі краіны або кааліцыі краін (гал. чынам на перыяд вайны), часам асобам з сем’яў царуючых дынастый і дзярж. дзеячам (упершыню нададзены ў 1569 франц. каралём Карлам IX свайму брату герцагу Анжуйскаму, будучаму каралю Генрыху III). Тытул генералісімуса мелі: герцагі Г. дэ Гіз (2-я пал. 16 ст.), А.Рышэлье (1-я пал. 17 ст.), Л.Вілар (1733—34), Ф.Фош (верагодна, з 1918), прынц Л.Кандэ (17 ст.) у Францыі; кн. Р.Мантэкукалі (17 ст.), прынц Яўгеній Савойскі (з 1697), граф Л.Даўн (з 1758), эрцгерцаг Карл (верагодна, у 1809), кн. К.Шварцэнберг (канец 18 — пач. 19 ст.) у Аўстрыі; граф А.Валенштэйн (у Трыццацігадовую вайну 1618—48) у Германіі. У Расіі званне генералісімуса мелі: ваявода А.С.Шэін (у час Азоўскага паходу 1696), кн. А.Д.Меншыкаў (у 1727—29), прынц Антон Ульрых Браўншвейгскі (1740—74), А.В.Сувораў (1799—1800); у СССР І.В.Сталін (з 1945); у Кітаі Чан Кайшы (пасля 1927); у Іспаніі Ф.Франка (пасля 1939).

т. 5, с. 153

ГЕНЕРА́ЛЬНАЕ МЕЖАВА́ННЕ,

суцэльнае вымярэнне, здымка, картаграфаванне і апісанне адм. адзінак, зямельных уладанняў («дач»), угоддзяў, падатковага насельніцтва ў Расійскай імперыі ў 1760-я г. — сярэдзіне 19 ст. У ходзе генеральнага межавання вырашаліся задачы: межавыя, землеўпарадкавальныя, статыстычныя, картаграфічныя, зямельна-падліковыя. На Беларусі праведзена толькі на землях, далучаных да Рас. імперыі паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) — у Магілёўскай (1783—84) і Полацкай (1784—85) губернях. Межавая дакументацыя абвяшчалася адзінай законнай падставай землеўладання, чым скасоўваліся ўсе папярэднія прывілеі і граматы на зямлю. Матэрыялы генеральнага межавання — каштоўная гіст. крыніца.

т. 5, с. 153

ГЕНЕРА́ЛЬНАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ ПА ТАРЫ́ФАХ І ГА́НДЛІ,

міжурадавае пагадненне, накіраванае на зніжэнне мытных тарыфаў, адмену нетарыфных абмежаванняў і дыскрымінацыі і інш. ў міжнар. гандлі. Падпісана ў 1947 23 краінамі. Дзейнічае з 1948. Пагадненне прадугледжвае правілы, якімі павінны кіравацца краіны — члены ў гандл. узаемаадносінах; найпершы з абавязкаў краін надаваць адзін аднаму рэжым найбольшага спрыяння. Яно займаецца таксама стандартызацыяй у сусв. гандлі, мерамі супраць дэмпінгу, субсідзіраваннем экспарту. Бюджэт Пагаднення складаецца з узносаў краін-удзельніц, пасяджэнні праводзяцца двойчы на год, рашэнні прымаюцца на прынцыпе аднагалоснасці. Дзейнасць Пагаднення аказвае пэўны ўплыў на сусв. гандаль, больш за 85% якога прыпадае на краіны-ўдзельніцы. У Пагадненні на розных умовах (напр., назіральнікі) удзельнічае каля 120 краін.

т. 5, с. 154

ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ АКРУ́ГА БЕЛАРУ́СЬ

(Generalbezirk Weissruthenien),

ваенна-адм. адзінка на акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Уведзена ў адпаведнасці з загадам А.Гітлера ад 17.7.1941. Разам з ген. акругамі Эстонія, Латвія, Літва ўваходзіла ў склад рэйхскамісарыята «Остланд», які падпарадкоўваўся рэйхсміністэрству па справах акупіраваных усх. абласцей. У склад Генеральнай акругі Беларусі увайшла тэр. БССР па лініі Полацк—Барысаў на У, Старыя Дарогі — воз. Чырвонае на Пд, р. Зальвянка — усх. ўскраіна Белавежскай пушчы на З, што складала прыкладна ¼ часткі тэр. Беларусі з нас. 3 138 256 чал. (на 4.12.1941). Вышэйшым органам ням.-фаш. акупац. ўлады на тэр. акругі з’яўляўся генеральны камісарыят Беларусь. Тэрыторыя генеральнай акругі Беларусі была падзелена на 10 акруг (гебітаў; Баранавіцкая, Барысаўская, Вілейская, Ганцавіцкая, Глыбоцкая, Лідская, Мінская, Навагрудская, Слонімская, Слуцкая), у кожнай з якіх быў створаны абл. камісарыят (гебітскамісарыят). У Мінску на правах абл. камісарыята быў створаны гар. камісарыят, у гарадах і раёнах — гар., раённыя і валасныя ўправы.

