ГОЛ,
Голь (Goll) Іван
[сапр. Ланг (Lang) Ісаак; 29.3.1891, г. Сен-Дзье, Францыя — 14.3.1950],
нямецкі і французскі пісьменнік. Першы зб. вершаў «Панамскі канал» (1912) стаў буйной з’явай ням. экспрэсіянізму. З 1914 у Швейцарыі, дзе выдаў кнігі супраць вайны («Інтэрнацыянальныя элегіі», 1915, «Пекла», 1919, і інш.). З 1919 жыў у Францыі, стаў прыхільнікам сюррэалізму. Яго «звышдрамы», напісаныя ў гратэскна-футурыстычнай манеры («Мафусаіл, або Вечны буржуа», 1922, і інш.) прадугадалі сучасны тэатр абсурду. Аўтар трылогіі «Песні пра каханне» (1925—27, разам з жонкай К.Гол), цыкла вершаў на ням. і франц. мовах «Песня пра Іаана Беззямельнага» (1934—44). У 1939—47 жыў у ЗША.
Тв.:
Рус. пер. — у кн.: Сумерки человечества. М., 1990.
Г.В.Сініла.
т. 5, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)