ГЕБ,
у егіпецкай міфалогіі бог зямлі. Уяўлялі яго чалавекам з каронай Ніжняга ці Верхняга Егіпта на галаве. Паводле міфа, Геб пасварыўся з жонкай Нут (небам) з-за таго, што тая штодзённа ела сваіх дзяцей — нябесныя свяцілы, а пасля зноў нараджала іх. Бог паветра Шу раз’яднаў мужа і жонку, Геба ён пакінуў унізе, а Нут узняў уверх.
т. 5, с. 128
ГЕ́БА, Гебея,
у грэчаскай міфалогіі багіня юнацтва, дачка Зеўса і Геры, сястра Арэса. На Алімпе ў палацы Зеўса на баляваннях багоў выконвала абавязкі віначэрпа (пазней яны перайшлі на Ганімеда). Пасля абагаўлення Геракла Геба стала яго жонкай. Вяселле Гебы і Геракла — часты сюжэт у ант. паэзіі (Сапфо, Піндар, Авідзій), выяўл. мастацтве (рэльефы, творы вазапісу, скульптуры А.Кановы, Б.Торвальдсена), у музыцы (оперы Р.Кайзера, К.В.Глюка) і інш. У рым. міфалогіі Гебе адпавядае Ювента.
т. 5, с. 128
ГЕ́БЕЛЕЎ (Міхаіл) (Міхель) Лейбавіч (падп. мянушкі Бясстрашны Герман, Іваноў, Русінаў, Фадзееў; 1905, в. Вузляны Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — вер. 1942),
удзельнік Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. Вучыўся ў Рэспубліканскай школе прапагандыстаў пры ЦК КП(б)Б (1938—39). У 1920-я г. працаваў сталяром, потым на парт. рабоце. З ліп. 1941 вязень Мінскага гета. З кастр. 1941 чл. кіруючага цэнтра падп. парт. арг-цыі гета, з ліст. 1941 упаўнаважаны па гета Мінскага падп. гаркома КП(б)Б, з мая 1942 сакратар Тэльманаўскага падп. райкома КП(б)Б (дзейнічаў у гета). Адзін з арганізатараў першай падп. друкарні гаркома, наладжваў прыём і распаўсюджванне зводак Саўінфармбюро, кіраваў вывадам вязняў гета ў партыз. атрады. У ліп. 1942 арыштаваны і павешаны ў мінскай турме.
Літ.:
Доморад К.И. Партийное подполье и партизанское движение в Минской области, 1941—1944. Мн., 1992;
Купрэева Г. Мінскае гета: Схаваная праўда // Бел. мінуўшчына. 1993. № 2—4;
Мінскае антыфашысцкае падполле. Мн., 1995.
Ф.Я.Ліпскі.
т. 5, с. 128
ГЕ́БЕЛЬ ((Goebel) Карл) (8.3.1855, г. Білігайм, Германія — 9.10.1932),
нямецкі батанік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1926); чл. Баварскай АН (з 1930 прэзідэнт). Замежны чл.-кар. АН СССР (1924). Скончыў Страсбурскі ун-т (1877). З 1881 працаваў у ім, з 1883 у Ростакскім, з 1887 у Марбургскім ун-тах, у 1891—1931 праф. Мюнхенскага ун-та, арганізаваў пры ім Бат. сад. У падарожжах па краінах Азіі, Амерыкі, Аўстраліі сабраў матэрыял па бат. геаграфіі, параўнальнай эмбрыялогіі вышэйшых раслін. Прадстаўнік арганаграфічнага кірунку ў марфалогіі раслін. Навук. працы па параўнальнай марфалогіі, фізіялогіі развіцця, вывучэнні ўзнікнення прыстасаванняў і заканамернасцей формаўтварэння ў раслін.
т. 5, с. 128
ГЕ́БЕЛЬ ((Hebbel) Крысціян Фрыдрых) (18.3.1813, Весельбурэн, зямля Шлезвіг-Гольштэйн, Германія — 13.12.1863),
нямецкі драматург, паэт і празаік. Вывучаў права, філасофію, л-ру ў Гайдэльбергскім і Мюнхенскім ун-тах (1836—39). У аснове яго драматургіі метафізічная канцэпцыя ўсеагульнай віны чалавека, які толькі пакутамі і ахвярнасцю, блізкімі да самазнішчэння, можа наблізіць выратаванне свету. Вядомасць Гебелю прынесла ўжо першая п’еса «Юдзіф» (1840). П’еса «Марыя Магдаліна» (1844) паклала пачатак сучаснай мяшчанскай трагедыі. Сярод лепшых яго твораў «Ірад і Марыямна» (1850), «Агнеса Бернаўэр» (1851), «Гіг і яго пярсцёнак» (1856), трылогія «Нібелунгі» (1862), дзе аўтар імкнуўся праз старажытнае і легендарнае спасцігнуць сучаснасць. Пісаў таксама вершы, навелы. Свае эстэт.-філас. погляды выклаў у працах «Маё слова пра драму» (1843), «Пра стыль драмы» (1847) і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1978.
