Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЕМАГЛАБІ́Н

(ад гема... + лац. globus шар),

Hb, чырвоны жалезазмяшчальны пігмент крыві і гемалімфы чалавека, пазваночных і некат. беспазваночных жывёл. Выконвае функцыю пераносу кіслароду з органаў дыхання да тканак і вуглякіслага газу ад тканак да органаў дыхання. У большасці беспазваночных гемаглабін раствораны ў крыві, у пазваночных і некат. беспазваночных знаходзіцца ў чырвоных крывяных клетках — эрытрацытах. Малекулярная маса гемаглабіну эрытрацытаў млекакормячых 64 500, растворанага ў плазме да 3 000 000. Паводле хім. прыроды гемаглабін — складаны бялок — хромапратэід, які складаецца з бялку глабіну і жалезапарфірыну — гему. У вышэйшых жывёл і чалавека гемаглабін уключае 4 субадзінкі — манамеры з малекулярнай масай каля 17 000; 2 манамеры маюць па 141 астатку амінакіслот (β-ланцугі), 2 іншыя — па 146 астаткаў (α-ланцугі). Колькасць гемаглабіну ў крыві чалавека ў сярэднім 13—16 г% (78—96% па Салі); у жанчын гемаглабіну крыху менш, чым у мужчын. Якасць гемаглабіну змяняецца ў антагенезе.

А.М.Ведзянееў.

т. 5, с. 146

ГЕМАДЫЯ́ЛІЗ

(ад гема... + дыяліз),

метад ачышчэння крыві ад нізка- і сярэднемалекулярных рэчываў апаратам штучнай ныркі праз паўпранікальную мембрану і дыялізуючы раствор. Выкарыстоўваецца пры лячэнні вострай і хранічнай нырачнай недастатковасці, вострых атручэнняў. Гемадыяліз ажыццяўляе абменнае пераліванне крыві (адначасовае масіўнае кровапусканне з пераліваннем такой жа колькасці крыві), абмыванне брушыны салявым растворам (перытанеяльны дыяліз), прамыванне слізістай абалонкі кішэчніка ўмерана гіпертанічным растворам (кішачны дыяліз).

т. 5, с. 146

ГЕМАЛІЗІ́НЫ,

рэчывы, здольныя вызваляць гемаглабін з эрытрацытаў крыві. Пры гэтым гемаглабін раствараецца ў плазме або навакольнай вадкасці і кроў робіцца празрыстай (лакавая кроў). Гемалізіны — прадукты жыццядзейнасці многіх бактэрый паразітычных чарвей, насякомых, скарпіёнаў, некат. ядавітых змей (лізалецыціны). Адрозніваюць нармальныя гемалізіны (прысутнічаюць у сываратцы крыві і лізіруюць уласныя эрытрацыты — аўтагемоліз), ізалізіны — лізіруюць эрытрацыты, уведзеныя ўнутрывенна ад жывёл таго ж віду, і гетэралізіны — ад інш. віду.

т. 5, с. 146

ГЕМАЛІТЫ́ЧНАЯ ХВАРО́БА НОВАНАРО́ДЖАНЫХ, эрытрабластоз плода,

прыроджаная, спадчынная хвароба дзяцей. Узнікае ва ўлонні маці ці ў першыя дні пасля нараджэння ад несумяшчальнасці крыві маці і плода па рэзус-фактары або інш. групавых асаблівасцях (гл. Групы крыві). Рэзус-фактар, які трапляе ў кроў рэзус-адмоўнага чалавека, выклікае імунную рэакцыю з утварэннем антырэзусных цел. Стан сенсібілізацыі да рэзус-фактара пры першай цяжарнасці можа не развіцца і дзіця нараджаецца здаровым, пры наступных цяжарнасцях дзеці могуць нараджацца хворымі. У аснове хваробы — гемоліз (распад) эрытрацытаў і назапашванне ў крыві атрутнага рэчыва (непрамога білірубіну, гл. Кроў). Прыкмета гемалітычнай хваробы нованароджаных: анемія, жаўтуха, парушэнне дзейнасці ц. н. с. (ад атручэння). Лячэнне: заменнае пераліванне крыві, гемасорбцыя, увядзенне плазмы; фотатэрапія.

т. 5, с. 146

ГЕМАЛО́ГІЯ

(ад гема + ..логія),

сукупнасць звестак аб каштоўных і вырабных камянях. Вывучае фіз. ўласцівасці, асаблівасці хім. саставу, дэкаратыўна-маст. вартасці, мінерагеніі радовішчаў, а таксама тэхналогіі апрацоўкі. Устанаўлівае адрозненні прыродных каштоўных камянёў (рубін, сапфір, ізумруд, жэмчуг і інш.) ад іх сінт. аналагаў і імітацый.

т. 5, с. 147

ГЕМАНХО́З,

інвазійная хвароба жвачных, пры якой пашкоджваецца сычуг. Да яе ўспрымальныя авечкі, козы, буйн. раг. жывёла, многія дзікія жывёлы, зрэдку грызуны і чалавек. Узбуджальнікам геманхозу з’яўляюцца нематоды з роду Haemonchus, якія развіваюцца без прамежкавага гаспадара. Найб. пашыраны Н. contortus паразітуе ў дробных жвачных, Н. plocei — у буйн. раг. жывёлы.

Найб. заражаюцца маладыя жывёлы, асабліва ягняты ў канцы лета і восенню пры заглынанні лічынак з кормам ці вадой. Паразіты пашкоджваюць слізістую абалонку сычуга і кормяцца крывёй гаспадара. Развіваецца прагрэсіруючая анемія, парушаецца работа органаў кроваўтварэння. У хворых жывёл назіраецца прыгнечанне, паносы, схудненне, можа павышацца т-ра. Маладыя жывёлы часта гінуць.

т. 5, с. 147

ГЕМАПРАТЭІ́ДЫ,

складаныя бялкі, якія маюць у сабе афарбаваную прастэтычную групу — гем. Належаць да хромапратэідаў (гемаглабіны, міяглабін, цытахромы і інш.).

т. 5, с. 147

ГЕМАРАГІ́ЧНАЯ СЕПТЫЦЭМІ́Я,

гл. Пастэрэлёз.

т. 5, с. 147

ГЕМАРАГІ́ЧНЫЯ ЛІХАМА́НКІ,

група вострых інфекц. хвароб віруснай этыялогіі, для якіх характэрны прыродная ачаговасць, спалучэнне ліхаманкавага стану хворага з развіццём гемарагіі. Вядомыя гемарагічныя ліхаманкі: з нырачным сіндромам, крымская, омская, аргенцінская, балівійская, жоўтая, Ласа, Марбурга, Эбола, Дэнге. Узбуджальнікі належаць да некалькіх таксанамічных груп (сямействаў) вірусаў, перадаюцца трансмісіўна (гл. Трансмісіўныя хваробы), паветрана-кропельным шляхам, праз аб’екты навакольнага асяроддзя. Асн. крыніца заражэння чалавека — грызуны і кляшчы. Для асобных гемарагічных ліхаманак (напр., з ныркавым сіндромам) акрамя агульных прыкмет характэрны пашкоджанні печані, гіпатанія, брадыкардыя, трамбацыта- і лейкапенія. Лячэнне патагенетычнае і сімптаматычнае.

А.П.Красільнікаў.

т. 5, с. 147

ГЕМАРАГІ́Я,

гл. Крывацёк.

т. 5, с. 147