Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДО́ЙЗІ ((Doisy) Эдуард Адэлберт) (13.11.1893, г. Хума, штат Ілінойс, ЗША — 23.10.1986),

амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1938). Скончыў Ілінойскі ун-т (1914). Д-р філасофіі (1920), праф. (1923). У 1914—17 працаваў у Гарвардскай мед. школе, з 1919 у Вашынгтонскім ун-це, у 1923—65 — у мед. школе пры Ун-це ў Сент-Луісе. Навук. працы па вывучэнні структуры вітамінаў і гармонаў. Вылучыў у крышталічнай форме жан. палавыя гармоны эстрон (1929) і эстрадыёл (1936). Адкрыў хім. структуру вітаміну K, ідэнтыфікаваў K1 і K2, сінтэзаваў вітамін K1 (1939). Нобелеўская прэмія 1943 (разам з Г.Дамам).

Э.Дойзі.

т. 6, с. 176

ДОЙЛ ((Doyle) Артур Конан) (22.5.1859. г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 7.7.1930),

англійскі пісьменнік. Скончыў мед. ф-т Эдынбургскага ун-та (1881). Дэбютаваў у 1879 апавяданнем «Тайна даліны Сэсаса». Аўтар прыгодніцкіх («Выгнаннікі», 1893, «Родней Стон», 1896) і навук.-фантаст. («Згублены свет», 1912, «Атручаны пояс», 1913) раманаў і аповесцей, у т. л. «Маракотава бездань» (1929). Сусв. вядомасць прынеслі творы, аб’яднаныя вобразам сышчыка-аматара Шэрлака Холмса: «Знак чатырох» (1890), «Сабака Баскервіляў» (1901—02), «Даліна жаху» (1914—15), зб. апавяданняў «Прыгоды Шэрлака Холмса» (1891—92) і інш. Прадаўжаючы традыцыі Э.По і У.Колінза, развіў дэтэктыўны жанр, у якім спалучаў драматызм і дынаміку апавядання з псіхал. перакананасцю вобразаў. У Лондане створаны мемар. Музей Шэрлака Холмса.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч.: У 12 т. Т. 1—3. М., 1992—94.

Літ.:

Карр Дж.Д. Жизнь сэра Артура Конан Дойла: [Пер. с англ.]. М., 1989.

Е.А.Лявонава.

т. 6, с. 177

ДО́ЙЛІДСТВА,

гл. ў арт. Архітэктура.

т. 6, с. 177

Дойнікаў Аляксандр Анатолевіч

т. 18, кн. 1, с. 380

ДО́ЙЧЭ ПРЭ́СЭАГЕНТУ́Р (Deutsche Presseagentur; ДПА),

сусветнае інфармацыйнае агенцтва ў Германіі. Акцыянернае т-ва. Засн. ў 1949 (Гамбург).

т. 6, с. 177

ДОК (галанд. dok, англ. dock),

1) збудаванне для агляду і рамонту падводнай часткі суднаў або для іх пабудовы. Бываюць сухія, наліўныя і плывучыя. Звычайна з’яўляюцца часткай верфі або суднарамонтнага прадпрыемства.

2) Штучны партовы басейн з затворам, прызначаны для стаянкі суднаў пад пагрузкай-разгрузкай у месцах з вял. прыліўна-адліўнымі ваганнямі ўзроўню мора.

3) Зборна-разборнае збудаванне для тэхн. абслугоўвання вял. лятальных апаратаў (пераважна дырыжабляў).

Док плывучы.

т. 6, с. 177

ДО́КАЗ у логіцы.

спосаб абгрунтавання (вызначэння) ісціннасці выказвання, меркавання, тэорыі з дапамогай лагічных вывадаў і практычных сродкаў (назіранне, эксперымент). Д. не стварае ісціннасці выказвання, яна аб’ектыўная і выяўляецца з дапамогай Д. У лагічнай структуры Д. вызначаюць: тэзіс — сцвярджэнне, якое трэба даказаць, аснову (аргументы) — сцвярджэнні, з дапамогай якіх даказваецца тэзіс, і дэманстрацыю — выснову ці ланцуг высноў, з дапамогай якіх тэзіс выводзіцца з аргументаў. Паводле спосабу вядзення Д. падзяляюць на прамыя і ўскосныя. а па форме вывадаў — на дэдуктыўныя і індуктыўныя. У прамым Д. тэзіс лагічна выцякае з асновы, ва ўскосным — даказваецца памылковасць антытэзіса (суджэння, што супярэчыць тэзісу) і па выключанага трэцяга прынцыпу тэзіс прымаецца ў якасці ісціннага. Пры Д. тэзіса ці антытэзіса абавязкова трэба прытрымлівацца правіла Д., а каб Д. быў паспяховым, неабходна прытрымлівацца правіл, што прад’яўляюцца да тэзіса і аргументаў. Але не ўсе выказванні падлягаюць Д. Са стараж. часоў Д. быў у цэнтры ўвагі логікаў і філосафаў, ён выкарыстоўваецца ва ўсіх навуках і ў паўсядзённых зносінах людзей.

В.М.Пешкаў.

т. 6, с. 177

ДО́КАЗЫ СУДО́ВЫЯ,

фактычныя звесткі пра акалічнасці, якія маюць значэнне для правільнага вырашэння крымінальнай або цывільнай справы. Такія звесткі ёсць у паказаннях сведак, пацярпелага, падазронага, абвінавачанага, у рэчавых доказах, заключэннях экспертаў, пратаколах следчых і суд. дзеянняў. Адрозніваюць Д.с: асабістыя (зыходзяць ад людзей) і рэчавыя; прамыя (устанаўліваюць якую-н. акалічнасць) і ўскосныя (устанаўліваюць толькі прамежкавы факт); тыя, што сцвярджаюць факт або абвяргаюць яго; непасрэдныя і вытворныя. Парадак атрымання Д.с., іх замацавання і прадастаўленне суду вызначаецца працэсуальным заканадаўствам.

Э.І.Кузьмянкова.

т. 6, с. 177

ДО́КЕР (англ. docker),

партовы грузчык, рабочы дока.

т. 6, с. 177

«ДОКЛА́ДЫ АКАДЕ́МИИ НАУ́К БЕЛАРУ́СИ».

навуковы часопіс. Выходзіць з ліп. 1957 на рус. мове (рэзюме і на англ. мове) 6 разоў на год. Змяшчае кароткія паведамленні пра вынікі новых арыгінальных завершаных даследаванняў у галіне матэматыкі, прыродазнаўства і тэхнікі, выкананых у НДІ Нац. АН Беларусі, ВНУ і н.-д. установах рэспублікі.

т. 6, с. 177