Г.В.Сініла.
т. 5, с. 128
ГЕ́БЕЛЬС ((Goebbels) Паўль Іозеф) (29.10.1897, г. Райт, Германія — 1.5.1945),
палітычны і дзярж. дзеяч фаш. Германіі. Адзін з галоўных ням.-фаш. злачынцаў. Д-р філасофіі (1922). У 1917—21 вучыўся ў Бонскім, Мюнхенскім, Фрайбургскім і Гайдэльбергскім ун-тах. З 1925 чл. Нацыянал-сацыялістычнай партыі, з 1929 яе гал. прапагандыст. Дэп. рэйхстага (з 1928). Пасля прыходу да ўлады нацыстаў рэйхсміністр нар. асветы і прапаганды, кіраўнік Імперскай палаты культуры (1933—45); актыўна садзейнічаў усталяванню культу А.Гітлера, нацысцкага кантролю за сродкамі масавай інфармацыі і культ. жыццём краіны. У 1944 ген. ўпаўнаважаны па татальнай ваен. мабілізацыі. Пасля ўступлення сав. войск у Берлін скончыў самагубствам разам з жонкай, якая перад гэтым атруціла 6 сваіх дзяцей.
Літ.:
Черная Л.Б. Коричневые диктаторы: Гитлер, Геринг, Гиммлер, Геббельс, Борман, РиббенТроп. М., 1992. С. 215—278.
т. 5, с. 129
ГЕБРАІ́СТЫКА,
комплекс філал. дысцыплін, якія даследуюць іўрыт і тэксты на ім; раздзел семіталогіі. Да пач. 16 ст. аўтарамі гэтых даследаванняў былі выключна яўрэі, якія выкарыстоўвалі метады араб. граматыкаў. Лічаць, што гебраістыка вылучылася ў асобную дысцыпліну ў пач. 10 ст. Першыя лінгвістычныя творы, прысвечаныя мове іўрыт, — працы Саадзі Гаона «Збор слоў», «Кнігі аб мове», працы І.Д.Хаюджа (каля 950 — каля 1000). Гебраістыка інтэнсіўна развівалася ў канцы 10 — сярэдзіне 12 ст. Большасць твораў таго часу напісана ў Іспаніі на араб. мове. У іх завершана лексічнае і граматычнае апісанне іўрыту. У 12 ст. вывучэнне іўрыту выйшла за межы араб. свету. Кніга І.Райхліна «Элементы мовы іўрыт» (1506) — першая праца па гебраістыцы, напісаная хрысціянінам і адрасаваная хрысціянам. З 16 ст. гебраістыка стала часткай еўрап. культуры. Адным з цэнтраў даследаванняў па гебраістыцы была Галандыя. Першым на лац. мове трактат аб граматыцы іўрыту напісаў Б.Спіноза («Кароткі нарыс граматыкі мовы іўрыт», 1677). Буйнейшы прадстаўнік гебраістыкі 19 ст. — ням. даследчык Г.Ф.В.Гезеніус (1786—1842). Асаблівасць гебраістыкі 20 ст. — вызваленне яе ад уплыву тэалогіі і вяртанне да сваіх гуманістычных вытокаў. Асаблівую актуальнасць даследаванне розных этапаў развіцця іўрыту набыло ў сувязі з практычнымі задачамі адраджэння іўрыту як размоўнай і пісьмовай мовы ў навейшы час. Работа над поўным слоўнікам мовы іўрыт вялася з 1908 па 1959. Пачынаў яе Э.Бен-Іехуда, прадоўжылі А.Эвен-Шашан («Новы слоўнік», 1947—58), Я.Кнаані («Скарбонка мовы іўрыт», т. 1—15, 1960—80) і інш. У Расіі да 1917 гебраістыка развівалася пераважна на семіталагічным аддзяленні ф-та ўсх. моў Пецярбургскага ун-та, часткова ў духоўных акадэміях і семінарыях. У Маскве цэнтрам семіталогіі быў Лазараўскі ун-т усх. моў (з 1921 Маскоўскі ун-т усходазнаўства). Вял. ўклад у гебраістыку зрабіў вядомы ўсходазнавец, семітолаг, даследчык яўр. гісторыі і л-ры ўраджэнец г. Навагрудка А.Я.Гаркаві. У 1882 створана Рас. Палесцінскае т-ва, у публікацыях якога («палесцінскі зборнік») змешчаны каштоўныя работы па гебраістыцы. Пасля 1917 на кафедры семіталогіі Ленінградскага ун-та і ў Ін-це ўсходазнаўства акад. П.К.Какоўцаў заснаваў школу гебраістаў. У ліку яе буйнейшых прадстаўнікоў былі ўсходазнаўцы І.Д.Амусін (1910—84; ураджэнец Віцебска), І.Н.Віннікаў (1897—1973; ураджэнец г. Хоцімск), Г.М.Глускіна (н. 1922, ураджэнка г.п. Парычы, з 1990 жыве ў Ізраілі). У Беларусі значны ўклад у развіццё гебраістыкі зрабіў Г.М.Ліўшыц.
