Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЕАСФЕ́РЫ (ад геа... + сфера),

абалонка Зямлі, канцэнтрычныя, суцэльныя або перарывістыя абалонкі, з якіх складаецца Зямля. Адрозніваюцца паміж сабой паводле хім. складу, агрэгатнага стану і фіз. уласцівасцей. Ад прасторы вакол Зямлі да цэнтра планеты вылучаюць магнітасферу, атмасферу, гідрасферу, літасферу, мантыю і ядро Зямлі. Некаторыя геасферы (напр., атмасфера) падзяляюцца на сферы 2-га парадку. Паводле сукупнасці прыродных умоў і працэсаў, якія працякаюць у абласцях сутыкнення і ўзаемадзеяння геасферы, вылучаюць спецыфічныя геасферы — геаграфічную абалонку, біясферу і інш.

т. 5, с. 122

ГЕАТРАПІ́ЗМ [ад геа... + трапізм(ы)],

здольнасць органаў раслін прымаць пэўнае становішча пад уплывам зямнога прыцяжэння. Адрозніваюць 3 тыпы геатрапізму: сапраўдны, калі орган (гал. корань) расце прама ўніз; адмоўны, калі орган (гал. сцябло) расце прама ўверх; папярочны, калі орган стараецца заняць гарыз. становішча. Калі ў выніку знешніх уздзеянняў расліна выведзена з уласцівага ёй становішча (напр., сцябло павалена ветрам, пад корань трапіў камень), тады ў маладой ч. расліны адбываецца выгін і яна зноў правільна арыентуецца. Геатрапічныя выгіны звязаны з ростам расліны і адбываюцца таму, што ў сцёблах, выведзеных з верт. становішча, ніжні бок пачынае расці хутчэй, а верхні запавольвае рост. Неаднолькавая скорасць росту верхняга і ніжняга бакоў сцёблаў, якія размешчаны гарызантальна, звязана з перамяшчэннем пад уздзеяннем сілы цяжару аўксінаў на ніжні бок сцябла або кораня. Некат. расліны, якія закончылі рост, не здольныя да геатрапічных выгінаў.

т. 5, с. 122

ГЕАТЭКТО́НІКА,

гл. Тэктоніка.

т. 5, с. 123

ГЕАТЭРМА́ЛЬНАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,

тып цеплавой электрастанцыі, якая пераўтварае глыбіннае цяпло Зямлі ў эл. энергію. Эканамічна выгадныя ў рэгіёнах з дастатковымі рэсурсамі тэрмальных вод (найб. высокія т-ры падземных вод у вулканічных раёнах, дзе яны выходзяць на паверхню ў выглядзе перагрэтай пары). У геатэрмальнай электрастанцыі выкарыстоўваюцца прамая (пара паступае прама ў турбіну), непрамая (з папярэдняй ачысткай пары ад агрэсіўных газаў) і змешаная тэхнал. схемы атрымання электраэнергіі. Перавагі геатэрмальнай электрастанцыі перад традыцыйнымі ЦЭС — адсутнасць кацельні, палівападачы, меншы сабекошт атрыманай энергіі.

Глыбіннае цяпло ўтвараецца ў выніку радыеактыўнага распаду, хім. рэакцый і інш. працэсаў, што адбываюцца ў зямной кары (гл. Геатэрмія). Т-ра падземных вод і горных парод павялічваецца на 1 °C пры паглыбленні на 33 м (гл. Геатэрмічная ступень) і на глыб. 5 км складае каля 160 °C. Геатэрмальныя электрастанцыі працуюць у ЗША, Італіі, Японіі, Новай Зеландыі, Ісландыі. У СССР першая геатэрмальная электрастанцыя магутнасцю 5 МВт пушчана ў 1966 на поўдні Камчаткі, да 1980 яе магутнасць даведзена да 11 МВт. На Беларусі перспектыўныя на ўтрыманне тэрмальных вод раёны Прыпяцкай упадзіны, але практычнае іх выкарыстанне праблематычна. Як магчымая можа разглядацца сістэма «гарачыя скальныя пароды» (ГСП), пры якой на глыбіню да 4 км у свідравіну трэшчынаватых парод напампоўваецца вада, што ад кантакту пад ціскам з ГСП набывае т-ру да 180 °C і больш. Яна выходзіць праз іншую свідравіну і пераўтвараецца ў тэхнал. пару.

