ГІПАТАЛА́МУС
(ад гіпа... + таламус),
гіпаталамічная вобласць, аддзел прамежкавага мозга, які ўтварае дно і сценкі трэцяга мазгавога жалудачка.
Размешчаны ніжэй таламуса. Тонкай ножкай злучаецца з гіпофізам. Складаецца з ядраў — адасобленых скопішчаў нерв. клетак. Ад іх ідуць нерв. шляхі ў розныя аддзелы мозга. Гіпаталамус — найвышэйшы цэнтр вегетатыўнай нервовай сістэмы. Удзельнічае ў рэгуляцыі бялковага, вугляводнага, тлушчавага і воднасалявога абмену. Рэгулюе дзейнасць сэрца, крывяносных сасудаў, ціск крыві, тэмпературны баланс, уплывае на вонкавае выяўленне эмоцый у жывёл і чалавека. Пашкоджанні гіпаталамуса бываюць пры вострых інфекцыях, інтаксікацыях, чэрапна-мазгавых траўмах і інш.
Літ.:
Гращенков Н.И. Гипоталамус, его роль в физиологии и патологии. М., 1964.
Г.Г.Шанько.
т. 5, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)