Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГІЖЭ́НКА,

вёска ў Слаўгарадскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПнУ ад г. Слаўгарад, 86 км ад Магілёва, 60 км ад чыг. ст. Крычаў. 262 ж., 88 двароў (1996). Лясніцтва. Сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 5, с. 241

ГІ́ЗА, Эль-Гіза, Гізех,

горад у Верхнім Егіпце, на беразе Ніла, прыгарад Каіра. Адм. ц. мухафазы Гіза. 2144 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак і шашэйных дарог. Буйны гандл. цэнтр (гандаль збожжам). Тытунёвая, радыётэхн. і маш.-буд. прам-сць. Каірскі ун-т. Цэнтр міжнар. турызму.

Паблізу Гізы ў Лівійскай пустыні захаваўся комплекс пірамід-грабніц, у т. л. фараонаў Хеопса (Хуфу), Хефрэна (Хафра), Мікерына (Менкаўра), пабудаваных у 1-й пал. 3-га тыс. да н.э. Каля ніжняга храма піраміды Хефрэна знаходзіцца «Вялікі сфінкс» — высечаная са скалы фантастычная істота з тулавам ільва і галавой чалавека. На полі пірамід знаходзіцца некропаль, у якім больш за 7 тыс. пахаванняў знатных егіпцян часоў II—VI дынастый Стараж. царства (каля 2800—2250 да н.э.). Археал. раскопкі праводзяцца з 19 ст. Пахаванні даюць багаты матэрыял для вывучэння вытв-сці, сац. жыцця і культуры Стараж. Егіпта. Знойдзены прадметы пахавальнага культу, мадэлі хатніх рэчаў, прылады працы, зброя, ганчарныя вырабы, скульптуры, барэльефы са сцэнамі жыцця, іерагліфічныя надпісы і інш. Ансамбль пірамід фараонаў Хеопса, Хефрэна і Мікерына занесены ЮНЕСКА у Спіс сусветнай спадчыны.

т. 5, с. 241

ГІ́ЗЕЛЬ (Інакенцій) (каля 1600—28.1.1683),

украінскі мысліцель, культ. і царк. дзеяч. Скончыў Кіева-Магілянскую калегію (1642), у 1645—50 яе прафесар, з 1646 рэктар. Архімандрыт Кіева-Пячэрскай лаўры (з 1656). Рэдагаваў «Кіева-Пячэрскі пацярык» (1661). Абароне праваслаўя прысвечаны яго працы «Старая вера» (1668), «Пра сапраўдную веру» (не захавалася). У кн. «Свет з Богам чалавеку» (1669) элементы гуманізму. У «Курсе агульнай філасофіі» (1645—47; рукапіс захоўваецца ў б-цы АН Украіны) выкладзены асновы арыстоцелеўскай філасофіі з элементамі хрысц. тэалогіі. Гізелю прыпісваецца складанне «Сінопсіса» (1674).

т. 5, с. 241

ГІ́ЗЕХ,

гл. Гіза.

т. 5, с. 241

ГІЗО́ ((Guizot) Франсуа П’ер Гіём) (4.10.1787, г. Нім, Францыя — 12.9.1874),

французскі паліт. і дзярж. дзеяч, гісторык. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1832), чл. Франц. акадэміі (1836). З 1812 праф. Сарбоны. Міністр унутр. спраў (1830), нар. Асветы (1832—36, 1836—37), замежных спраў (1840—48), прэм’ер-міністр (1847—48). З 1840 фактычна кіраваў усёй палітыкай Ліпеньскай манархіі. Як канстытуцыйны манархіст заснаваў кансерватыўную і парт. групоўку дактрынёраў, змагаўся з рэакц. рэжымам Карла X. Выступаў супраць сац. рэформаў і пашырэння выбарчага права. Аўтар твораў «Гісторыя Англійскай рэвалюцыі» (поўн. выд. т. 1—6, 1854—56), «Гісторыя цывілізацыі ў Еўропе» (1828), «Гісторыя цывілізацыі ў Францыі» (т. 1—5, 1829—32), мемуараў (т. 1—8, 1858—67) і інш.

т. 5, с. 241

ГІ́ЗЫ (Guise) дэ, французскі арыстакратычны род, адгалінаванне Латарынгскага герцагскага дома; у перыяд Рэлігійных войнаў 16 ст. ўзначальвалі католікаў. Заснавальнік роду — Клод (1496—1550), сын герцага Латарынгіі Рэнэ II, у 1506 натуралізаваўся ў Францыі, герцаг Гізы з 1528. Франсуа (1519—63), сын Клода, праславіўся абаронай Меца ад войск імператара Карла V (1552) і ўзяццем у англічан Кале (1558). Разам з братам Шарлем (1525—74), кардыналам Латарынгскім, фактычна кіраваў краінай пры Францыску II. Франсуа расправіўся з гугенотамі (1560), арганізаваў крывавую разню іх у Васі (1562). Генрых (1550—88), сын Франсуа, адзін з арганізатараў Варфаламееўскай ночы (1572), узначальваў Каталіцкую лігу 1576. Прэтэндаваў на каралеўскі трон. Забіты паводле загаду караля Генрыха III. З заканчэннем рэліг. войнаў род Гізаў заняпаў.

