Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Догіль Леанід Піліпавіч

т. 18, кн. 1, с. 380

ДО́ГМА (ад грэч. dogma меркаванне, рашэнне, вучэнне),

палажэнне, якое прымаецца на веру як бясспрэчная ісціна. Характэрная рыса Д. — сляпая вера ў аўтарытэты, абарона застарэлых, памылковых або недаказаных палажэнняў. У ант. л-ры тэрмін «Д.» абазначаў агульнавядомае палажэнне, якое з’яўлялася бясспрэчнай ісцінай; такую ж назву мелі некат. дзярж. ўказы і пастановы. У стараж.-грэч. філасофіі дагматыкамі называлі філосафаў, якія ў процілегласць скептыкам сцвярджалі што-небудзь станоўчае. Аснову любых рэлігій складаюць догматы рэлігійныя, што прымаюцца на веру і абавязковыя для ўсіх. У галіне навукі Д. набываюць нязменныя формы, застарэлыя палажэнні, якія прымаюцца без уліку гіст. умоў, абараняюцца кансерватыўна мыслячымі вучонымі. Дагматычнае мысленне перашкаджае развіццю навукі, скоўвае творчасць.

т. 6, с. 175

ДО́ГМАТЫ РЭЛІГІЙНЫЯ,

афіцыйна прызнаныя палажэнні рэліг. веравучэння, якія абвяшчаюцца царквой бясспрэчнай ісцінай, не падлягаюць перагляду і зменам, прызнаюцца вечнымі боскімі ўстанаўленнямі, абавязковымі для ўсіх веруючых. Кожная з рэлігій мае сваю дагматычную сістэму. У хрысціянстве догматы зацверджаны 2 першымі ўсяленскімі саборамі — Нікейскім (325) і Канстанцінопальскім (381) і атрымалі назву Нікея-Царградскага сімвала веры. Яны ўключаюць 12 асн. догматаў: аб адзінстве і траістасці Бога; аб Хрысце як зямным увасабленні Бога, сыне Божым, пасрэдніку паміж Богам і людзьмі; аб другім прышэсці Хрыста на зямлю; аб пашане адзінай саборнай царквы; аб неабходнасці хрышчэння; аб веры ў цялеснае ўваскрэсенне памерлых; аб веры ў замагільнае жыццё пасля «страшнага суда» і інш., якія пазней дапаўняліся. Праваслаўная царква абмежавалася рашэннямі першых 7 сусв. сабораў. Пасля падзелу цэркваў заходняя, рымска-каталіцкая, уключыла ў сваё веравучэнне новыя догматы: аб філіёкве (аб зыходжанні Святога духа не толькі ад бога-айца, але і ад сына); аб чысцілішчы; аб запасе добрых спраў; аб бязгрэшным зачацці Багародзіцы. Пратэстантызм прызнаў Д.р. аб апраўданні сваіх паслядоўнікаў вераю, а не царквою. Іудаізм у розныя часы прытрымліваўся розных дагматычных сістэм, з іх засталіся асн. тры: прызнанне адзінабожжа Яхве, богавыбраннасці яўр. народа і чаканне прыходу месіі (збавіцеля). Іслам у межах яго багаслоўскай сістэмы — калама — выпрацаваў догматы: аб адзіным Богу — Алаху, аб яго пасланніку Мухамеду, аб прадвызначэнні чалавечага лёсу Алахам. Індуізм зыходзіць з прызнання святасці «Ведаў», з перасялення душ, з няроўнасці людзей, наяўнасці кармы і інш. (гл. таксама Догма).

А.А.Цітавец.

т. 6, с. 176

«ДОДЖ»

(Dodge),

марка легкавых і грузапасажырскіх аўтамабіляў рознага прызначэння. Выпускаюцца аднайм. аддзяленнем амер. канцэрна «Крайслер» з 1914. Мадэлі пераважна пярэднепрывадныя; магутнасць рухавіка 98—294 кВт, найб. скорасць да 266 км/гадз, грузападымальнасць 0,5—12 т, аб’ём грузавога адсека 0,22—4,88 м³.

Да арт. «Додж». Легкавы аўтамабіль «Додж Крайслер-Неон».

т. 6, с. 176

Додэрэр Хайміта

т. 18, кн. 1, с. 380

ДОЖ (італьян. doge ад лац. dux правадыр),

кіраўнік Венецыянскай (у канцы 7—18 ст.) і Генуэзскай (у 14—18 ст.) рэспублік. У Венецыі выбіраўся патрыцыятам з свайго асяроддзя пажыццёва і першапачаткова меў вял. ўладу. У 12—14 ст. роля Д. паступова зведзена да намінальнага прадстаўніцтва. У Генуі пажыццёвая пасада Д. ўведзена ў 1339, пасля 1528 тэрмін яе выканання абмежаваны 2 гадамі. Скасавана ў 1797 пасля заняцця паўн. Італіі войскамі ген. Напалеона Банапарта.

т. 6, с. 176

ДОЖДЖ,

від атмасферных ападкаў у выглядзе кропель вады дыяметрам 0,5—7 мм. Утвараецца ў выніку кандэнсацыі вадзяной пары ў паветры і зліцця дробных кропель у больш буйныя або раставання крышталёў, што выпадаюць з воблакаў.