Літ.:
Амусин И.Д. Рукописи Мертвого моря. М., 1961;
Яго ж. Находки у Мертвого моря М., 1965;
Глускина Г. Иегуда Альха Альхаризи и его сборник макам «Тахкемони» // Ариэль: Журн. современного израильского искусства и лит. 1992. № 10;
Лившиц Г.М. Происхождение христианства в свете рукописей Мертвого моря. Мн., 1967.
Э.Р.Іофе.
т. 5, с. 129
ГЕБРЫ́ДСКІЯ АСТРАВЫ́, Гебрыды (Hebrides),
архіпелаг у Атлантычным ак., у складзе Брытанскіх а-воў; тэр. Вялікабрытаніі. Уключае каля 500 астравоў. Пл. 7,5 тыс. км². Выш. да 1009 м (г. Кулін-Хілс на в-ве Скай). Падзяляюцца Гебрыдскія астравы на Унутраныя і Знешнія пралівамі Норт-Мінч, Літл-Мінч і Гебрыдскім м. Да Унутраных Гебрыдскіх астравоў адносяцца а-вы: Скай, Мал, Айлей, Джура, Рам і інш. Пераважае моцна расчлянёны нізкагорны рэльеф (200—600 м). На Знешніх Гебрыдскіх астравах — Льюіс, Норт-Уіст, Саўт-Уіст, Бара і інш. — пашыраны цокальныя нізіны (100—150 м), складзеныя з гнейсаў. Лававыя палі, шматлікія сляды зледзяненняў (трогі, кары). Клімат марскі вільготны. Т-ры студз. -6 °C, ліп. 12—14 °C; ападкаў 1000—2000 мм за год. Лугі, месцамі аголеныя схілы, верасовыя зараснікі, тарфянікі. Рыбалоўства. Авечкагадоўля. Вытв-сць шарсцяных тканін. Турызм.
т. 5, с. 129
ГЕВА́НДХАЎЗ (ням. Gewandhaus літар. дом адзення),
назва канцэртнага т-ва, залы і сімф. аркестра ў Лейпцыгу. Гісторыя канцэртаў Гевандхаўза пачалася ў 1743 з зараджэннем традыцыі т.зв. «Вялікіх канцэртаў», якія праводзіў аматарскі аркестр. З 1781 ён выступаў у Гевандхаўзе — б. будынку для продажу сукнаў. Першым канцэртам кіраваў І.А.Гілер. У 1884 на месцы старога пастаўлены новы будынак канцэртнай залы (т.зв. Новы Гевандхаўз; разбураны ў 2-ю сусв. вайну 1939—45). Сучасны будынак Гевандхаўза мае 2 залы — для аркестравай і камернай музыкі. У зале Гевандхаўза ў 1789 даў канцэрт В.А.Моцарт. Аркестр Гевандхаўза суправаджаў спектаклі лейпцыгскай і інш. оперных труп. Дасягнуў росквіту пры Ф.Мендэльсоне (1835—47). З ім выступалі І.Брамс, Р.Вагнер, Э.Грыг, Р.Штраус, П.Чайкоўскі, Клара Шуман. Сусв. прызнанне атрымаў пад кіраўніцтвам А.Нікіша (1895—1922), які павялічыў склад аркестра (больш за 100 чал.) і ўзбагаціў яго рэпертуар. Аркестрам кіравалі таксама В.Фуртвенглер (1922—28), Б.Вальтэр (1929—33), Г.Абендрот (1934—45), Ф.Канвічны (1949—62), К.Мазур (з 1970) і інш. У канцэртах Гевандхаўза ўдзельнічаюць хары Гевандхаўза і Томаскірхе.
т. 5, с. 129
ГЕВА́РА ДЭ ЛА СЕ́РНА ((Geuvara de la Serna) Эрнеста [вядомы і як Чэ) (Ché); 14.6.1928, г. Расарыо, Аргенціна — 8.10.1967], лацінаамерыканскі рэвалюцыянер, дзярж. і паліт. дзеяч Кубы. Урач. У 1954 удзельнічаў у рэв. барацьбе ў Гватэмале. У 1955 у Мексіцы ўвайшоў у групу Ф.Кастра Руса, у складзе якой высадзіўся на Кубу (снеж. 1956). Адзін з кіраўнікоў Кубінскай рэвалюцыі 1959. Прэзідэнт Нац. банка Кубы (1959—61),
міністр нац. прам-сці (1961—65). Адзін з кіраўнікоў «Руху 26 ліпеня», пасля чл. Нац. кіраўніцтва Аб’яднаных рэв. арг-цый Кубы. Прыхільнік тэорыі экспарту рэвалюцыі. У 1965 пакінуў Кубу і кіраваў у 1966—67 партыз. атрадам у Балівіі, трапіў у палон, забіты. Аўтар прац пра Кубінскую рэвалюцыю 1959.
т. 5, с. 129