ГО́ЕН ((Goyen) Ян ван) (13.1.1596, г. Лейдэн, Нідэрланды — 27.4.1656),
галандскі жывапісец і афартыст, адзін са стваральнікаў галандскага рэалістычнага пейзажа. Вучыўся ў Харлеме ў Э. ван дэ Велдэ (1616—17), зазнаў яго ўплыў. Працаваў у Лейдэне і Гаазе. Пісаў лірычныя пейзажы з відамі галандскіх рэчак, маленькіх гарадкоў і вёсак на іх берагах. Імкнучыся да стварэння паэтычна абагульненага вобраза галандскай зямлі, часта выкарыстоўваў нізкую лінію гарызонта, тонка перадаваў празрыстасць ці вільготнасць паветра («Дзюна», 1629, «Калодзеж каля хаціны», 1633; «Рака Ваал каля Неймегена», 1640-я г., «Вусце ракі», 1655, і інш.). Яго жывапіснай манеры ўласціва мяккая танальнасць каларыту, заснаванага на тонкіх пераходах зеленавата-шэрых і светла-карычневых адценняў.
А.М.Пікулік.
т. 5, с. 321
ГО́ЖА,
вёска ў Гродзенскім р-не, на правым беразе р. Нёман, на аўтадарозе Гродна — г. Друскінінкай (Літва). Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на Пн ад Гродна. 1954 ж., 304 двары (1996).
Вядома з 15 ст. як велікакняжацкі двор Ожа (Гожа) у Трокскім ваяв. ВКЛ. З 1598 уладанне Е.Міцуты. З 1671 мястэчка, цэнтр староства. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1885 — 135 ж., 17 двароў, валасное праўленне, мураваны касцёл. У 1921—39 у Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Гродзенскага р-на. У 1970 — 506 ж., 139 двароў.
Лясніцтва, малыя прадпрыемствы «Мяжа» і дрэваапрацоўчае. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — касцёл (19 — пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянка эпохі мезаліту (10 — 7-е тыс. да н.э.), селішча (11—14 ст.). Каля вёскі біялагічны заказнік Гожаўскі, радовішча пяску Гожа.
т. 5, с. 321
ГО́ЖА,
радовішча пяску каля в. Гожа Гродзенскага р-на. Паклад звязаны са стараж.-алювіяльнымі адкладамі 2-й надпоймавай тэрасы р. Нёман. Пяскі шэрыя і жаўтавата-шэрыя, палевашпатава-кварцавыя, дробна- і сярэднезярністыя, з лінзамі тонка- і буйназярністага пяску. Разведаныя запасы 23,85 млн. м³, перспектыўныя 9,96 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3,6—12 м, ускрышы 0,2—3,3 м. Пяскі прыдатныя на вытв-сць сілікатна-бетонных вырабаў. Радовішча распрацоўваецца Гродзенскім камбінатам буд. матэрыялаў.
А.П.Шчураў.
т. 5, с. 321
ГО́ЖАЎСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Gorzowskie),
адм.-тэр. адзінка на ПнЗ Польшчы. Пл. 8,5 тыс. км, нас. 507 тыс. чал., гарадскога каля 62% (1991). Адм. ц. — г. Гожаў-Велькапольскі. Найб. гарады: Костшын, Хошчна, Дэмбна, Барлінэк і інш. Размешчана на зах. ч. Гожаўскай катлавіны, на Пн заходзіць Паморскае Паазер’е, на Пд — Велікалольскае Паазер’е. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. -1,5 °C, ліп. 18,2 °C, ападкаў 650 мм за год. Гл. рака — Варта (прыток Одры). 44,1% паверхні займаюць лясы. Прам-сць: дрэваапр., папяровая, хім., электратэхн. лёгкая. Вырошчваюць пшаніцу, жыта, бульбу, кармавыя і тэхн. культуры. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней.
т. 5, с. 321
ГО́ЖАЎСКІ,
біялагічны заказнік на тэр. Гродзенскага р-на. Створаны ў 1978 як бат. заказнік рэсп. значэння для захавання месцаў росту дзікарослых лекавых раслін. Пл. 4,9 тыс. га (1996). Займае лясны масіў, у якім пераважаюць хвойнікі (імшыстыя, верасовыя, арляковыя, бруснічныя, чарнічныя, лішайнікавыя і інш.), трапляюцца ельнікі, бярэзнікі, чорнаалешнікі. Асн. лек. расліны: талакнянка, брусніцы, ядловец, ландыш майскі, чабор, крапіва двухдомная, цмен пясчаны.
