Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЕНЕАЛАГІ́ЧНАЯ ТАБЛІ́ЦА,

схема радаводу ў выглядзе табліцы; адзін з відаў афармлення генеалагічнай інфармацыі. Найб. распаўсюджаны верт. і гарыз. радковыя геналагічныя табліцы, якія паказваюць узыходную або зыходную роднасць. Кальцавыя генеалагічныя табліцы паказваюць узыходную роднасць і маюць выгляд канцэнтрычных кругоў, дзе ў цэнтральным змяшчаюць даныя пра пэўную асобу, у наступным крузе — даныя пра яе бацькоў і г.д.

т. 5, с. 151

ГЕНЕАЛО́ГІЯ

(ад грэч. genealogia радаслоўная),

спецыяльная гістарычная навука, якая вывучае паходжанне, гісторыю, сац. становішча, сваяцкія сувязі родаў і асоб. Вытокі генеалогіі ў язычніцкім кульце продкаў. Як галіна ведаў існавала ў Стараж. Рыме. У эпоху пераходу да феадалізму звесткі пра генеалогію — састаўная частка вусна-паэт. творчасці. У сярэдневякоўі былі вельмі пашыраны генеалагічныя паданні пра паходжанне родаў і цэлых народаў. Шырока вядома сага 12 ст. «Кніга пра ісландцаў» А.Торгільсана пра паходжанне і генеалогію насельнікаў Ісландыі. У ВКЛ у 15—16 ст. бытавала легенда, што мясц. шляхта паходзіць ад рымскага патрыцыя Палемона і яго паплечнікаў, якія перасяліліся ў Літву. У ВКЛ былі шырока распаўсюджаны гербоўнікі, якія спалучалі звесткі з генеалогіі і геральдыкі. Як гіст. навука генеалогія склалася ў 16—18 ст., калі сталі распрацоўвацца метады складання радаводных табліц і роспісаў, сістэмы нумарацыі сваяцтва. У 19 ст. ўзніклі генеалагічныя т-вы ў Вялікабрытаніі і Аўстрыі, якія займаліся даследаваннямі на навук. аснове. З часам падобныя т-вы ўтварыліся ва ўсіх краінах Еўропы, зараз яны існуюць і на правінцыяльным узроўні. У Рэспубліцы Беларусь пытанні генеалогіі распрацоўваюць Ін-т гісторыі Нац. АН, Згуртаванне бел. шляхты, Бел. генеалагічнае т-ва, Аддзел геральдыкі і генеалогіі К-та па архівах і справаводстве.

Літ.:

История и генеалогия. М., 1977;

Genealogia. Warszawa, 1959.

У.М.Вяроўкін-Шэлюта.

т. 5, с. 151

ГЕНЕАЛО́ГІЯ ў генетыцы і селекцыі, сукупнасць звестак пра паходжанне пэўнай асобіны ці групы асобін жывёл або раслін. Дапамагае вызначыць бацькоў і больш аддаленых продкаў, ад якіх узніклі пэўныя сарты ці гібрыды раслін, пароды жывёл. Па генеалогіі сорту (гібрыда) каштоўных раслін вядзецца сістэматычны ўлік, дзе фіксуюцца ўсе бацькоўскія пары, што прымалі ўдзел пры стварэнні новага сорту, з указаннем года скрыжавання, асн. вартасцей зыходных асобін і атрыманых гібрыдаў. На аснове запісаў складаюцца генеалагічныя каталогі сорту (гібрыда). У жывёлагадоўлі існуе сістэма племянных кніг, заводскіх і селекцыйных запісаў. Метад складання генеалогіі выкарыстоўваюць і ў генетыцы чалавека для высвятлення характару спадчыннага наследавання нармальных або паталагічных прыкмет.

