Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЕНАТЫ́П

(ад ген + тып),

генетычная (спадчынная) канстытуцыя арганізма, сукупнасць усіх яго генаў, лакалізаваных у храмасомах; кантралюе развіццё прыкмет арганізма — яго фенатып. У больш шырокім сэнсе генатып — сукупнасць ядзерных (геном) і няядзерных — цытаплазматычных і пластыдных (плазмон) носьбітаў спадчыннасці. Генатып разглядаецца як адзіная сістэма генаў, якія знаходзяцца ў складаным узаемадзеянні паміж сабой. Праз генатып перадаецца спадчынная інфармацыя ад пакалення да пакалення. Ён вызначае норму рэакцыі пры развіцці прыкмет арганізма. Варыяцыі ў межах гэтай нормы рэакцыі абумоўліваюцца мутацыямі і ўплывам фактараў навакольнага асяроддзя. Арганізмы з рознымі генатыпамі могуць мець аднолькавы фенатып (т.зв. фенакопіі) і, наадварот, з аднолькавым генатыпам — розны фенатып (мадыфікацыі). Для вызначэння структуры генатыпу праводзяцца адпаведныя аналітычныя скрыжаванні і генет. аналіз патомства.

т. 5, с. 149

ГЕНАТЫПІ́ЧНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,

генетычны фон, комплекс генаў, якія ўплываюць на праяўленне ў фенатыпе (структурах і функцыях арганізма) канкрэтнага гена або генаў. Тэрмін «генатыпічнае асяроддзе» ўведзены С.С.Чацверыковым (1926). Разам з уяўленнем аб плеятрапіі адлюстроўвае сістэмнасць і адзінства генатыпа, існаванне розных, часта складаных узаемадзеянняў паміж генамі, якія ўваходзяць у яго склад. Рэальна генатыпічнае асяроддзе ўяўляе сабой увесь генатып (за выключэннем генаў, што аналізуюцца), кожны ген можа праяўляцца па-рознаму ў залежнасці ад таго, у якім, генатыпічнае асяроддзе ён знаходзіцца. Паняцце генатыпічнае асяроддзе ўжываецца пры аналізе эвалюцыйнага працэсу, тлумачэнні існавання т.зв. генаў-мадыфікатараў і палігенаў, у селекцыі, асабліва пры вывучэнні колькасных прыкмет, для эфектыўнага адбору на працягу многіх пакаленняў.

т. 5, с. 149

ГЕНАТЭІ́ЗМ

[ад грэч. hen (henos) адно + тэізм],

форма рэліг. веравання, якая прызнае існаванне многіх багоў на чале з адным вярхоўным богам, вакол якога засяроджаны рэліг. культ; пераходная форма ад монатэізму да політэізму. Тэрмін уведзены ў 1878 англ. гісторыкам рэлігіі і санскрытолагам М.Мюлерам. Ім ён абазначаў характэрную форму стараж.-інд. рэлігій, калі з мноства багоў (Індра, Агні, Сур’я і інш.) той, да якога звяртаецца вернік з малітвай, сумяшчае для яго атрыбуты ўсіх іншых і ўяўляецца ў гэты момант найвышэйшым божаствам. Часам прыхільнікі розных веравызнанняў у якасці гал. разглядалі не толькі нябесных багоў, але і зямных. Так, гімны Вед упамінаюць пра багіню зямлі Прытхіві, а служыцелі ведычнай рэлігіі звяртаюцца і да Бацькі-неба, і да Маці-зямлі. У стараж. Кітаі ў адным шэрагу такіх божастваў былі Цянь (неба) і Ту (зямля), у стараж. грэкаў — адпаведна Уран і Гея. У славян дахрысц. часоў генатэізм таксама быў звязаны з пакланеннем божаствам, якія ўладарылі на небе і на зямлі. Ва ўяўленнях беларусаў вярх. бажаством быў Пярун — магутны цар нябесны (адпавядаў Індры — цару багоў у індыйцаў; Зеўсу — бацьку ўсіх багоў і людзей; галава алімпійскай сям’і багоў у грэкаў). У паданнях беларусаў захавалася памяць пра гал., добрага Белабога, бацьку Перуна. Нярэдка вернікі вылучалі як асн. апекуноў Вялеса, Жыжаля, Ярылу і інш. багоў з уласна бел. пантэона, часам звярталіся з малітвамі да Дажбога — сына Перуна, унукамі якога лічыліся ўсе, хто загінуў на ратным полі. Пакланенню божаствам асаблівае значэнне надавалі ў час спусташальных войнаў, пры аб’яднанні стараж. плямён у племянныя саюзы, калі на чале політэістычнага пантэона аказваўся бог племені-гегемона.