Аблажныя Д. працяглыя. раўнамернай інтэнсіўнасці, выпадаюць са слаіста-дажджавых або высокаслаістых воблакаў на вял. плошчы; ліўневыя Д. кароткачасовыя, маюць хутказменлівую і часта вял. інтэнсіўнасць, выпадаюць з кучава-дажджавых воблакаў (гл. Лівень). Д. з дыяметрам кропель менш за 0,5 мм наз. імжой. Бывае ледзяны Д. у выглядзе дробных празрыстых ледзяных шарыкаў дыяметрам 1—3 мм, што ўтвараюцца пры замярзанні кропель Д. ў паветры з адмоўнай т-рай, і пераахалоджаны Д., кроплі якога застаюцца вадкімі пры адмоўнай т-ры і замярзаюць у выглядзе галалёду на паверхні Зямлі.

На Беларусі выпадзенне Д. часцей звязана з цыкланічнай дзейнасцю. Вадкія ападкі (пераважна Д.) даюць ад 75% на У да 80% на 3 гадавой сумы ападкаў. За год бывае каля 110 сут з Д. Летам пераважаюць ліўневыя Д., найб. дажджлівы месяц ліпень (13—16 сут з Д.). У халодны перыяд года акрамя снегу выпадаюць аблажныя Д. і імжа (да 8 сут з ападкамі за месяц). Гл. таксама Ападкі атмасферныя.

т. 6, с. 176

ДО́ЖЫ ДЗЬЁРДЗЯ ПАЎСТА́ННЕ 1514, Сялянская вайна 1514, найбуйнейшае антыфеад. ўзбр. выступленне ў сярэдневяковай Венгрыі. Яго перадумовай быў набор у краіне з крас. 1514 добраахвотнікаў для крыжовага паходу супраць туркаў. Успыхнула ў маі як рэакцыя сялян на спыненне іх прыёму ў крыжацкае войска (прыём у крыжакі азначаў для сялян вызваленне з-пад улады іх паноў). Ахапіла б.ч. дзяржавы, праходзіла пад лозунгамі адмены феад. эксплуатацыі і царк. дзесяціны, падзелу царк. зямель паміж крыжакамі, устанаўлення ўсеагульнай роўнасці, спрашчэння царк. арганізацыі. Ўдзельнічала да 100 тыс. чал. (пераважна сялян), аднак з-за разрозненасці дзеянняў каля 50 тыс. паўстанцаў былі хутка знішчаны дваранскімі атрадамі. Спыненне ў ліп. 22-тысячным войскам трансільванскага ваяводы Я.Запаяі гал. сіл паўстанцаў на чале з Дзьёрдзем Дожам каля крэпасці Тэмешвар (цяпер Тымішаара, Румынія), калі Дожа трапіў у палон і быў пакараны смерцю, паскорыла паражэнне паўстання. У крас.ліст. 1514 Дзярж. сход прыняў закон аб пазбаўленні сялян свабоды і навечным прымацаванні іх да зямлі (адменены ў 1530).

Літ.:

Гусарова Т.П. «Я хотел обновить мир» // И живы памятью столетий. Мн., 1987.

т. 6, с. 176

ДО́ЗА (ад грэч. dosis порцыя, прыём),

вызначаная, дакладна адмераная колькасць чаго-н. (якога-н. рэчыва, лякарства). Гл. таксама Дозы выпрамянення.

т. 6, с. 176

ДО́ЗЫ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

колькасныя характарыстыкі ўздзеяння энергіі выпрамянення на рэчыва. Гал. велічынёй, якая характарызуе ўздзеянне выпрамянення на арганізм, з’яўляецца паглынутая доза — энергія іанізавальнага выпрамянення, паглынутая адзінкай масы апрамененага рэчыва. У сістэме СІ за адзінку паглынутай дозы прыняты грэй, пазасістэмная адзінка — рад. Пры аднолькавай паглынутай дозе біял. эфект уздзеяння розных відаў апрамянення адрозніваецца, таму карыстаюцца эквівалентнай дозай, якая вызначаецца пры памнажэнні паглынутай дозы на каэфіцыент якасці (К) дадзенага выпрамянення. У сістэме СІ адзінка эквівалентнай дозы — зіверт, пазасістэмная — бэр. Для вымярэння рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення служыць экспазіцыйная доза — колькасць утвораных зарадаў пры іанізацыі паветра пад уздзеяннем гэтых выпрамяненняў. У сістэме СІ адзінка вымярэння экспазіцыйнай дозы — кулон на кілаграм (Кл/кг), пазасістэмная — рэнтген. Прынята параўноўваць біял. эфекты, што выклікаюць любыя іанізавальныя выпрамяненні, з біял. эфектамі, што выклікаюць рэнтгенаўскія і гама-выпрамяненні. У радыебіял. даследаваннях пры параўнанні радыяцыйных эфектаў карыстаюцца адноснай біялагічнай эфектыўнасцю выпрамяненняў. Натуральныя крыніцы іанізавальнага выпрамянення (касм. прамяні, прыродная радыеактыўнасць глебы, вады, паветра, радыеактыўнасць, што ёсць у целе чалавека і жывёл і інш.) складаюць каля 125 мбэр за год. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986) у навакольнае асяроддзе выкінута радыеактыўных рэчываў агульнай актыўнасці каля 50 млн. Кі (3,5% агульнай колькасці радыенуклідаў). На Беларусі зацверджаны крытэрыі ўзроўню радыяцыйнай забруджанасці (А і Б). Узровень А — доза знешняга гама-апрамянення цела не перавышае 0,25 Гр (няма неабходнасці ў экстранных мерах). Пры ўзроўні Б (да 0,75 Гр) меры залежаць ад канкрэтных абставін. Экстранныя меры для забеспячэння радыяцыйнай аховы прымаюцца ў выпадках дасягнення дозы знешняга апрамянення ўсяго цела больш за 0,75 Гр. Вымяраюць Д.в. дазіметрамі (гл. Дазіметрычныя прылады).

т. 6, с. 176