Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЖАЎНЯ́К (Расціслаў Міхайлавіч) (н. 6.10.1939, в. Валокі Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. матэматык. Канд. фізіка-матэм. н. (1972), праф. (1993). Скончыў БДУ (1964). З 1969 ў Ін-це матэматыкі АН Беларусі, з 1972 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па тэорыі аптымальнага кіравання дынамічнымі сістэмамі. Аўтар падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для ВНУ.

Тв.:

Высшая математика. Мн., 1993 (разам з А.А.Карпуком).

т. 6, с. 427

ЖАЎРУ́К (Алесь) (сапр. Сінічкін Аляксандр Дзмітрыевіч; 19.8.1910, г. Сянно Віцебскай вобл. — 23.8.1942),

бел. паэт. Скончыў Маскоўскі ін-т гісторыі, філасофіі і л-ры (1938). Загінуў у баях пад Сталінградам. Друкаваўся з 1926. У зб-ках «Ручаіны» (1936), «Дняпро выходзіць з берагоў» (1938) аптымістычны пафас, рамантыка прац. будняў, эстэтычная завершанасць. Апяваў героіку грамадз. вайны, рэв. подзвіг («Чапаеў», «Рагачоўскі сшытак», «Песня пра дукорскіх партызан»). Паэма «Крывёю сэрца» (1938) пра барацьбу з фашызмам у Іспаніі. З А.Ушаковым напісаў для дзяцей паэмы «Пра майго таварыша», «Пра слаўных папанінцаў нашага дзетсада» (абедзве 1939), лібрэта аперэты «Зарэчны барок».

Тв.:

Выбранае. Мн., 1960;

У кн.: Крывёю сэрца. Мн., 1987.

А.Жаўрук.

т. 6, с. 427

ЖА́ЎРЫД (Павел Якаўлевіч) (13.6.1899, в. Цецяроўка Слуцкага пав. Мінскай губ. — 14.5.1939),

дзеяч бел. нац. руху. Скончыў Слуцкую гімназію (1909), вучыўся ў Варшаўскім ун-це. З 1916 у арміі. Дэлегат Усебел. з’езда 1917. Летам 1919 арыштаваны Надзвычайнай камісіяй «па абвінавачанні ў дапамозе Дзянікіну». У ліст. вызвалены, абраны старшынёй Бел. нац. к-та ў Слуцку. З лета 1920 у Чырв. Арміі, пам. камандзіра Слуцкай кав. роты. У канцы 1920 Найвышэйшай радай БНР прызначаны камісарам Случчыны, уваходзіў у Бел. раду Случчыны. Адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання 1920. З 1921 у Вільні ў Бел. нац. к-це, Бел. школьнай радзе. У 1923—30 працаваў у Белсельпрамсаюзе, Мар’інагорскім с.-г. тэхнікуме, Інбелкульце, газ. «Звязда». 18.7.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», 10.4.1931 асуджаны на 3 гады папраўча-працоўных лагераў (ППЛ). У 1933—37 жыў у ссылцы ў г. Сарапул Удмурцкай АССР. У 1937 асуджаны на 10 гадоў ППЛ, дзе і памёр. Рэабілітаваны ў 1988.

У.М.Міхнюк.

т. 6, с. 427

ЖА́ЎРЫД (Эдвард Антонавіч) (н. 8.10.1939, г. Слуцк Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне анкалогіі. Д-р мед. н. (1988), праф. (1992). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1962). З 1964 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, з 1966 у Бел. НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (з 1978 заг. аддзялення хіміяпрамянёвай тэрапіі). Навук. працы па камбінаваным лячэнні злаякасных пухлін з выкарыстаннем гіпертэрміі і гіперглікеміі, мадыфікацыі хімія- і радыеадчувальнасці злаякасных пухлін з дапамогай фізіка-хім. уздзеянняў, фотадынамічнай тэрапіі, пошуку і апрабацыі новых супрацьпухлінных прэпаратаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.

Тв.:

Применение гипертермии и гипергликемии в комплексном лечении злокачественных новообразований. М., 1981 (у сааўт.);

Гипертермия и гипергликемия в онкологии. Киев, 1987 (разам з С.П.Асінскім, С.З.Фрадкіным);

Диагностика и лечение распространенного рака желудка. Мн., 1991 (разам з М.Я.Фішарам. Н.У.Сачыўка).

т. 6, с. 428

ЖАЎТАБРУ́ХІ ПО́ЛАЗ, жаўтабрух (Coluber jugularis),

змяя сям. вужовых. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, у Пярэдняй і М. Азіі. Жыве ў адкрытых стэпах, паўпустынях, кустовых зарасніках і інш.