Літ.:

Мюллер М. Религия как предмет сравнительного изучения: [Пер. с англ.]. Харьков, 1887;

Міфы Бацькаўшчыны. Мн., 1994;

Живописная Россия: Отечество наше в зем., ист., плем., экон. и быт. значение: Литов. и Белорус. Полесье. Репринт. 2 изд. Мн., 1994.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 5, с. 149

ГЕНАФО́НД

(ад ген + фонд),

генетычны фонд, сукупнасць спадчыннай інфармацыі, зашыфраванай у генет. структурах жывых арганізмаў. Тэрмін уведзены рус. вучоным А.С.Сераброўскім у 1928 г. Носьбіты генафонду — асобіны, віды жывых арганізмаў, папуляцыі. Выміранне і знішчэнне відаў беззваротна збядняюць генафонд Зямлі (біясферы). Распрацоўваюцца метады захавання генет. рэсурсаў біясферы, асабліва генафонд тых раслін і жывёл, што маюць практычнае значэнне (сартоў культ. раслін і парод свойскіх жывёл) або знаходзяцца пад пагрозай знішчэння.

т. 5, с. 150

ГЕНАЦЫ́Д

(ад ген + ...цыд),

знішчэнне асобных груп насельніцтва па расавых, нац., этнічных, паліт. або рэліг. матывах, а таксама наўмыснае стварэнне жыццёвых умоў, разлічаных на поўнае ці частковае знішчэнне гэтых груп, меры па папярэджанні дзетанараджэння ў іх асяроддзі; адно з найцяжэйшых злачынстваў супраць чалавецтва. Арганічна звязана з фашызмам, расізмам і аналагічнымі рэакцыйнымі тэорыямі, якія прапагандуюць расавую і нац. выключнасць, нянавісць і нецярпімасць, панаванне т.зв. «вышэйшых» рас над «ніжэйшымі» і г.д. Паняцце генацыду — пагалоўнае вынішчэнне цэлых народаў — як катэгорыя міжнар. права ўвайшло ва ўжытак пасля 2-й сусв. вайны. У масавых маштабах гітлераўцы ўчынялі генацыд у час 2-й сусв. вайны ў акупіраваных краінах Еўропы, асабліва супраць слав. (рускіх, украінцаў, беларусаў, чэхаў, палякаў) і яўр. Насельніцтва. Мільёны людзей розных нацыянальнасцей знішчаны гітлераўцамі ў канцэнтрацыйных лагерах, лагерах смерці, турмах, у час карных аперацый і інш. Паводле генеральнага плана «Ост» фашысты прадугледжвалі знішчэнне на тэр. СССР і Польшчы 120—140 млн. чал. За гады акупацыі на тэр. СССР фашысты загубілі ў лагерах смерці 11 млн. чал. На акупіраванай тэр. Беларусі было створана больш за 260 лагераў смерці, за 3 гады акупацыі загублена больш за 2 млн. 200 тыс. сав. грамадзян. Выкрыццё на Нюрнбергскім працэсе 1945—46 жудасных злачынстваў гітлераўцаў паслужыла штуршком да прыняцця міжнар.-прававых актаў, накіраваных на барацьбу з генацыдам. Ген. Асамблея ААН 11.12.1946 прыняла рэзалюцыю супраць генацыду, 9.12.1948 ухваліла канвенцыю «Аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго», якая ўстанаўлівае міжнар. крымінальную адказнасць асоб, вінаватых ва ўчыненні генацыду. На XX сесіі Ген. Асамблеі ААН 21.12.1965 прынята міжнар. канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі, якая абавязвае дзяржавы папярэджваць, забараняць, выкараняць усе формы і віды расавай дыскрымінацыі, у т. л. генацыд. Генацыд супраць кампучыйскага народа быў учынены ў перыяд праўлення Пол Пота і Йенг Сары (1976—79; знішчана 3 млн. чал.). Гл. таксама Апартэід.

Літ.:

Нацистская политика геноцида и «выжженой земли» в Белоруссии, 1941—1944. Мн., 1984;

Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй: Пер. з пол. Мн., 1993.