т. 5, с. 152

...ГЕНЕЗ (ад грэч. genesis паходжанне), другая састаўная частка складаных слоў, што па значэнні адпавядае словам «род», «паходжанне» і абазначае: які звязаны з працэсам утварэння, узнікнення і далейшага развіцця, напр., гістагенез, алагенез.

т. 5, с. 152

ГЕ́НЕЗІС

(грэч. genesis),

філасофская катэгорыя, якая абазначае ўзнікненне, паходжанне, станаўленне аб’ектаў і з’яў, што развіваюцца. Першапачаткова стасаваўся да ўяўленняў аб паходжанні прыроды, быцця. Гэты аспект назіраўся яшчэ ў міфалогіі (багі як стваральнікі космасу), а потым у філасофіі (Геракліт, І.Кант, Г.Гегель) і канкрэтна-навук. галінах ведаў (касмаганічная гіпотэза Канта—Лапласа, атамістыка Дж.Дальтона і інш.). З 19 ст. катэгорыя генезісу пачынае адыгрываць важную метадалагічную ролю ў навук. пазнанні, асабліва ў навуках аб працэсах развіцця (тэорыя паходжання відаў праз натуральны адбор у біялогіі). Гэта прывяло да ўсталявання генетычнага метаду як асобнага метаду пазнання і ўзнікнення навук. дысцыплін, што вывучаюць пераважна генетычныя аспекты з’яў і працэсаў (генетычная псіхалогія, генетычная сацыялогія і інш.). У сучаснай навуцы асэнсавана неабходнасць злучэння генетычнага (дыяхроннага) і структурна-функцыянальнага (сінхроннага) даследавання аб’ектаў. У рамках апошняга, у прыватнасці, у розных варунках агульнай тэорыі сістэм (Ю.А.Абрамаў, Л.Берталанфі, Дж.Клір, Э.М.Сарока, А.І.Уёмаў, Ю.А.Урманцаў) робяцца спробы па мадыфікацыі структурна-функцыянальнага падыходу з тым, каб было магчымым вывучэнне генезісу і развіцця структур. Выключна важную ролю набываюць праблема глабальнай эвалюцыі і праблема генеалогіі формаў свядомасці.

У.К.Лукашэвіч.

т. 5, с. 152

ГЕ́НЕЗІС ГЛЕ́БЫ,

паходжанне і развіццё глебы з мацярынскай горнай пароды пад уздзеяннем прыродных умоў (фактараў глебаўтварэння). Пры ўзаемадзеянні з глебай гэтыя ўмовы вызначаюць яе цеплавы, водна-паветраны, біял. і пажыўны рэжымы, а таксама абмен мінер. рэчываў паміж глебай, раслінамі і грунтавымі водамі. Працэсы, што адбываюцца ў глебе, адлюстроўваюцца ў яе профілі, расчляняючы яго на генетычныя глебавыя гарызонты з адметнымі марфал. асаблівасцямі, фіз., фізіка-хім., хім. і біял. ўласцівасцямі. У глебе могуць быць выяўлены і рэліктавыя прыкметы, што сведчыць аб інш. працэсах глебаўтварэння, якія адбываліся ў мінулым, пры інш. комплексе прыродных умоў.

т. 5, с. 152

ГЕНЕРА́Л

(ад лац. generalis агульны, галоўны),

1) воінскае званне (чын) вышэйшага каманднага саставу ва ўзбр. сілах многіх краін свету. У Рэспубліцы Беларусь існуюць наступныя званні: генерал-маёр, генерал-лейтэнант, генерал-палкоўнік.

2) Службовая асоба земскіх судоў у ВКЛ, галоўны возны. Выбіраўся ваяводамі, старостамі і павятовай шляхтай з асоб, якія мелі нерухомую маёмасць у дадзеным ваяводстве або павеце. Зацвярджаўся на пасаду вял. князем. На першай сесіі земскага суда прымаў адпаведную прысягу. Мог выконваць абавязкі і за межамі свайго павета або ваяводства па ўсёй тэр. ВКЛ.