Літ.:

Драгун В.Л., Конев С.В. В мире тепла. Мн., 1991;

Выморков Б.М. Геотермальные электростанции. М., Л., 1966.

У.Л.Драгун.

т. 5, с. 123

ГЕАТЭРМА́ЛЬНЫЯ РЭСУ́РСЫ,

запасы глыбіннага цяпла Зямлі, эксплуатацыя якіх эканамічна выгадная. Адрозніваюць гідрагеатэрмальныя (тэрмальныя воды) і петрагеатэрмальныя рэсурсы (акумуляваныя ў блоках горных парод, нагрэтых да 350 °C і больш). Практычнае значэнне маюць гідратэрмальныя рэсурсы, якія выкарыстоўваюць для цеплазабеспячэння (пры т-ры ад 40 да 100—150 °C) і атрымання электраэнергіі на геатэрмальных электрастанцыях пры т-ры 150—300 °C. Прымеркаваны яны да трэшчынных воданапорных сістэм у раёнах сучаснага вулканізму, маладых складкавых гор, зон тэктанічных разломаў. Геатэрмальныя рэсурсы выкарыстоўваюць у ЗША (самае буйное ў свеце радовішча Вялікія Гейзеры), Італіі, Новай Зеландыі, Японіі, Мексіцы, Расіі, Ісландыі і інш.

т. 5, с. 123

ГЕАТЭРМІ́ЧНАЯ СТУПЕ́НЬ,

інтэрвал глыбінь у зямной кары, на якім т-ра павышаецца на 1 °C. У сярэднім складае 30—40 м; у крышт. пародах большы (120—200 м), чым у асадкавых. Чым меншая геатэрмічная ступень, тым хутчэй нарастае т-ра з глыбінёй. Гл. таксама Геатэрмічны градыент.

т. 5, с. 123

ГЕАТЭРМІ́ЧНЫ ГРАДЫЕ́НТ,

велічыня, на якую павышаецца тэмпература ў зямной кары з павелічэннем глыбіні нетраў на кожныя 100 або 1 м. У сярэднім для глыбінь, на якіх магчымы непасрэдныя назіранні, геатэрмічны градыент роўны 3 °C на 100 м. Залежыць ад геал. будовы, цеплаправоднасці горных парод, цыркуляцыі падземных вод, блізкасці ачагоў вулканізму і інш. Пры праходцы Кольскай звышглыбокай свідравіны высветлена, што геатэрмічны градыент павялічваецца ад 1 °C каля паверхні да 2,5 °C на глыб. 5 км, а затым змяншаецца да 1,6 °C на глыб. 11 км.

т. 5, с. 123

ГЕАТЭРМІ́Я,

геатэрміка (ад геа... + грэч. thermē цяпло), раздзел геафізікі, які вывучае цеплавы стан нетраў і цеплавую гісторыю Зямлі. Даследуе цеплавое поле Зямлі, размеркаванне т-р і крыніц цеплавой энергіі нетраў, шчыльнасць цеплавой плыні з глыбінь ла паверхні, змяненні цеплавога стану Зямлі з моманту яе ўзнікнення да сучаснасці.