т. 5, с. 150

ГЕ́НДЭЛЬ (Händel) Георг Фрыдрых

(23.2.1685, г. Гале, Германія — 14.4.1759),

ням. і англ. кампазітар, арганіст, дырыжор. Музыку вывучаў у Гале. У 1702 вучыўся ў ун-це і працаваў арганістам у гальскім саборы. З 1703 скрыпач, клавесініст і кампазітар Гамбургскай оперы. У 1706—10 удасканальваўся ў Італіі, выступаў як віртуоз-арганіст, клавесініст. У 1710—16 прыдворны капельмайстар у Гановеры (Германія). З 1712 жыў пераважна ў Лондане, з 1720 узначальваў Каралеўскую акадэмію музыкі. Пастаноўкі опер «Агрыпіна» (1709, Венецыя) і «Рынальда» (1711, Лондан) замацавалі за ім славу аднаго з буйнейшых оперных кампазітараў Еўропы. З канца 1730-х г. пісаў пераважна араторыі (найб. вядомыя «Ізраіль у Егіпце», 1739; «Месія», 1742; «Іуда Макавей», 1747). Працуючы над апошняй араторыяй «Іеўфай» (1752), страціў зрок, аднак да апошніх дзён рыхтаваў свае творы да друку. Гендэль стварыў новы тып вак.-інстр. твораў, якія спалучаюць у сабе маштабнасць (магутныя хары) і строгую архітэктанічнасць. Яго творам уласцівы манум.-гераічны стыль, аптымістычны, жыццесцвярджальны пачатак, які гарманічна аб’ядноўвае ў адно цэлае героіку, эпіку, лірыку, трагедыйнасць, пастаральнасць. Як драматург ён імкнуўся да стварэння муз. драмы ў рамках оперы і араторыі, шляхам кантрастнага супастаўлення драматургічных пластоў дасягаў напружанага развіцця дзеяння. Мастак эпохі Асветніцтва, Гендэль абагульніў дасягненні муз. барока, прадвызначыў шляхі да муз. класіцызму. Яго творчасць значна паўплывала на І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена, М.Глінку, а араторыі паслужылі ўзорамі для рэфарматарскіх опер К.В.Глюка. У розных краінах засн. Гендэлеўскія т-вы. У 1986 у г. Карлсруэ створана Міжнар. Гендэлеўская акадэмія. Сярод твораў: 46 опер, у т. л. «Зменлівасць царскага лёсу, або Альміра, каралева Кастыльская» (1705), «Амадыс» (1715), «Радаміст» (1720), «Юлій Цэзар», «Тамерлан» (абедзве 1724), «Радэлінда» (1725), «Адмет» (1727), «Партэнопа» (1730), «Пор» (1731), «Аэцый» (1732), «Раланд» (1733), «Арыядант», «Альцына» (абедзве 1735), «Ксеркс» (1738), «Дэідамія» (1741); 32 араторыі, у т. л. «Трыумф Часу і Праўды» (1707), «Ацыс і Галатэя» (1732), «Эсфір» (1720), «Гафалія» («Аталія», 1733), «Саул» (1739), «Самсон» (1743), «Тэадора» (1750); каля 100 кантат (1707—09, 1740—59); царкоўная музыка, у т. л. Te Deum (5), антэмы, псалмы; аркестравая музыка: 18 Concerti grossi; для інструментаў з арк., у т. л. 20 арганных, 3 для габоя, для валторны; уверцюры, сюіты для выканання на вольным паветры («Музыка феерверка», 1749, і інш.); трыо-санаты, санаты для клавіра; вак. дуэты і тэрцэты; песні, арыі; музыка да драм. спектакляў і інш.

Літ. тв.: Werke. Bd. 1—100. Leipzig, 1858—94.

Літ.:

Роллан Р. Гендель // Роллан Р. Музыкально-историческое наследие: Пер. с фр. М., 1987. Вып. 2;

Проблемы музыкального стиля И.С.Баха, Г.Ф.Генделя. М., 1985;

Chrysander F. G.F. Händel. Bd. 1—3. 2. Aufl. Leipzig, 1919;

Lang Р.Н. G.F.Handel. New York, 1966;

Siegmund-Schultze W. G.F.Händel. 4. Aufl. Leipzig, 1980.

т. 5, с. 150

ГЕ́НДЭРСАН, Хендэрсан (Henderson) Артур (13.9.1863, г. Глазга, Вялікабрытанія — 20.10.1935), англійскі паліт. дзеяч. У 1903 абраны ў Палату абшчын. Адзін з лідэраў лейбарысцкай партыі (у 1908—10 і 1914—17 яе старшыня, у 1911—34 сакратар). У часы 1-й сусв. вайны ў 1915—17 у складзе кааліцыйнага ўрада, у 1924 міністр унутр. спраў у 1-м лейбарысцкім кабінеце Р.Макдональда, у 1929—31 міністр замежных спраў у 2-м кабінеце Макдональда. У 1932—33 старшыня міжнар. Жэнеўскай канферэнцыі па раззбраенні. Нобелеўская прэмія міру 1934.

т. 5, с. 151

ГЕНЕАЛАГІ́ЧНАЕ ДРЭ́ВА ў мовазнаўстве, гл. ў арт. Класіфікацыя моў.