А.М.Літвін.

т. 5, с. 154

ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ АСАМБЛЕ́Я ААН,

галоўны дарадчы орган Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. У ёй прадстаўлены ўсе члены ААН. Можа абмяркоўваць любыя пытанні ў межах Статута ААН, даваць рэкамендацыі дзяржавам-членам і Савету Бяспекі ААН па любым з такіх пытанняў, за выключэннем тых, якія з’яўляюцца паўнамоцтвам Савета Бяспекі. Генеральная Асамблея ААН атрымлівае і разглядае справаздачы інш. органаў ААН, выбірае непастаянных членаў Савета Бяспекі, членаў Эканамічнага і Сацыяльнага Савета ААН, некат. членаў Савета па апецы ААН; сумесна з Саветам Бяспекі выбірае членаў Міжнароднага Суда ААН, па рэкамендацыі Савета Бяспекі назначае Генеральнага сакратара ААН, разглядае і прымае бюджэт ААН, новых членаў ААН. Рашэнні па найважнейшых пытаннях падтрымання міру і бяспекі, бюджэту і прыёму новых членаў ААН патрабуюць большасці ў ⅔ галасоў, па інш. пытаннях — простай большасці. Сесіі Генеральнай Асамблеі ААН праводзяцца штогод (з 3-га аўторка вер. да сярэдзіны снеж.) у штаб-кватэры ААН у Нью-Йорку. Могуць склікацца спец. сесіі (напр., па патрабаванні Савета Бяспекі ці большасці членаў ААН). Большасць пытанняў кожнай сесіі размеркавана паміж 6 гал. к-тамі Генеральнай Асамблеі ААН (па раззбраенні і міжнар. бяспецы; эканам. і фін. пытаннях; сац. і гуманіт. пытаннях і пытаннях культуры; спец. к-т па паліт. пытаннях і дэкаланізацыі; па адм. і бюджэтных пытаннях; па прававых пытаннях), 2 пастаяннымі — Кансультатыўным к-там па адм. пытаннях і бюджэце і К-там па ўзносах, а таксама шэрагам спец. к-таў (ствараюцца як пастаянныя, так і часовыя).

В.М.Іваноў.

т. 5, с. 154

ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ ВАЙСКО́ВАЯ КАНЦЫЛЯ́РЫЯ,

вышэйшая ваен. і адм. ўстанова ў Левабярэжнай Украіне ў 17—18 ст. Засн. ў ходзе вызв. вайны 1648—54 укр. народа супраць польскага панавання. Размяшчалася пры рэзідэнцыях укр. гетманаў. Складалася з генеральнай старшыны. У пач. 18 ст. Генеральнай вайсковай канцылярыі перададзена кіраванне Левабярэжнай Украінай. Яе дзейнасць кантралявала Маларасійская калегія. У 1734 пераўтворана ў Праўленне гетманскага ўрада (складалася з трох афіцэраў і трох «выбарных» прадстаўнікоў вышэйшай казацкай старшыны). Ліквідавана пасля скасавання гетманства (1764).

т. 5, с. 154

ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ 1812,

палітычнае аб’яднанне магнатаў і шляхты Варшаўскага герцагства, а таксама Беларусі і Літвы з мэтай абуджэння польскага нац.-вызв. руху і мабілізацыі сіл на карысць Францыі ў вайне 1812. Абвешчана па ініцыятыве Напалеона І надзвычайным сеймам герцагства 28.6.1812. Маршал канфедэрацыі — А.К.Чартарыйскі; пастаянны орган — Ген. савет (з 11 членаў). Акт канфедэрацыі ад 28 чэрв. абвяшчаў аднаўленне Каралеўства Польскага, заклікаў усіх палякаў далучацца да Генеральнай канфедэрацыі. У ліп.кастр. да канфедэрацыі праз прыняцце адпаведных актаў на павятовых сейміках далучыліся амаль усе паветы Беластоцкай вобл., Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губ., аднак рэальнай улады на тэр. Беларусі і Літвы ад франц. акупац. адміністрацыі яна не атрымала. Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага пасля адмовы Напалеона дазволіць стварэнне асобнай літ. канфедэрацыі ўвайшоў у склад Генеральнай канфедэрацыі. У студз. 1813 Ген. савет эвакуіраваўся з Варшавы ў Кракаў, у крас. 1813 самараспусціўся.

