ГІПАТАЛАМІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
гл. ў арт. Гіпаталамус.
т. 5, с. 253
ГІПАТАЛА́МУС (ад гіпа... + таламус),
гіпаталамічная вобласць, аддзел прамежкавага мозга, які ўтварае дно і сценкі трэцяга мазгавога жалудачка.
Размешчаны ніжэй таламуса. Тонкай ножкай злучаецца з гіпофізам. Складаецца з ядраў — адасобленых скопішчаў нерв. клетак. Ад іх ідуць нерв. шляхі ў розныя аддзелы мозга. Гіпаталамус — найвышэйшы цэнтр вегетатыўнай нервовай сістэмы. Удзельнічае ў рэгуляцыі бялковага, вугляводнага, тлушчавага і водна-салявога абмену. Рэгулюе дзейнасць сэрца, крывяносных сасудаў, ціск крыві, тэмпературны баланс, уплывае на вонкавае выяўленне эмоцый у жывёл і чалавека. Пашкоджанні гіпаталамуса бываюць пры вострых інфекцыях, інтаксікацыях, чэрапна-мазгавых траўмах і інш.
Літ.:
Гращенков Н.И. Гипоталамус, его роль в физиологии и патологии. М., 1964.
Г.Г.Шанько.
т. 5, с. 254
ГІПАТАНІ́Я (ад гіпа... + грэч. tonos напружанне),
паніжэнне тонусу тканак арганізма і артэрыяльнага ціску крыві. Можа развівацца пасля вострых і хранічных інфекц. хвароб, вітаміннай недастатковасці, прафес. шкоднасцей, парушэнняў дзейнасці эндакрыннай і нерв. сістэм, страўнікава-кішачнага тракту. Прыкметы: хуткая стамляльнасць, слабасць, задышка, галавакружэнне. Лячэнне: правільны рэжым працы, адпачынку і харчавання, вітаміны, фізкультура, гармоны, курортатэрапія.
т. 5, с. 254
ГІПАТЫРЭО́З (ад гіпа... + грэч. thyreoides шчытападобны + ...оз),
хваравіты стан арганізма ад паніжэння функцыі шчытападобнай залозы. Прыкметы: стамляльнасць, фіз. і псіх. вяласць, санлівасць, замаруджанасць, зніжэнне памяці, зябкасць, азызласць твару, выпадзенне валасоў, запоры, паніжэнне асн. абмену і інш. Лячэнне — гармонатэрапія.
т. 5, с. 254
ГІПА́ТЫЯ (Hypatia),
Іпатыя з Александрыі (370—415), матэматык, астраном і філосаф-неаплатонік. Пасля навучання ў Афінах выкладала астраномію, матэматыку і філасофію ў Александрыйскім музеі. Забіта натоўпам хрысціян-фанатыкаў. Гіпатыі належалі працы па матэматыцы, астраноміі, тлумачэнні твораў грэч. філосафаў. Яе творы да нас не дайшлі.
Літ.:
Ван-дер-Варден Б.Л. Пробуждающаяся наука: Пер. с гол. и англ. [Т. 1—2]. М., 1959—91;
Кольман Э. История математики в древности. М., 1961;
Гольбах П. Галерея святых... Пер. с фр. Киев, 1987.
т. 5, с. 254
ГІПАТЭНЗІ́ЎНЫЯ СРО́ДКІ,
лекавыя прэпараты, што паніжаюць сістэмны артэрыяльны ціск. Да іх адносяцца нейратропныя сродкі, якія паніжаюць тонус сімпатычнай нерв. сістэмы (клафелін, бензагексоній, рэзерпін, празазін, анапрылін і інш.), міятропныя сродкі (апрэсін, дыбазол, магнію сульфат і інш.), антаганісты кальцыю (ніфедыпін, верапаміл і інш.), сродкі, якія ўплываюць на рэнінангіятэнзіўную сістэму (каптапрыл, саралазін і інш.) і на водна-салявы абмен (дыхлатыязід, фурасемід і інш.). Выкарыстоўваюцца пры гіпертанічнай хваробе.