т. 5, с. 151

ГЕНЕАЛАГІ́ЧНАЕ ДРЭ́ВА,

схема радаводу ў выглядзе дрэва; адзін з відаў афармлення генеалагічнай інфармацыі. Імя родапачынальніка змяшчаюць у аснове генеалагічнага дрэва, а на ствале і галінах — імёны, біягр. звесткі, часам партрэты і гербы яго нашчадкаў. Дадатковая інфармацыя даецца з дапамогай колераў: медальёны з імёнамі замужніх жанчын прынята пазначаць ліловым колерам, дзяўчат — сінім, мужчын, якія мелі нашчадкаў, — жоўтым, без нашчадкаў — чырвоным. Жывых членаў роду пазначаюць зялёным колерам. У выглядзе генеалагічнага дрэва падаецца радавод Ісуса Хрыста (у т. л. ў «Псалтыры» 1517 Ф.Скарыны).

т. 5, с. 151

ГЕНЕАЛАГІ́ЧНАЯ КЛАСІФІКА́ЦЫЯ МОЎ,

вывучэнне і групаванне моў свету (аднясенне да пэўнай групы, сям’і і інш.) на аснове іх падабенства, звязанага з наяўнасцю роднасных сувязей паміж імі. Роднасныя сувязі абумоўлены тым, што мовы пэўнай групы або сям’і ўтвараюцца з адной мовы-асновы (прамовы) шляхам яе распадзення. Прамова — гэта рэальная мова, якая некалі існавала і якую нельга аднавіць поўнасцю, але можна рэканструяваць яе фанетыку, граматыку і лексіку. Рэканструкцыя адбываецца шляхам супастаўлення роднасных моў (гл. Роднасць моў) на падставе параўнальна-гістарычнага метаду. Найб. дакладны матэрыял дае параўнанне граматычнай структуры, што тлумачыцца абмежаванасцю набору граматычных значэнняў у мовах свету і іх устойлівасцю ў адносінах да змянення, а таксама тым, што словазмяняльныя формы амаль не запазычваюцца. Больш складанае выкарыстанне лексічных адпаведнасцей паміж мовамі: вял. колькасць супадзенняў на гэтым узроўні тлумачыцца запазычаннямі (напр., бел. «бурбалка» < літ. burbulas). Для лексікалагічных параўнанняў бяруць словы, якія гістарычна належаць да эпохі прамовы: назвы роднасці і сваяцтва, некаторых жывёл, раслін, прылад працы, частак цела, некаторыя невытворныя займеннікі і інш. Важную ролю адыгрывае і гукавое афармленне таго, што параўноўваецца. Самы надзейны крытэрый роднасці моў — частковыя супадзенне і разыходжанне гукавой абалонкі пры ўмове рэгулярных гукавых адпаведнасцей і ўліку фанетычных законаў кожнай мовы. Напр., лац. ferunt адпавядае рус. «берут», што пацвярджаецца рэгулярным узнікненнем рус. «б» замест лац. «f» («брат» — frater, «боб» — faba). Пры генеалагічнай класіфікацыі моў блізкароднасныя мовы аб’ядноўваюць у падгрупу, потым — групу, сям’ю моў. Існуюць наступныя асн. сем’і моў: у Еўропе і Азіі — індаеўрапейскія мовы, фіна-угорскія мовы, цюркскія мовы, іберыйска-каўказскія мовы; у Азіі і Афрыцы — семіта-хаміцкія мовы; у паўд.-ўсх. і ўсх. Азіі — мангольскія мовы, тунгуса-маньчжурскія мовы, кітайска-тыбецкія мовы, палеаазіяцкая, дравідская; у Акіяніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі — малайска-палінезійская, аўстра-азіяцкая; у Афрыцы — нігера-кардафанская, ніла-сахарская; у Паўн. Амерыцы — алгонкіна-масанская, хока-сіў, юкі-пенуці; у Цэнтр. Амерыцы — танаюта-ацтэкская, майя-соке; у Паўд. Амерыцы — аравакская, янамана-панатаканская, тупі-гуарані.

У 2-й пал. 20 ст. ўзнікла гіпотэза пра аб’яднанне сем’яў у больш буйныя сукупнасці — макрасем’і, адна з якіх — настратычныя мовы.

Літ.:

Мейе А. Сравнительный метод в историческом языкознании. 4 изд. М., 1954;

Иванов В.В. Генеалогическая классификация языков и понятие языкового родства. М., 1954;

Иллич-Свитыч В.М. Опыт сравнения ностратических языков: Сравнительный словарь. [Т. 1—3]. М., 1976—84;

Реформатский А.А. Введение в языковедение. 4 изд. М., 1967.

А.А.Кожынава.

т. 5, с. 151