ГІЛАЗАІ́ЗМ (ад грэч. hylē матэрыя + zōē жыццё),

філасофскае вучэнне пра ўсеагульную адушаўлёнасць матэрыі. У навук. ўжытак тэрмін уведзены ў 1678 англ. філосафам Р.​Кедвартам. Гілазаізм — лагічнае дапушчэнне пра адзінства, цэласнасць, самаразвіццё свету, яго праявы адрозніваюцца толькі ўзроўнем развіцця, а не сутнасцю. На аснове такой канцэптуальнай схемы ўзніклі блізкія да гілазаізму вучэнні — пантэізм, панпсіхізм, а таксама вучэнне пра адлюстраванне як усеагульную ўласцівасць матэрыі. Паводле гэтай канцэпцыі, не толькі элементарныя жыццёвыя працэсы, але і складаныя інфарм. сістэмы, што генерыруюць пачуццёвасць, псіхіку і мысленне, маюць натуральнае паходжанне. У стараж.-грэч. філасофіі ідэі гілазаізму распрацоўвалі прадстаўнікі натурфіласофіі (Фалес, Анаксімен, Геракліт, Эмпедокл і інш.). У эпоху Адраджэння гілазаізм у форме пантэізму складаў істотную частку філасофіі Н.​Кузанскага, Б.​Тэлезіо, Дж.​Бруна. Мысленне як уласцівасць, характэрную для ўсёй прыроды, як атрыбут матэрыі разглядаў Б.​Спіноза. Франц. матэрыялісты 18 ст. (Д.​Дзідро, Ж.​Рабінэ) абгрунтоўвалі субстанцыяльны характар адчуванняў, прызнавалі агульную адушаўлёнасць матэрыі. Усеагульнасць уласцівасці адлюстравання знаходзіць пераканаўчае і практычнае пацвярджэнне ва ўсёй сістэме тэхн. забеспячэння сучаснага інфарм. працэсу.

А.​В.​Ягораў.

т. 5, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)