т. 5, с. 254
ГІПАТЭНУ́ЗА (грэч. hypoteinusa),
старана прамавугольнага трохвугольніка, якая ляжыць насупраць прамога вугла; найбольшая з старон прамавугольнага трохвугольніка.
т. 5, с. 254
ГІПАТЭРМА́ЛЬНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,
радовішчы карысных выкапняў, якія ўтварыліся з гарачых мінер. раствораў у нетрах зямлі на глыб. да 10 км пры высокім ціску і т-ры больш за 300 °C. Пры адсутнасці непасрэднай сувязі паміж т-рай і глыбінёй рудаадкладання выкарыстоўваецца паняцце «высокатэмпературныя радовішчы».
У.Я.Бардон.
т. 5, с. 254
ГІПАТЭРМІ́Я (ад гіпа... + грэч. thermē цяпло),
ахаладжэнне, паніжэнне т-ры цела цеплакроўных жывёл і чалавека ў выніку цеплааддачы, якая перавышае цеплапрадукцыю. Памяншае спажыванне кіслароду органамі і тканкамі арганізма, павышае ўстойлівасць яго да гіпаксіі. Штучная гіпатэрмія выкарыстоўваецца ў хірургіі пры аперацыях на сэрцы, вял. сасудах і нейрахірургічных (траўмы ц. н. с., ацёкі, інтаксікацыі). Пры зніжэнні т-ры цела чалавека да 20—23 °C спыняюцца дыханне, дзейнасць сэрца.
т. 5, с. 254
ГІПАТЭ́ТЫКА-ДЭДУКТЫ́ЎНЫ МЕ́ТАД,
метад навуковага пазнання і разважанняў, заснаваны на вывядзенні (дэдукцыі) заключэнняў з гіпотэз і інш. пасылак, сапраўднае значэнне якіх невядома. Выкарыстанне гіпатэтыка-дэдуктыўнага метаду звязана з шэрагам інш. метадалагічных аперацый: супастаўленнем фактаў, пераглядам існуючых паняццяў, утварэннем новых паняццяў, узгадненнем гіпотэз з інш. тэарэт. палажэннямі і г.д. Падобнага роду разважанні ўпершыню пачалі выкарыстоўваць у ант. філасофіі. У навук. пазнанні гэты метад атрымаў развіццё ў 17—18 ст. Ён выкарыстаны ў механіцы, у даследаваннях Г.Галілея. Тэорыя механікі І.Ньютана — гіпатэтыка-дэдуктыўная сістэма, пасылкамі якой служаць асн. законы руху. Паводле тыпу пасылак гіпатэтыка-дэдуктыўны метад падзяляецца на: разважанні, пасылкамі якіх з’яўляюцца гіпотэзы і эмпірычныя абагульненні; гіпатэтыка-дэдуктыўныя вывады, засн. на пасылках, што супярэчаць дакладна ўстаноўленым фактам ці тэарэт. прынцыпам; разважанні, пасылкамі якіх служаць сцвярджэнні, што супярэчаць прынятым думкам і перакананням. З лагічнага пункту погляду гіпатэтыка-дэдуктыўная сістэма ўяўляе сабой іерархію гіпотэз, ступень абстрактнасці і агульнасці якіх павялічваецца з аддаленнем ад эмпірычнага базісу. Гіпатэтыка-дэдуктыўны метад дае магчымасць даследаваць структуру і ўзаемасувязь не толькі паміж гіпотэзамі рознага ўзроўню, але і характар іх пацвярджэння эмпірычнымі дадзенымі. Разнавіднасцю гіпатэтыка-дэдуктыўнага метаду можна лічыць матэм. гіпотэзу, якая выкарыстоўваецца як эўрыстычны сродак для адкрыцця заканамернасцей у прыродазнаўстве.
Літ.:
Меркулов И.П. Гипотетико-дедуктивная модель и развитие научного знания. М., 1980;
Подкорытов Г.А. О природе научного метода. Л., 1988.
В.В.Краснова.
т. 5, с. 254