3) Тытул кіраўніка ордэна езуітаў, а таксама некат. інш. каталіцкіх манаскіх ордэнаў.

т. 5, с. 152

ГЕНЕРА́ЛАЎ Анатоль Міхайлавіч

(н. 31.3.1923, станіца Пацёмкінская Валгаградскай вобл., Расія),

бел. спявак (барытон), педагог. Брат У.М.Генералава. Нар. арт. Беларусі (1963). Скончыў Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1954). У 1954—81 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1976 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (праф. з 1990). Валодае моцным голасам мяккага аксамітнага тэмбру, бездакорнай вак. тэхнікай, блізкай да італьян. школы. Сярод партый у операх бел. кампазітараў: Змітрок, Апанас («Міхась Падгорны», «Алеся» Я.Цікоцкага), Сцяпан («Яснае світанне» А.Туранкова), Дзяніс Давыдаў («Надзея Дурава» А.Багатырова); у класічных — князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Гразной, Ведзянецкі госць («Царская нявеста», «Садко» М.Рымскага-Корсакава), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Князь, Томскі («Чарадзейка», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Шаклавіты («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Рыгалета, Аманасра, граф ды Луна, Яга, Жэрмон, Рэната («Рыгалета», «Аіда», «Трубадур», «Атэла», «Травіята», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні).

Літ.:

Юўчанка Н. Анатоль Генералаў // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986;

Ракава А. Жыццё ў музыцы // Тэатр. Мінск. 1986. № 1.

А.Я.Ракава.

т. 5, с. 152

ГЕНЕРА́ЛАЎ Уладзімір Міхайлавіч

(н. 3.7.1931, г. Кацельнікава, Расія),

бел. спявак (драм. барытон). Брат А.М.Генералава. Скончыў Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных у Маскве (1963). З 1966 саліст Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Сярод лепшых партый у нац. операх: Андрэй («Андрэй Касценя» М.Аладава), Кізгайла («Сівая легенда» Дз.Смольскага), Варона («Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана), Дзій («Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі); у класічных — князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Аманасра («Аіда» Дж.Вердзі), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), а таксама Альфіо («Сельскі гонар» П.Масканьі), Томскі («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Шаклавіты («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Чалхія («Міндыя» А.Тактакішвілі).

Літ.:

Ракава А. Адданасць // Тэатр. Мінск. 1987. №1.

Р.І.Сергіенка.

т. 5, с. 153

ГЕНЕРАЛІЗА́ЦЫЯ

(ад лац. generalis агульны, галоўны),

1) абагульненне, лагічны пераход ад частковага да агульнага, падпарадкаванне асобных з’яў агульнаму прынцыпу.

2) У фізіялогіі — распаўсюджванне ўзбудлівасці па цэнтральнай нервовай сістэме чалавека і жывёл. Узнікае пад уздзеяннем імпульсаў, якія прыходзяць з перыферыі ў выніку дзеяння моцнага раздражняльніка (напр., харчовага, болевага і інш.). Генералізацыя ўзбудлівасці па кары вял. паўшар’яў мозга адбываецца на першых этапах утварэння ўмоўнага рэфлексу. Адрозніваюць генералізацыю аферэнтную і эферэнтную. Пры аферэнтнай многія стымулы выклікаюць аднолькавую рэакцыю. Пры эферэнтнай аднолькавы стымул выклікае розныя рухі; яна выразна праяўляецца пры загашэнні аднаго з рухаў і пры выпрацоўцы новага руху. Па меры ўтварэння ўмоўнага рэфлексу стадыя генералізацыі змяняецца стадыяй спецыялізацыі.

3) У паталогіі — ператварэнне абмежаванага спачатку інфекц. або пухліннага працэсу ў пашыраны з узнікненнем метастатычных ачагоў у інш. органах. Адбываецца па крывяносных і лімфатычных шляхах.

т. 5, с. 153