В.В.Антонаў.

т. 5, с. 154

ГЕНЕРА́ЛЬНЫЯ ШТА́ТЫ

(франц. États Généraux, галанд. Staten-Generaal),

вышэйшыя ўстановы саслоўнага прадстаўніцтва ў феад. Францыі і Нідэрландах. У Францыі існавалі ў 1302 — 1789, складаліся з дэпутатаў ад духавенства, дваранства і трэцяга саслоўя. Склікаліся каралямі, у асноўным каб атрымаць згоду на збор падаткаў. Значэнне Генеральных штатаў павялічылася ў час Стогадовай вайны 1337—1453. У час нар. паўстанняў 14 ст. прэтэндавалі на ўдзел ва ўпраўленні дзяржавай. З развіццём абсалютызму не склікаліся 76 гадоў (1484—1560). Дзейнасць Генеральных штатаў ажывілася ў перыяд рэлігійных войнаў (склікаліся ў 1560, 1576, 1588, 1593). З 1614 скліканне Генеральных штатаў спынілася на 175 гадоў. Напярэдадні франц. рэвалюцыі 1789—99 скліканы каралём; дэпутаты 3-га саслоўя ў жніўні 1789 абвясцілі сябе Нац. сходам. У Нідэрландах гістарычных Генеральных штатаў складаліся з дэпутатаў ад духавенства, дваранства і вярхоў гараджан, мелі права ваціравання падаткаў. Упершыню скліканы ў 1463. Іх роля пабольшала пасля 1477 і пры Габсбургах. У час Нідэрландскай рэвалюцыі 16 ст. Генеральныя штаты — цэнтр бурж.-дваранскай апазіцыі ісп. рэжыму. Пасля аддзялення Паўночных Нідэрландаў — вышэйшы пастаянна дзеючы заканад. орган Рэспублікі Злучаных правінцый. У сучасных Нідэрландах — назва парламента (з 1814).

Літ.:

Хачатурян М.А. Возникновение Генеральных штатов во Франции. М., 1976.

т. 5, с. 155

ГЕНЕРА́ЛЬНЫ КАМІСАРЫЯ́Т БЕЛАРУ́СЬ

(Generalkomissariat Weissruthenien),

вышэйшы орган ням.-фаш. цывільнага кіравання часткай акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Створаны ў адпаведнасці з загадам А.Гітлера ад 17.7.1941, паводле якога кіраванне захопленымі сав. абласцямі пасля «спынення ваенных дзеянняў пераходзіць ад ваеннай адміністрацыі да цывільных улад». Ген. камісар — гаўляйтар В.Кубэ (1.9.1941 — 22.9.1943), в.а.ген. камісара — ген.-лейт. паліцыі групэнфюрэр К. фон Готберг (вер. 1943 — чэрв. 1944). Генеральны камісарыят Беларрусі складаўся з 5 гал. аддзелаў: палітыкі (уключаў аддзелы палітыкі, прапаганды, культуры і моладзі); кіравання (кадраў, права, фінансавы, мед. абслугоўвання, ашчадных кас і інш.); гаспадаркі (гаспадарчы, сельскай гаспадаркі, харчовы, леса- і дрэваапрацоўкі, рабочай і сац. палітыкі, прам-сці і рамяства); тэхнікі (буд-ва дарог, воднай гаспадаркі, рэк); працы (з 1944). Склад апарата Генеральнага камісарыята Беларусі камплектаваўся з асоб ням. нацыянальнасці. Генеральнаму камісарыяту Беларусі непасрэдна падпарадкоўваліся абл. камісарыяты, гар. камісарыят Мінска, сілы паліцыі бяспекі і СД. Апарат Генеральнага камісарыята Беларусі ажыццяўляў ням.-фаш. палітыку на тэр. генеральнай акругі Беларусь, скіраваную на найб. эфектыўнае выкарыстанне эканам. патэнцыялу, людскіх і матэрыяльных рэсурсаў Беларусі ў інтарэсах Германіі, правядзенне паліт. і ідэалаг. мерапрыемстваў і інш.

А.М.Літвін.

т. 5, с. 154