Т-ра рэчыва Зямлі павышаецца з глыбінёй і залежыць ад цеплавой плыні, што паступае з верхняй мантыі ў падэшву зямной кары і пры распадзе доўгажывучых радыеактыўных элементаў (пераважна ізатопаў урану, торыю, калію). Найб. вывучанае цеплавое поле верхняй ч. зямной кары, дзе магчымы непасрэдныя вымярэнні т-ры ў свідравінах (да глыб. 6—10 км). Аб т-ры больш глыбокіх нетраў мяркуюць паводле ўскосных звестак — т-ры вулканічных лаў і некат. геафіз. паказчыках. Цеплавое поле Зямлі характарызуецца шчыльнасцю цеплавой плыні, якая вызначаецца паводле велічыні геатэрмічнага градыента і каэфіцыента цеплаправоднасці горных парод. Геатэрмія цесна звязана з тэктонікай, геадынамікай і тэрмадынамікай, абапіраецца на даныя планеталогіі. Геатэрмічныя даследаванні выкарыстоўваюцца пры вывучэнні геал. будовы і геадынамічнай актыўнасці рэгіёнаў Зямлі, пры пошуках і эксплуатацыі радовішчаў нафты, газу і інш. карысных выкапняў.

Геатэрмія як галіна геафізікі адасобілася ў сярэдзіне 20 ст. Першыя вымярэнні шчыльнасці цеплавой плыні ў Еўропе зрабіў Э.Булард (Вялікабрытанія), на тэр. СНД — А.А.Любімава.

На Беларусі адзінкавыя замеры т-ры ў свідравінах рабілі з 1928. У 1965 Х.В.Багамолаў арганізаваў высокадакладныя вымярэнні т-ры ў свідравінах і вывучэнне цеплавых уласцівасцей горных парод і цеплавой плыні на ўсёй тэр. краіны, якія прадаўжаюцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі (П.П.Атрошчанка, Л.А.Цыбуля і інш.).

Літ.:

Богомолов Г.В., Цыбуля Л.А., Атрощенко П.П. Геотермическая зональность территории БССР. Мн., 1972;

Geothermal Atlas of Europe. Gotha, 1991/92.

У.І.Зуй.

т. 5, с. 124

ГЕАТЭХНАЛО́ГІЯ (ад геа... + тэхналогія),

хімічныя, фіз.-хім., біяхім. і мікрабіял. метады здабычы карысных выкапняў на месцы іх залягання. Звязаны з выкарыстаннем буравых свідравін. Ажыццяўляюцца пад зямлёй без прысутнасці людзей.

Метадамі геатэхналогіі ператвараюць вугаль у гаручыя газы няпоўным спальваннем яго пад зямлёй (гл. Падземная газіфікацыя вугалю); здабываюць цвёрдыя карысныя выкапні іх гідрамех. разбурэннем і перамяшчэннем на паверхню здробненых часціц разам з вадой, што запампоўваецца ў радовішча; атрымліваюць серу расплаўленнем яе гарачай вадой або газіфікацыяй токамі высокай частаты; ажыццяўляюць тэрмічную здабычу нафты (нафтаносныя пласты награюць эл. токам, парай, гарачай вадой або спальваннем часткі нафты); здабываюць кухонную соль (па адной трубе ў свідравіну запампоўваюць ваду, па другой адпампоўваюць расол). Асобны від геатэхналогіі — бактэрыяльнае вышчалочванне, пры якім з дапамогай мікраарганізмаў вылучаюць з шматкампанентных злучэнняў пэўныя хім. элементы (пераважна медзі, урану). Метады геатэхналогіі выкарыстоўваюцца на радовішчах з невялікай колькасцю карысных выкапняў і рассеянымі элементамі.

т. 5, с. 124

ГЕАТЭХНІ́Я (ад геа... + грэч. techne мастацтва, майстэрства, уменне),

прыродазнаўча-тэхнічная дысцыпліна, якая распрацоўвае прынцыпы і метады рацыянальнага ўмяшання ў прыродныя працэсы для наладжвання аптымальнага ўзаемадзеяння паміж грамадствам і прыродай.

т. 5, с. 124