т. 5, с. 321
ГО́ЖАЎ-ВЕЛЬКАПО́ЛЬСКІ (Gorzów Wielkopolski),
горад на З Польшчы, на р. Варта. Цэнтр Гожаўскага ваяв. Каля 150 тыс. ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: машынабудаванне (пад’ёмныя краны, дэталі трактароў), хім. (вытв-сць сінт. валокнаў і інш.), тэкст. (пераважна шаўковая), харч., дрэваапр., ільняная. Тэатр, музей. Арх. помнікі: гатычны сабор (14—15 ст.), фрагменты гар. муроў (14 ст.) з вежамі, неакласіцыстычны арсенал (18—19 ст.).
Засн. ў 1257 пад назвай Ландсберг магдэбургскім маркграфам Янам І як умацаванне для аховы пераправы цераз р. Варта. Зручнае геагр. становішча (на дарозе з Сілезіі ў Зах. Памор’е) спрыяла росту яго ролі ў гандлі з Польшчай. Росквіт Гожава-Велькапольскага прыпадае на 14—15 ст. У 16 ст. горад прыйшоў у заняпад, які паглыбіўся ў час Трыццацігадовай вайны 1618—48. У 18 ст. цэнтр суконнай вытв-сці і гандлю воўнай. У час 2-й сусв. вайны моцна разбураны.
т. 5, с. 321
ГО́ЙНЕБУРГ (Heuneburg),
гарадзішча познагальштацкага і раннелатэнскага часу (6—5 ст. да н. э.) на мысе Гойнебург левага берага верхняга Дуная каля г. Рыдлінген (Германія). Вылучана 5 асн. буд. фаз. У пач. 2-й фазы (6 ст. да н. э.) частка гарадзішча перабудавана ў грэч. стылі, на каменным падмурку пабудавана з цэглы-сырцу сцяна выш. 4 м (упершыню ў парэччы Дуная) з вежападобнымі бастыёнамі. З грэч. г. Масалія сюды прывозілі амфары для віна і чорнафігурную кераміку. Магчыма, Гойнебург быў замкам мясц. уладароў, бо непадалёку ад яго выяўлены княжацкія пахаванні (курган Гохміхеле і інш.).
А.В.Іоў.
т. 5, с. 321
ГО́ЙШЫК (Мікалай Васілевіч) (17.1.1927, в. Воля Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 24.4.1944),
удзельнік партыз. руху у Беларусі ў Вял. Айч. вайну. З пач. вайны партыз. сувязны, з 1943 падрыўнік партыз. брыгады імя Дзяржынскага Брэсцкай вобл. Пусціў пад адхон 7 варожых эшалонаў. У час чарговай аперацыі партызанам не ўдалося замініраваць рэйкі, таму Гойшык кінуўся з мінай пад эшалон з танкамі, гарматамі і жывой сілай ворага. У в. Міхнавічы Івацэвіцкага р-на пастаўлены помнік, у г. Івацэвічы адкрыты дом-музей Гойшыка.
т. 5, с. 321
ГОЛ (манг., бур.),
рака (напр., р. Халхін-Гол), забалочанае возера; у пустыні Гобі — сухое рэчышча.
т. 5, с. 321
ГОЛ, Голь (Goll) Іван
[сапр. Ланг (Lang) Ісаак; 29.3.1891, г. Сен-Дзье, Францыя — 14.3.1950],
нямецкі і французскі пісьменнік. Першы зб. вершаў «Панамскі канал» (1912) стаў буйной з’явай ням. экспрэсіянізму. З 1914 у Швейцарыі, дзе выдаў кнігі супраць вайны («Інтэрнацыянальныя элегіі», 1915, «Пекла», 1919, і інш.). З 1919 жыў у Францыі, стаў прыхільнікам сюррэалізму. Яго «звышдрамы», напісаныя ў гратэскна-футурыстычнай манеры («Мафусаіл, або Вечны буржуа», 1922, і інш.) прадугадалі сучасны тэатр абсурду. Аўтар трылогіі «Песні пра каханне» (1925—27, разам з жонкай К.Гол), цыкла вершаў на ням. і франц. мовах «Песня пра Іаана Беззямельнага» (1934—44). У 1939—47 жыў у ЗША.
Тв.:
Рус. пер. — у кн.: Сумерки человечества. М., 1990.
Г.В.Сініла.
т. 5, с. 321