Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГВАЮ́ЛА, гуаюла (Parthenium argentatum),

каўчуканосная расліна сям. складанакветных. Пашырана ў пустынях паўн. ч. Мексіканскага нагор’я (да 2000 м над узр. мора), а таксама на Пд ЗША (штат Тэхас). Раней культывавалася ў ЗША, Мексіцы, Іспаніі, Алжыры, Марока, Закаўказзі і ў Сярэдняй Азіі. На Беларусі не вырошчваецца.

Вечназялёны моцна разгалінаваны паўкуст выш. да 1 м, з доўгім разгалінаваным стрыжнёвым коранем. Лісце ланцэтнае або лапатчатае, выемчастае або перыстараздзельнае. Кветкі ў дробных кошыках на доўгіх кветаносах. Лісце, кветаносы і аднагадовыя галіны ўкрыты кароткімі густымі серабрыстымі валаскамі. Каўчук маюць у каранях і галінках.

т. 5, с. 103

ГВАЯКО́Л, 2-метаксіфенол,

арганічнае злучэнне, вытворнае фенолу, CH3OC6H4OH. Бясколерныя крышталі са своеасаблівым моцным пахам, цямнеюць у паветры і на святле, tпл 28,5 °C, шчыльн. 1128,7 кг/м³ (21,4 °C). Выкарыстоўваюць у вытв-сці пахучых рэчываў (напр., ваніліну, эўгенолу, санталідолу), лек. сродкаў (напр., фтывазіду, папаверыну). Выклікае анастэзію скуры, экзему, раздражняе дыхальныя шляхі і вочы, ГДК 20 мг/м³.

т. 5, с. 103

ГВЕ́ЗДАСЛАЎ (Hviezdoslav) Павал [сапр. Орсаг

(Országh); 2.2.1849, Вышні Кубін, Славакія — 8.11.1921], славацкі паэт. Рэфарматар славацкай мовы і стылістыкі. Дэбютаваў нізкай вершаў «Паэтычныя першынцы» (1868). Аўтар цыклаў «Сны маладосці» (1877),

«Санеты» (1882—86), «Псалмы і гімны» (1882—92), «Парасткі» (1885—93), «Праходкі вясною» і «Праходкі летам» (абодва 1898), «Скрухі» (1900—15), «Водгулле» (1909—19), «Крывавыя санеты» (1914); эпічных паэм «Леснікова жонка» (1886), «Эжа Влкалінскі» (1890), «Габар Влкалінскі» (1897—99); філас.-этычных твораў на біблейскія сюжэты (паэмы «Рахіль», 1892; «Каін» і «Сон Саламона», абедзве 1900; трагедыя «Ірад і Ірадыяда», 1909, і інш.). Перакладаў творы У.Шэкспіра, А.Пушкіна, М.Лермантава, М.Міцкевіча, Ш.Пецёфі, І.В.Гётэ і інш.

Тв.:

Spisy. Sv. 1—12. Martin;

Bratislava, 1951—57;

Бел. пер. — З «Крывавых санетаў» // Славацкая паэзія. Мн., 1990;

Рус. пер. — Стихи. М., 1961.

І.А.Чарота.

т. 5, с. 103

ГВЕ́ЛЬФЫ І ГІБЕЛІ́НЫ,

саперніцкія паліт. групоўкі ў італьян. гарадах у 12—15 ст. Склаліся ва ўмовах барацьбы за панаванне ў Італіі паміж «Свяшчэннай Рым. імперыяй» і папствам. Гвельфы (італьян. Guelfi — скажонае імя герм. герцагскай дынастыі Вельфаў, ворагаў імператараў у Германіі), якія падтрымлівалі рым. пап, у асноўным выражалі інтарэсы папаланаў (мелі найб. моцныя пазіцыі ў г. Фларэнцыя). Гібеліны (італьян. Ghibellini — назва аднаго з замкаў Штаўфенаў у Германіі—Вайблінген) аб’ядноўвалі прыхільнікаў імператара, выражалі пераважна інтарэсы нобіляў (феадалаў) і мелі падтрымку ў гарадах Піза, Лука і інш. У ходзе барацьбы нярэдка папаланы пераходзілі ў лагер гібелінаў, нобілі — гвельфаў. З 14 ст. ў Фларэнцыі і шэрагу інш. гарадоў гвельфы падзяліліся на чорных («партыя» нобіляў) і белых («партыя» багатых гараджан). Аслабленне паліт. ролі імперыі і папства паспрыяла затуханню барацьбы паміж гэтымі групоўкамі.