Даўж. да 2,5 м. Верхні бок цела ўсіх адценняў аліўкавага колеру, без узору. Бруха жоўтае, палевае. зрэдку чырванаватае. Вакол вачэй звычайна жоўтая пляма. Адкладвае 6—16 яец. Корміцца дробнымі млекакормячымі, паўзунамі, птушкамі, насякомымі. Агрэсіўны, нападае нават на чалавека. Укус дарослага Ж.п. балючы і кроватачывы, але не небяспечны.

Жаўтабрухі полаз.

т. 6, с. 428

ЖАЎТАЗЕ́ЛЬ (Genista),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 70 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі ў паўд. ч. трапляецца Ж. фарбавальны (G. tinctona), расце падлескам у хваёвых, бярозава-хваёвых і бярозавых лясах, і Ж. германскі (G. germanica, нар. назва колкая трава), рэдкі цэнтр.-еўрапейскі горны від, расце ў хваёва-дубовых і шыракалістых лясах, сярод хмызняку, на ўзлесках і палянах. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.

Кусты і паўкусты выш. да 0,6—1,5 м, з прамастойнымі, пруткападобнымі, злёгку рабрыстымі сцябламі, звычайна голымі, іншы раз апушанымі белымі валаскамі, унізе з калючкамі. Лісце простае, эліпсоіднае, з кароткім вострым канцом, голае, бліскучае або злёгку валасістае. Кветкі жоўтыя, у шматлікіх гронках на канцах галінак. Плод — струк. Лек. (мачагонны, жаўцягонны, слабіцельны, абязбольваючы сродак), фарбавальная расліна.

Жаўтазель фарбавальны.

т. 6, с. 428

ЖАЎТАЗЁМЫ,

глебы, якія фарміруюцца пад шыракалістымі лясамі ва ўмовах вільготных субтропікаў. Пашыраны ў Кітаі, на Пд ЗША, ПдУ Аўстраліі і ў Новай Зеландыі, у Грузіі і Азербайджане. Маюць 5—10% гумусу. Жоўтая афарбоўка абумоўлена малой колькасцю жалеза ў мацярынскіх пародах і моцным увільгатненнем, якое выклікае гідратацыю вокіслаў жалеза ў глебе. Асн. тыпы: жаўтазёмы, падзоліста-жаўтазёмападобныя, жаўтазёмна-глеевыя, падзоліста-жаўтазёмна-глеевыя. На Ж. вырошчваюць чай, цытрусавыя, вінаград, тытунь, эфіраалейныя культуры.

т. 6, с. 428

ЖАЎТАКРУ́Г (Jrommsdorfie),

род кветкавых раслін сям. астравых. 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўд. Амерыцы. На Беларусі трапляецца Ж. рабы (J. maculata) у хваёвых лясах, на палянах і ўзлесках.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 50—100 см, з тоўстым вертыкальным коранем, шурпата-валасістым прамым сцяблом і разеткай прадаўгаватых лістоў з характэрнай чырвонай жылкай. Кветкі залаціста-жоўтыя, язычковыя, духмяныя, у кошыках, размешчаных па 1—4 на верхавінках сцёблаў. Плод — сямянка, з чубком з перыстых валаскоў. Лек. (слабіцельны, змякчальны, процізапаленчы, антысептычны сродак) і кармавая расліна.

Жаўтакруг рабы.

т. 6, с. 428

ЖАЎТАЛО́З,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Вярба.

т. 6, с. 428

ЖАЎТАПУ́ЗІК.

глушэц (Ophisaurus apodus), яшчарка сям. вераценніцавых. Пашыраны ў Паўд.-Зах. Еўропе, Сярэдняй і Паўд.-Зах. Азіі. Жыве пераважна ў сухіх месцах, з густой расліннасцю.

Даўж. да 1,5 м, маса да 550 г. Верхняя ч. цела бурая, брудна-бурая з аліўкавым або чырванавата-бурым адценнем, ніжняя — жоўта-бурая або мяснога колеру. Цела змеепадобнае, без ног (у самцоў захаваліся рудыменты задніх ног). Пад луской залягаюць касцявыя пласцінкі (астэадэрмы). Па баках цела глыбокая маршчына скуры, высланая дробнай луской. Адкладваюць 8—10 яец. Кормяцца беспазваночнымі (пераважна насякомымі і малюскамі), дробнымі пазваночнымі.

Жаўтапузік.

т. 6, с. 428