т. 5, с. 242

ГІЙМЭ́Н, Гілемэн (Guillemin) Ражэ (н. 11.1.1924, г. Дыжон, Францыя), французскі фізіёлаг. Чл. Нац. АН ЗША, Амер. АН і мастацтваў, Франц. нац. акадэміі медыцыны. Праф. Фізіялогіі (1963). Скончыў Дыжонскі ун-т (1942). З 1948 у Ін-це эксперым. медыцыны і хірургіі Манрэальскага ун-та, з 1953 у Х’юстанскім ун-це (ЗША), з 1960 у навук. ін-тах Францыі, з 1963 дырэктар лабараторыі Бейларскай мед. школы Х’юстанскага ун-та, з 1970 у Солкаўскім ін-це ў г. Сан-Дыега (штат Каліфорнія). Навук. працы па выдзяленні, выяўленні хім. структуры і біял. актыўнасці гіпаталамічных рэлізінг-гармонаў. Нобелеўская прэмія 1977 (разам з Э.В.Шалі і Р.С.Ялаў).

Р.Гіймен.

т. 5, с. 242

ГІКА́ЛА (Мікалай Фёдаравіч) (20.3.1897, г. Адэса, Украіна — 25.4.1938),

савецкі ваен. і парт. дзеяч. Скончыў Тыфліскую ваенна-фельч. школу (1915). З 1917 чл. РСДРП(б). У 1918 у г. Грозны: старшыня Савета, камандуючы часцямі Чырв. Арміі. У 1919—20 чл. Каўказскага краявога к-та РКП(б), ваен. камісар Церскай вобл. і Дагестана. З 1921 на парт. рабоце на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. З 1929 сакратар ЦК КП(б) Узбекістана, Азербайджана. З 1931 сакратар Маскоўскага абкома і гаркома ВКП(б). Са студз. 1932 да студз. 1937 1-ы сакратар ЦК КП(б)Б, з лют. 1937 1-ы сакратар Харкаўскага гаркома КП(б)У. Чл. Бюро ЦК КП(б)Б, чл. Прэзідыума ЦВК БССР, Рэўваенсавета БВА (1932—37). Чл. Цэнтр. Рэвізійнай камісіі ВКП(б) у 1930—34. Канд. у чл. ЦК ВКП(б) з 1934. Чл. ЦВК СССР. Удзельнічаў у разгортванні масавых рэпрэсій у БССР, сам стаў ахвярай гэтай палітыкі. Рэабілітаваны пасмяротна.

М.​П.​Касцюк.

М.Ф.Гікала.

т. 5, с. 242

ГІКСО́СЫ,

група качавых плямён, якія каля 1700 да н.э. ўварваліся з Пярэдняй Азіі праз Суэцкі перашыек у Егіпет, захапілі яго і валодалі ім да 1570 да н.э. Пасяліліся ў Ніжнім Егіпце і заснавалі там сваю сталіцу Аварыс. Упершыню ўвялі ў Егіпце конегадоўлю і колавы транспарт (магчыма, вертыкальны ткацкі станок, аліву і гранат), спрасцілі егіпецкую пісьменнасць, стварылі алфавітнае пісьмо. Гіксосы парушылі ізаляванасць Егіпта і стварылі ўмовы для росквіту культуры Новага царства. У пач. 16 ст. да н.э. правіцелі Фіваў пачалі вызвал. барацьбу супраць гіксосаў і прымусілі іх адступіць у Палесціну.

А.​В.​Іоў.

т. 5, с. 242

ГІЛАЗАІ́ЗМ (ад грэч. hylē матэрыя + zōē жыццё),

філасофскае вучэнне пра ўсеагульную адушаўлёнасць матэрыі. У навук. ўжытак тэрмін уведзены ў 1678 англ. філосафам Р.​Кедвартам. Гілазаізм — лагічнае дапушчэнне пра адзінства, цэласнасць, самаразвіццё свету, яго праявы адрозніваюцца толькі ўзроўнем развіцця, а не сутнасцю. На аснове такой канцэптуальнай схемы ўзніклі блізкія да гілазаізму вучэнні — пантэізм, панпсіхізм, а таксама вучэнне пра адлюстраванне як усеагульную ўласцівасць матэрыі. Паводле гэтай канцэпцыі, не толькі элементарныя жыццёвыя працэсы, але і складаныя інфарм. сістэмы, што генерыруюць пачуццёвасць, псіхіку і мысленне, маюць натуральнае паходжанне. У стараж.-грэч. філасофіі ідэі гілазаізму распрацоўвалі прадстаўнікі натурфіласофіі (Фалес, Анаксімен, Геракліт, Эмпедокл і інш.). У эпоху Адраджэння гілазаізм у форме пантэізму складаў істотную частку філасофіі Н.​Кузанскага, Б.​Тэлезіо, Дж.​Бруна. Мысленне як уласцівасць, характэрную для ўсёй прыроды, як атрыбут матэрыі разглядаў Б.​Спіноза. Франц. матэрыялісты 18 ст. (Д.​Дзідро, Ж.​Рабінэ) абгрунтоўвалі субстанцыяльны характар адчуванняў, прызнавалі агульную адушаўлёнасць матэрыі. Усеагульнасць уласцівасці адлюстравання знаходзіць пераканаўчае і практычнае пацвярджэнне ва ўсёй сістэме тэхн. забеспячэння сучаснага інфарм. працэсу.

А.​В.​Ягораў.

т. 5, с. 242