т. 5, с. 103

ГВЕРЧЫ́НА, Гуэрчына

[Guercino; сапр. Барб’еры (Barbieri) Джавані Франчэска; хрышчаны 8.12.1591, г. Чэнта, Італія — 22.12.1666],

італьянскі жывапісец балонскай школы жывапісу. Вучыўся ў г. Чэнта. Зазнаў уплыў Л.Карачы, М.Караваджа, венецыянскіх мастакоў, Г.Рэні. У сваіх творах спалучаў характэрныя для караваджызму жыццёвасць з драматычнай эмацыянальнасцю вобразаў, кантрасты святлаценю з кампазіцыйнай дынамікай, пышным дэкаратывізмам з барочнымі і ілюзійнымі эфектамі (фрэскі ў казіно вілы Лудавізі ў Рыме, 1621; «Пахаванне св. Петранілы», 1621; «Узнясенне мадонны», 1623, «Іакаў атрымлівае адзенне Іосіфа», каля 1625, і інш.). З канца 1620-х г. стаў на шлях акадэмізму.

Літ.:

Grimaldi N. Guercino. Bologna, 1968.

т. 5, с. 103

ГВІ́ДА д’АРЭ́ЦА, Гвіда Арэцінскі (Guido d’Arezzo; каля 992, г. Арэца, Італія — 17.5.1050?),

італьянскі муз. тэарэтык; адзін з рэфарматараў у галіне муз. практыкі сярэдневякоўя. Адукацыю атрымаў у манастыры Пампоза (каля г. Ферара). Каля 1025 стаў манахам бенедыкцінскага манастыра ў г. Арэца (вобл. Таскана), кіраваў дзіцячым хорам кафедральнай школы. Увёў у карыстанне 4-лінейны нотны стан, чым заклаў асновы сучаснай натацыі. Тэарэтычна абгрунтаваў сістэму гексахорда (6-ступенны дыятанічны гукарад) — аснову сальмізацыі, што палегчыла спевакам дакладнае выкананне нотнага запісу. З 1952 у г. Арэца праводзяць Міжнар. конкурс хар. калектываў імя Г. д’А. («Паліфоніка»).

т. 5, с. 103

ГВІЗО́ЦЫЯ,

род раслін, гл. Нуг.

т. 5, с. 103

ГВІНДЖЫ́ЛІЯ (Джансуг Мікалаевіч) (н. 14.10.1940, в. Дымі Багдадскага р-на, Грузія),

грузінскі пісьменнік, крытык, публіцыст. Скончыў Кутаіскі пед. Ін-т (1964). Аўтар літ.-публіцыстычных зб-каў «Пачуццё меры ў сучаснай крытычнай думцы» (1979), «Асоба Георгія Саакадзе» (1980), «Паэтычная энергія» (1983), «Душа-стваральніца» (1985), «Рэальнае жыццё грузіна» (1992, Дзярж. прэмія Грузіі 1993), «Краіна — доля Багародзіцы» (1997), у якіх адлюстраваны актуальныя праблемы сучаснай груз. л-ры, праблемы адраджэння і сцвярджэння нац. самасвядомасці груз. народа.

Д.Мчэдлуры.

т. 5, с. 103

ГВІНЕ́ЙСКАГА ЗАЛІ́ВА НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

размешчаны ў Зах. Афрыцы, займае акваторыю Гвінейскага зал., раён дэльты р. Нігер у Нігерыі і Камеруне, узбярэжжа Кот-д’Івуар, Ганы, Тога і Беніна. Пл. 230 тыс. км². Здабыча нафты з 1957 на сушы і з 1965 на шэльфе. Асн. нафтагазаносныя гарызонты прымеркаваны да апт-сенаманскіх і палеаген-міяцэнавых адкладаў. Пачатковыя запасы нафты 3550 млн. т і 1380 млрд. м³ газу (1982). Глыб. залягання прадукцыйных пластоў ад 1200—2000 м на сушы да 2500—3000 м на шэльфе. Каля 300 радовішчаў нафты і газу; галоўныя — Бому, Іма-Рывер, Окан, Мерэн (Нігерыя), Эмерод (Койга), Малонга (Ангола).

т. 5, с. 103

ГВІНЕ́ЙСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

цёплае паверхневае цячэнне Атлантычнага ак., якое праходзіць з З на У у паўн. ч. Гвінейскага заліва. Т-ра вады 23—28 °C. Скорасць зімой 0,4—2,7 км/гадз, летам павялічваецца і Гвінейскае цячэнне становіцца ўсх. працягам Міжпасатнага (Экватарыяльнага) супрацьцячэння, зімой — галіной Канарскага цячэння.

т. 5, с. 103