Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГІПЕРІНФЛЯ́ЦЫЯ (ад гіпер... + інфляцыя),

выключна хуткі рост таварных цэн і грашовай масы ў абарачэнні (да 50% за месяц). Вядзе да рэзкага абясцэнення грашовай адзінкі, расстройства плацежнага абароту, парушэння нармальных гасп. сувязей і катастрафічнага зніжэння ўзроўню жыцця. Найчасцей абумоўлена экстраардынарнымі фактарамі — вайной, эканам. разрухай і інш. Найб. адмоўна ўплывае на эканам. становішча насельніцтва з фіксаванымі даходамі.

т. 5, с. 256

ГІПЕРКАМПЛЕ́КСНЫ ЛІК,

абагульненне паняцця комплекснага ліку і пашырэнне яго на мнагамерную прастору. Уведзены ў 19 ст. пры спробах пабудаваць лікі ў мнагамернай вектарнай прасторы, якія б адыгрывалі ў ёй такую ж ролю, што і камплексныя лікі на плоскасці. Арыфм. дзеянні над гіперкамплексным лікам выражаюць некаторыя геам. працэсы ў мнагамернай прасторы ці даюць колькаснае апісанне якога-н. фіз. закона.

Гіперкамплексны лік з’яўляецца лінейнай камбінацыяй (з сапраўднымі каэфіцыентамі) некат. сістэмы базісных адзінак (гл. Базіс). Складанне і адыманне гіперкамплекснага ліку вызначана адназначна. Множанне аднаго гіперкамплекснага ліку на другі патрабуе вызначэння здабыткаў базісных адзінак, якія б захоўвалі ўсе правілы звычайнай арыфметыкі; такое магчыма толькі для сапраўдных і камплексных лікаў; у астатніх выпадках неабходна адмовіцца ад выканання таго ці іншага правіла, напр. адназначнасці дзялення, камутатыўнасці множання. Гл. таксама Кватэрніёны.

т. 5, с. 256

ГІПЕРКІНЕ́ЗЫ (ад гіпер... + грэч. kenēsis рух),

міжвольныя рухі чалавека без біял. мэтазгоднасці і фізіял. сэнсу. Бываюць пры арган., у т. л. спадчынных, захворваннях ц. н. с. і пры неўрозах. У аснове гіперкінезаў — пашкоджанне нерв. сістэмы: ад кары паўшар’яў вял. мозга да сегментаў спіннога мозга. Да гіперкінезаў адносяць лакальныя і генералізаваныя цікі, харэю, атэтоз, тарсіённую дыстанію, міякланію, дрыжанне, гемібалізм і інш. Спалучаюцца са зменамі мышачнага тонусу; узмацняюцца пры хваляванні і эмацыянальным напружанні, знікаюць у час сну. Бываюць ізаляваныя і ў спалучэннях (цікі і харэя, харэя і атэтоз і інш.). Лячэнне тэрапеўтычнае і хірургічнае.

Літ.:

Антонов И.П., Шанько Г.Г. Гиперкинезы у детей. Мн., 1975.

Г.Г.Шанько.

т. 5, с. 256

ГІПЕРМАРФО́З (ад гіпер... + марф... + ...оз),

гіпертэлія, звышспецыялізацыя, залішняе павелічэнне арганізма або яго асобных органаў у сувязі з парушэннем у эвалюцыйным развіцці балансу з асяроддзем у выніку хуткай яго змены (напр., гіганцкія мезазойскія рэптыліі, буйныя іклы ў выкапнёвых шаблязубых тыграў і інш.). Гіпермарфоз — следства надзвычайнай спецыялізацыі да вузкіх умоў існавання, пры нязначнай змене асяроддзя вядзе да вымірання гэтай групы арганізмаў.

т. 5, с. 257

ГІПЕРМЕТАМАРФО́З (ад гіпер... + метамарфоз),

ускладнены спосаб развіцця некат. паразітычных насякомых, калі лічынка праходзіць да 6 фаз (узростаў) развіцця, якія адрозніваюцца паміж сабой марфал. і біял. ўласцівасцямі. Пашыраны ў некат. жукоў, перапончатакрылых, двухкрылых, сеткакрылых.

т. 5, с. 257

ГІПЕРМЕТРАПІ́Я (ад гіпер... + метр... + грэч. ōps вока),

гл. Дальназоркасць.

т. 5, с. 257

ГІПЕРНЕФРО́ІДНЫ РАК,

гл. Гіпернефрома.

т. 5, с. 257

ГІПЕРНЕФРО́МА (ад гіпер... + нефр... + ...ома),

гіпернефроідны рак, пухліна Гравіца, злаякасная пухліна ныркі, што развіваецца з клетак кары наднырачнікаў ці з эпітэлію нырачных канальцаў. Апісана ням. патолагам П.А.Гравіцам у 1883. Найчасцей бывае ў мужчын. Прычына хваробы невядомая (магчыма, запаленчыя працэсы, траўмы, радыеактыўныя рэчывы). Прыкметы гіпернефромы на ранняй стадыі (т. наз. «малыя» сімптомы): умераныя болі ў паясніцы і ў падрабрынні, павышаны артэрыяльны ціск, мікрагематурыя, пратэінурыя, поліцытэмія. Лячэнне хірургічнае.

М.Я.Саўчанка.

т. 5, с. 257

ГІПЕРО́НЫ [ад гіпер... + (нукл) оны],

нестабільныя барыёны з масамі, большымі за масу нейтрона. Час існавання гіперонаў каля 10​−10 с. Характарызуюцца спец. квантавым лікам дзіўнасцю. Гіпероны (Λ° — гіпероны) адкрыты ў касм. прамянях (1947).

Вядомы некалькі тыпаў нейтральных і зараджаных гіперонаў: лямбда (Λ°), сігма (Σ​+, Σ°, Σ​), ксі (Ξ, Ξ°) і амега (Ω), дзе верхнія знакі «+», «-» і «о» пры сімвалах гіперонаў пазначаюць знак эл. зараду, роўнага элементарнаму электрычнаму зараду. Для кожнага гіперона існуе адпаведная антычасціца. Гіпероны нараджаюцца ў моцных узаемадзеяннях, распадаюцца ў выніку слабых узаемадзеянняў на нуклоны і лёгкія часціцы: пімезоны, электроны і нейтрына. Уласцівасці гіперонаў можна растлумачыць у межах кваркавай мадэлі, паводле якой гіпероны, як і інш. барыёны, складаюцца з 3 кваркаў, прычым у склад гіперонаў абавязкова ўваходзіць S-кварк — носьбіт дзіўнасці. Пры ўзаемадзеянні часціц высокіх энергій з атамнымі ядрамі могуць узнікаць гіпер’ядры. Гл. таксама Узаемадзеянні элементарных часціц.

А.І.Болсун.

т. 5, с. 257

ГІПЕРПАВЕ́РХНЯ,

абагульненне паняцця паверхні трохмернай прасторы на выпадак n-мернай прасторы. Задаецца алг. ураўненнем F(x1, ..., xn) = 0, напр., лінейнае ўраўненне задае гіперплоскасць, квадратнае — гіперсферу.

т. 5, с. 257